Духоўнае выхаванне вучняў творамі Васіля Быкава

У імкненні да матэрыяльнага багацця людзі ў сучасным грамадстве страчваюць такія спрадвечныя нацыянальныя і агульначалавечыя якасці, як дабрыня, чалавечнасць, сумленнасць, працавітасць і патрыятызм. Таму вельмі важным на ўроках беларускай літаратуры з’яўляецца выхаванне ў вучняў гэтых чалавечых якасцей.

“У другой палове ХХ стагоддзя ў Беларусі не было пісьменніка, які па ўплыве на духоўнае жыццё сучаснікаў мог бы зраўнавацца з В.Быкавым”, — пісаў вядомы беларускі літаратуразнаўца Д.Бугаёў. В.Быкава мы найперш успрымаем як пісьменніка, які звяртаўся ў сваіх творах да ваеннай тэмы. Сярод іх аповесць “Сотнікаў”, якая вывучаецца ў 11 класе. Аднак у ёй, як і ва ўсіх творах аўтара, паўстаюць і іншыя праблемы. Сярод іх — праблема маральнага выбару.
Згадаем змест твора. Партызаны Сотнікаў і Рыбак ідуць на заданне, уступаюць у перастрэлку з паліцаямі, трапляюць у палон. Рыбак становіцца здраднікам, Сотнікаў гіне. Важна ўбачыць, што пісьменнік не выказвае сваіх адносін да герояў твора, аддае гэтае права чытачам. І спачатку, як паказвае практыка, сімпатыі вучняў на баку фізічна моцнага, вясёлага, упэўненага ў сабе Рыбака. Сотнікаў жа слабы, хворы, нейкі “хлюпік”. І навошта толькі пайшоў на заданне? “Таму і не адмовіўся, што тыя адмовіліся”, — адказвае сам герой.
Паступова адносіны вучняў мяняюцца, бо Рыбак здраджвае, нават згаджаецца, каб уратаваць сваё жыццё, учыніць расправу над былым таварышам па службе Сотнікавым, які застаецца верным да канца свайму абавязку, сумленню і Радзіме. Важна, каб вучні зразумелі, чаму так адбываецца, убачылі, што ўсякую духоўнасць, маральнасць Рыбак адмаўляе. Духоўна мацнейшай за яго аказваецца яўрэйская дзяўчынка Бася, якую ратавалі беларусы, а яна не выдала паліцаям сваіх ратавальнікаў. І маці траіх дзяцей Дзёмчыха здолела за паўкрока ад памылкі спыніцца, пачуўшы словы старасты Пётры: “Пабойся Бога”. І стары Пётра, які стаў старастам па просьбе аднавяскоўцаў, застаўся да канца сумленным чалавекам. І хоць В.Быкаў не пазіцыянуе сябе праваслаўным, аднак, праўдзіва адлюстроўваючы нацыянальныя характары герояў, дае нам урокі духоўнасці.
Варта звярнуць увагу вучняў на паказальны эпізод у хаце старасты Пётры: “Вялікія яго (Пётры) парэпаныя рукі ляжалі на чорнай вокладцы кніжкі… Рыбак кіўнуў з неадабрэннем:
— Кніжачкі пачытваеш?
— А што ж, пачытаць нікому не шкодзіць.
— Савецкая ці нямецкая?
— Біблія.
— Цікава. Ану?.. Ніколі не бачыў Бібліі…
— Не лішне б і пачытаць, — прабурчэў стараста”.
Нездарма ў перадсмяротны час Пётра вытрымае ўсе выпрабаванні годна і да канца, дапаможа трымацца дзяўчынцы Басі і Дзёмчысе, нагадаўшы спрадвечную ісціну пра Божы суд.
Аповесць “Знак бяды”, якая таксама вывучаецца ў 11 класе, скіроўвае вучняў на асэнсаванне нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей. Галоўныя героі Пятрок і Сцепаніда ў жыцці кіруюцца этычнымі нормамі і прынцыпамі, актуальнымі і ў наш час: жыць з працы сваіх рук, не красці, не будаваць сваё шчасце на няшчасці іншых, не радавацца, калі побач нехта пакутуе, быць літасцівым да свайго ворага і інш. У аповесці мноства эпізодаў, якія пацвярджаюць пералічанае і якія неабходна прааналізаваць на ўроках. Адно толькі тое, як па-хрысціянску абыходзяцца з панам Яхімоўскім яго ранейшыя батракі, гаворыць пра высокую духоўнасць герояў твора, якая была ў іх крыві з нараджэння. Так паводзілі сябе іх бацькі і дзяды, бо ведалі: наведаць хворага, паспагадаць пакутніку, пахаваць нябожчыка — справы, за якія адпускаюцца грахі.
Аднак у жыцці нашых герояў усё так перавярнулася, што захаванне маральных законаў не ўратоўвае іх. Але амаль усе “знакі бяды” ў творы, якія суправаджаюць Петрака і Сцепаніду, так ці інакш звязаны са стратай духоўнасці. Так, дубовы крыж на ўзгорку, празваны вяскоўцамі Петраковай Галгофай, спілавалі камсамольцы. Пан Яхімоўскі, зямлю якога ім аддалі, павесіўся. А гэта вялікі грэх. Пятрок і Сцепаніда адчуваюць сябе ўдвая вінаватымі: хацелі пабудаваць шчасце на чужым няшчасці.
Сцепаніда ўступіла ў калгас, прысутнічала на сходзе, дзе прымалі рашэнні аб раскулачванні, хоць і была супраць. Пасля некаторыя раскулачаныя становяцца паліцаямі. Важна, каб вучні ўбачылі гэтую ўзаемасувязь і ўспрынялі яе як вечнае супрацьстаянне дабра і зла.
Варта спыніць увагу школьнікаў на такім важным пытанні: “Што з’яўляецца страшнейшым для герояў твора і наогул для народа — акупацыя ці разбурэнне духоўнасці?” Шукаючы адказ, вучні, думаецца, прыйдуць да высновы, што страшней разбурэнне духоўнасці, бо акупацыя — з’ява часовая, а разбурэнне духоўнасці — доўгі, цяжкі працэс, які можа знішчыць цэлы народ.
Аповесць “Аблава” не вывучаецца на ўроках літаратуры, але варта прапанаваць вучням азнаёміцца з гэтым творам самастойна. Галоўны герой Хведар Роўба ў час калектывізацыі трапіў у высылку ў далёкі Котлас, страціў там жонку і дачушку і, прайшоўшы праз страшэнныя выпрабаванні, уцёк з лагера і апынуўся ў родных мясцінах. У Хведара адзінае жаданне: апошні раз паглядзець на сваю сядзібу і памерці на гэтай зямлі. Але і гэтае права ў яго адабралі. Дома застаўся сын Мікола, якога не выслалі, бо ён выракся бацькі, а зараз менавіта ён узначальвае аблаву на яго.
Хведара непакоіць шмат пытанняў. Адно з іх: “Чаму яго сын стаў такім?” Вучні знойдуць адказ у творы: Мікола “палюбіў” камсамол, зняў абразы, чытаў часопіс “Бязбожнік”, адмовіўся ад бацькі і збіраўся нават прозвішча змяніць. Страшныя ў сваёй праўдзівасці апошнія думкі Хведара, загнанага аблавай у дрыгву: “Бедны Міколка: што ён перажывае цяпер?.. Можа, яму загадалі?.. І паслалі лавіць у лесе бацьку, якога ён выракся. Калі выракся, дык, мабыць, можна і лавіць. Але калі такое магчыма, тады як жа жыць? Можа, яму яшчэ загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам? І сын змушаны яго катаваць? Божа, нашто ты стварыў тады белы свет!”
“Адно з самых недаравальных злачынстваў сталіншчыны — ліквідацыя традыцыйнай хрысціянскай маралі, спрадвечнай сістэмы элементарных жыццёвых правіл, звычайна не надта паважанага, але нязменнага ў жыцці здаровага сэнсу. Некалі ім у поўным аб’ёме валодаў народ, цяпер жа не валодае ніхто. Страціўшы духоўную аснову, грамадства згубіла і нармальны здаровы сэнс, нічога не набыўшы замест… Грамадства ж без маралі наўрад ці здольна дасягнуць шмат…” — пісаў В.Быкаў у артыкуле “Назад ці наперад?”.
В.Быкаў сваімі творамі даводзіць чытачам, што самае страшнае для чалавека і для народа — гэта страта духоўнасці. “Безумоўна, у наш складаны, бязбожны час традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці застаюцца галоўным духоўным апірышчам нацыі”, — адзначаў пісьменнік. Таму вельмі важна ў сучаснай школе побач з навуковымі ведамі выхоўваць у вучняў лепшыя чалавечыя якасці. І асабліва значнай тут з’яўляецца работа настаўніка літаратуры і іншых гуманітарных прадметаў.

Ніна ТРЭГУБАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры,
намеснік дырэктара па вучэбнай
рабоце гімназіі Лунінца.