Дзень свойскіх жывёл

Штогод ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень свойскіх жывёл. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу грамадства да праблем аховы нашых меншых сяброў. У яслях-­садзе № 8 Полацка дарослыя і дзеці з вялікім энтузіязмам падключыліся да ідэі незвычайна адзначыць свята.

Мэта нашага праекта — развіваць сацыяльна-маральную пазіцыю дзіцяці шляхам фарміравання адказнага стаўлення да хатніх гадаванцаў. Задачы: выклікаць у дзяцей жаданне далучыцца да абмеркавання праблемы павелічэння колькасці бяздомных жывёл у горадзе і пошуку шляхоў яе вырашэння; выхоўваць спачуванне, дабрыню, спагадлівасць да бяздомных жывёл; фарміраваць адказнае стаўленне да свойскіх жывёл, развіваць творчыя здольнасці.

Спачатку дзеці старшай групы вырабілі лістоўкі “Усім патрэбен дом!” з заклікам дапамагчы бяздомным жывёлам, размясцілі іх ва ўсіх узроставых групах. Таксама была арганізавана выстава дзіцячых работ “Мой улюбёнец”. Яшчэ выхаванцы склалі энцыклапедыю “Свойскія жывёлы”, дзе прадставілі інфармацыю аб іх розных відах і пародах, знешнім выглядзе, характары, харчаванні, правілах утрымання. А якія цікавыя апавяданні склалі нашы дзеці! У кожным з іх гучала любоў, добрае стаўленне і клопат пра жывёл. 

Мы прагледзелі мультфільм паводле казкі Р.Кіплінга “Кот, які гуляе сам па сабе”, прынялі ўдзел у сюжэтна-ролевых гульнях “Ветлякарня”, “Салон прыгажосці для сабак”, а таксама ў анлайн-акцыі “Мой улюбёнец” у сацыяльных сетках. Нашы выхаванцы з вялікім задавальненнем раздавалі дарослым і дзецям календары з заклікам далучыцца да гэтага добрага і важнага свята. Праект завяршыўся акцыяй “Дарога дабра” па зборы корму і цёплых рэчаў для насельнікаў прытулку “Права на жыццё”. 

Спадзяёмся, што нашы выхаванцы вырастуць адказнымі людзьмі і кожны дзень, кожную секунду будуць памя­таць словы рудога Ліса, які сказаў аднойчы Маленькаму прынцу: “…не забывай, ты заўсёды ў адказе за тых, каго прыручыў”.

Наталля ВІЦЮК,
выхавальнік ясляў-сада № 8 Полацка.