Дзецям — аб вайне

Як расказаць нашым дзецям аб Вялікай Айчыннай вайне? Што паказаць, якія знайсці словы, каб расказаць у поўнай меры пра пакуты людзей, што перажылі той час? Як данесці сутнасць таго, што адбывалася, выклікаць у маленькай душы пачуццё гордасці, спагады, шанавання, патрыятызму?

Напярэдадні святкавання Дня Перамогі мы палічылі неабходным асвятліць для дзяцей подзвіг воінаў, якія абаранялі Лудчыцкую вышыню ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падрыхтавалі адукацыйны праект “Дык няхай жа каля несмяротнага кургана гучыць песня Славы вешчага Баяна”, які прайшоў адборачны этап раённага фестывалю адукацыйных праектаў для педагагічных работнікаў, і атрымалі магчымасць паў­дзельнічаць у абласным этапе фестывалю.

У рамках рэалізацыі праекта прайшла экскурсія для дзяцей старшай групы ў школьны музей баявой славы. Яго экспазіцыя прысвечана 169-й стралковай дывізіі, якая прымала ўдзел ва ўзяцці Лудчыцкай вышыні. У музеі сабраны экспанаты пра жыццё вёскі і раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Дашкольнікі з непадробнай цікавасцю разглядалі экспанаты і слухалі аповеды пра гісторыю іх з’яўлення ў музеі. У цэнтры экспазіцыі — макет панарамы бою на Лудчыцкай вышыні, які вельмі наглядна паказвае ваенныя будні салдат. Акопы, бліндажы, танкі, салдаты…

А колькі эмоцый выклікалі фатаграфіі ваенных гадоў, якія беражліва захоўваюцца ў школьным музеі. Дзеці даведаліся пра воінаў, якія загінулі, абараняючы вёску Лудчыцы, пра Герояў Савецкага Саюза, якія ­ўдзельнічалі ў вызваленні Лудчыцкай вышыні. А салдацкія лісты? Менавіта такія трохвугольнікі, вестачкі з фронту складвалі ў ваенны час. Выхаванцы самі сканструявалі з паперы такія ж. А выхавальніца Людміла Валянцінаўна Задарожная, якая стала на час экскурсаводам, прачытала ўрывак з салдацкага ліста.

А яшчэ дашкольнікі ўважліва разглядалі карту бою за 556-ю вышыню, ордэны і медалі, альбом малюнкаў героя І.Д.Кісялёва, які загінуў пры вызваленні вёскі Лудчыцы. Слухалі творы, напісаныя героямі вышыні ў гады Вялікай Айчыннай вайны: М.Грышына “Пра што шумяць вятры ля 150-й вышыні”, В.Селівоненка “Ля несмяротнага кургана” і інш.

Пасля наведвання музея дзеці ўвасобілі свае ўражанні ў малюнку, аплікацыі, калажы. Вырабілі атрыбуты да сюжэтна-ролевых гульняў “Палявая пошта”, “Медсястра”. А яшчэ малышы з захапленнем рыхтавалі паштоўкі ў падарунак ветэранам да Дня Перамогі.

І гэта яшчэ не ўсё. Дашкольнікі ўнеслі сваю лепту ў падрыхтоўку да святкавання Дня Перамогі, паўдзельнічаўшы ў працоўным дэсанце “Чысты помнік”. Дзеці разам з дарослымі добраўпарадкавалі помнік воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Лудчыцы: ачысцілі тэрыторыю ад сухога лісця і галінак, падмялі дарожку, сабралі смецце. Дзякуючы дружнай і зладжанай працы, на тэрыторыі помніка быў наведзены парадак.

Мы ўпэўнены, што рэалізацыя праекта дазволіла прыцягнуць дзяцей і бацькоў да азнаямлення з памятнымі мясцінамі аграгарадка Лудчыцы. Падвесці да разумення таго, што трэба захоўваць памяць аб людзях, якія аддалі жыццё за сваю Радзіму.

Наталля АВАНЭСАВА,
Людміла ЗАДАРОЖНАЯ,
выхавальнікі старшай дашкольнай групы Лудчыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.
Фота аўтараў.