Дыстанцыйны “АРТ”

Ні для каго не сакрэт, што на час складанай эпідэмічнай сітуацыі ў Беларусі многія навучальныя ўстановы перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. Педагогам прыйшлося перабудаваць сваю вучэбную праграму пад анлайн-фармат. Хтосьці стаў карыстацца анлайн-парталамі, на якіх можна весці вучэбны працэс, не адыходзячы ад камп’ютара, хтосьці стварыў свой YouTube-канал, нехта праводзіў заняткі ў фармаце відэаканферэнцыі Zооm.

Т.І.Лук’янчык, Н.А.Етка, А.В.Мі­х­­на­вец і А.І.Губар.

Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ” Мінска таксама не адстаў у гэтым плане. Выкладчыкі адразу ж сталі прывыкаць да дыстанцыйнага спосабу выкладання, а выхаванцы ў момант падстроіліся пад новы фармат.

Варта заўважыць, што ў “АРТа” асноўным лічыўся праект другаснай занятасці дзяцей і падлеткаў, пра які ўжо пісала наша газета. Аднак з красавіка 2020 года праект другаснай занятасці прыпынены, таму што цэнтр стараецца выконваць усе меры засцярогі ў наш няпросты час. Праўда, ёсць і выдатная навіна.

— У найбліжэйшыя тыдні плануем аднавіць работу нашага праекта, бо паступае вельмі шмат званкоў ад дзяцей і бацькоў, ды і самі педагогі ўжо засумавалі па сваёй працы, па дзетках. Аднак хочацца сказаць, што на дадзены момант наш цэнтр нікога з навучэнцаў не страціў, — упэўнена адзначае Алена Іванаўна Губар, загадчыца метадычнага аддзела Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ”.

Дыстанцыйную работу са сваімі выхаванцамі наладзілі адны з лепшых педагогаў “АРТа”. Так, Аляксандра Вячаславаўна Міхнавец, педагог дадатковай адукацыі (лозапляценне), якая выкладае на базе 45-й школы Мінска, у сярэдзіне красавіка заўважыла, што дзяцей на занятках стала менш, таму вырашыла, што варта паспрабаваць перайсці на дыстанцыйнае навучанне.

Аляксандра Вячаславаўна шукала спосаб, як разумна і эфектыўна арганізаваць заняткі ў анлайн-фармаце. У канчатковым выніку яна выбрала Zооm і YouTube. Часам педагог праводзіла заняткі анлайн, здымаючы экран свайго графічнага планшэта, паказваючы дзецям, як маляваць, робячы карэкціроўкі і маючы з імі зносіны, а часам выкладвала (што і робіць да гэтага часу) відэа на свой YouTube-канал. Бацькі ўсё часцей дзякуюць педагогу, а дзеці — у поўным захапленні!

У сваю чаргу Настасся Альбертаўна Етка, педагог дадатковай адукацыі (роспіс па дрэве), якая таксама выкладае на базе сярэдняй школы № 45 Мінска, гаворыць пра тое, што роспіс па дрэве грунтуецца на стылізацыі, таму немагчыма не закрануць на занятках выяўленчае мастацтва. Настасся Альбертаўна сваім анлайн-вучням выкладае асновы выяўленчага мастацтва: малюнак, графіку, тэхнікі жывапісу, маляванне акварэльнымі фарбамі, аплікацыю. Яна таксама карыстаецца праграмамі Zооm і YouTube. Педагог адзначае, што зараз з’яўляецца шмат індывідуальнай работы, таму што хочацца больш часу прысвяціць кожнаму дзіцяці, паказаць, чаго менавіта можна дасягнуць у той ці іншай тэхніцы.

Як і яе калега, Настасся Альбертаўна часцей за ўсё звязваецца з бацькамі дзяцей па Viber і на базе гэтага дадатку будуе свае зносіны і ўрокі. Таксама бываюць сустрэчы ў Skype, аднак гэта не вельмі папулярны месенджар цяпер.

А восьТаццяна Ігараўна Лук’янчык, педагог дадатковай адукацыі (выяўленчае мастацтва), якая выкладае на базе 202-й школы Мінска, заў­важае, што ўся гісторыя з дыстанцыйным выкладаннем адбылася вельмі хутка, а ёй самой у самым пачатку прыйшлося навучацца нечаму новаму: як менавіта працаваць у такой атмасферы, што і як выкладаць дзецям і г.д.

— Многія раілі Zооm, аднак я адмовілася, — кажа Таццяна Ігараўна і дадае: — Бацькі сышліся на тым, што для такіх анлайн-урокаў трэба падбіраць пэўны час, калі і выкладчык, і дзіця, і бацькі будуць дома, каб своечасова зайсці ў дадатак. Таму я спыніла свой выбар на ўроках афлайн-фармату, якія запісвала кожны дзень і выкладвала ў YouTube. Падрыхтоўка да такога відэа ў мяне займае 6 гадзін, а доўжыцца яно ўсяго толькі 6—12 хвілін. Пры такой форме работы дзеці могуць у любы момант сесці, па­чаць маляваць разам са мной, паставіць відэа на паўзу, пераматаць, выключыць.

У асноўным дзеці малююць акварэллю і гуашшу, а таксама часам дапаўняюць свае малюнкі лінерамі. На чэрвень педагог прыдумала вельмі цікавы праект — “Арт-вандроўка”. Дзеці кожны дзень вывучалі новую для сябе краіну, адначасова замалёўваючы яе адметнасці, традыцыі і звычаі.

Калі казаць пра тое, як зручней выкладаць, то ўсе педагогі дружна заяўляюць пра тое, што сустрэчы асабістага фармату, вядома ж, нічым не заменіш, яны больш эфектыўныя, але і анлайн-урокі таксама карысныя.


Педагогі цэнтра “АРТ” таксама распрацавалі і запусцілі раённы дыстанцыйны гульнявы праект для выхаванцаў дзіцячых летніх азда­раўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем “Выходзь гуляць у двор …”

Так, 22 чэрвеня на тэрыторыі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ” Мінска прайшла пазнавальна-забаўляльная праграма “Вясёлыя замарочкі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі ў зборцы мяккіх пазлаў, гулялі ў крыжыкі-нулікі, даміно, разгадвалі крыжаванкі і проста весяліліся. Кожнае дзіця выяўляла спрыт і дэманстравала свае разумовыя здольнасці. 10 пераможцам уручылі класныя прызы.

24 чэрвеня на тэрыторыі цэнтра адбылася пазнавальна-забаўляльная праграма  “Дваровы дзвіж”. Было шмат гульняў, у якіх у якасці рэквізіту выкарыстоўваліся нават паветраныя шары. Па выніках праграмы было выяўлена 7 пераможцаў, якія атрымалі прызы, а таксама кожнае дзіця, якое ўдзельнічала ў мерапрыемстве, атрымала заахвочвальны прыз.

Профільны лагер  “Лідар” цэнтра  “АРТ” адкрыў сезон 2020 года на базе дзіцячага азда­раўленчага лагера “Палачанка”. Праграма летніка накіравана на рознабаковае развіццё асобы дзіцяці праз узаемадзеянне і сумесную творчасць. У лагеры ўсе сілы педагогаў накіраваны на рост асобы дзіцяці, на тое, каб яно атрымлівала навыкі сяброўскіх адносін з іншымі дзецьмі, а таксама вучылася жыць у гармоніі з сабой, з аднагодкамі, бацькамі і прыродай.

У першую змену ў  лагеры адпачылі 15 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных аб’яднанняў па інтарэсах. Практычна ўсе дзеці ў лагеры былі ўпершыню. Насычаная праграма адпачынку, забавы, зацікаўленасць педагогаў у развіцці выхаванцаў, прырода навокал — усё гэта зрабіла адпачынак дзяцей незабыўным, а таксама дапамагло ім набыць новых сяброў.

Такім чынам, выхаванцы цэнтра “АРТ” правядуць выдатнае, насычанае і напоўненае станоўчымі эмоцыямі лета ўдалечыні ад гарадской мітусні і атрымаюць шмат новых уражанняў.

Лізавета КАСТЭНКА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.