“Друзья, прекрасен наш союз…”

Што самае галоўнае для настаўніка? Добра ведаць свой прадмет? Умела выкарыстоўваць дыдактычныя і метадычныя напрацоўкі? Любіць дзяцей? А можа, дасведчана і эфектыўна кантактаваць? Што з пералічанага ў прафесіі педагога больш і менш важнае?

Многія настаўнікі добра ведаюць свой прадмет, валодаюць методыкай яго выкладання, любяць дзяцей, але не адчуваюць задавальнення ад работы. Часта даводзіцца чуць, што прычынай гэтай незадаволенасці з’яўляецца нізкі заробак. Цяжка не пагадзіцца. Але давайце ўявім, што сітуацыя кардынальна мяняецца і ўсе педагогі пачынаюць атрымліваць вялікія заробкі. Хіба знікнуць з матэрыяльнай праблемай іншыя? Ці можна гаварыць, што ў колькасці грошай, якія атрымлівае настаўнік, хаваецца сакрэт яго прафесійнага майстэрства?
Прафесія настаўніка адносіцца да тых, што патрабуюць пастаянна ўзаемадзейнічаць і мець зносіны з іншымі людзьмі. Чым больш эфектыўна педагог умее гэтае ўзаемадзеянне арганізаваць, тым большае задавальненне ён атрымлівае ад вынікаў і працэсу работы.
Адукацыйны працэс у школе ўяўляе сабой складаную сістэму педагагічнага ўзаемадзеяння. Педагагічная аксіёма сцвярджае: можна быць прафесарам у галіне свайго прадмета, але калі няма належных узаемаадносін паміж настаўнікам і вучнямі, то выніку не будзе. Пераход да асобасна арыентаванага навучання, заснаванага на павазе асобы дзіцяці, веданні яго асаблівасцей і пабудове навучання з улікам патрэб кожнага, вымагае змянення стылю ўзаемаадносін педагога з выхаванцамі.
Правільныя ўзаемаадносіны не менш важныя, чым правілы арганізацыі ўрока. Авалодаць правіламі ўзаемаадносін можна толькі ў практычнай дзейнасці. Для гэтага неабходна часцей аналізаваць свае ўчынкі і праводзіць самарэфлексію педагагічнай дзейнасці. Тады паступова будзе фарміравацца і развівацца тое, што ў педагогіцы называюць супрацоўніцтвам і актыўным тыпам узаемадзеяння, а ў псіхалогіі — саюзам.
Сёння ў прафесійную мову настаўніка трывала ўвайшлі такія паняцці, як педагогіка супрацоўніцтва, асобасна арыентаванае выхаванне, гуманны падыход і інш. Гуманістычнае выхаванне — гэта заўсёды партнёрства дзяцей і дарослых, актыўных, дзейнасных і дзеючых бакоў. Урок разглядаецца як сістэма дзейнасці настаўніка і вучняў і з’яўляецца асновай выхаваўчага працэсу і важным элементам адукацыйнага працэсу ў цэлым.
Можна вылучыць некалькі ўзроўняў педагагічнага ўзаемадзеяння. Першы — гэта ўзаемадзеянне чалавека з самім сабой. Менавіта на гэтым узроўні адбываюцца працэсы самапазнання, самапраектавання, самааналізу і самаацэнкі. Ад умення асобы ўзаемадзейнічаць з самой сабой залежыць канструктыўнасць яе адносін з іншымі людзьмі. Вось чаму вельмі важна развіць у дзяцей і дарослых веды і ўменні рэфлексіі і самарэфлексіі.
Другі ўзровень — гэта ўзаемадзеянне аднаго чалавека з іншым. Прычым іншы чалавек можа быць не толькі значнай асобай і раўнапраўным партнёрам, але і чалавекам, меркаванне якога не адыгрывае істотнай ролі. Калі чалавек навучыцца адносіцца да сябе як да іншага, то наступным крокам будзе разуменне і прыняцце іншага як сябе.
Трэці ўзровень — гэта ўзаемадзеянне асобы з пэўнай сістэмай. Чалавек, які знаходзіцца ў школе, уступае ў непасрэднае ўзаемадзеянне з цэлай сукупнасцю сацыяльных сістэм, важнейшай з якіх з’яўляецца агульнашкольны калектыў.
Такім чынам, педагагічнае ўзаемадзеянне — гэта сувязь суб’ектаў адукацыйнай дзейнасці, якая прыводзіць да колькасных і якасных змен у вучэбна-выхаваўчым працэсе і асобасных характарыстыках бакоў, што ўзаемадзейнічаюць.
Падчас прафесійнай дзейнасці педагога праяўляецца некалькі тыпаў узаемадзеяння: настаўнік — я, настаўнік — вучань, настаўнік — настаўнік, настаўнік — група вучняў, настаўнік — вучнёўскае самакіраванне і настаўнік — бацькі. Важна выбраць дзейсны стыль педагагічных зносін. На жаль, многія настаўнікі схільны да аўтарытарнага тыпу ўзаемадзеяння, калі падаўленне рэалізуецца з дапамогай тактыкі дыктату і апекі. Процідзеянне вучняў уладнаму ціску педагога найчасцей прыводзіць да ўзнікнення ўстойлівых канфліктных сітуацый.
Жадаючы пазбегнуць канфліктаў з вучнямі, некаторыя настаўнікі выбіраюць патуральніцкі тып узаемадзеяння. Педагогі імкнуцца мінімальна ўключацца ў дзейнасць, каб зняць з сябе адказнасць за яе вынік.
На жаль, настаўнікі рэдка імкнуцца да ўзаемадзеяння, заснаванага на супрацоўніцтве. І дарэмна. Такія адносіны павышаюць ролю вучня ў педагагічным узаемадзеянні, прыцягваюць кожнага ўдзельніка да вырашэння агульных спраў.
Праблема адносін “настаўнік — вучань” разглядаецца ў педагогіцы ў непарыўнай сувязі з калектыўнымі адносінамі. Настаўнік выступае асобай, упаўнаважанай грамадствам і непасрэдна педагагічным калектывам да выканання пэўных выхаваўчых функцый. У сваю чаргу дзіцячы калектыў можа вырашаць надзённыя пытанні праз сваіх прадстаўнікоў у розных органах самакіравання. Удасканаленне адносін “настаўнік — вучань” ідзе па лініі ўдасканалення калектыўных адносін, сістэмы вучнёўскага самакіравання і функцый педагагічнага калектыву праз удасканаленне метадаў навучання і выхавання.
Паколькі і педагог, і вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, немэтазгодна разглядаць яго толькі з пазіцыі вучэбнага і выхаваўчага ўздзеяння настаўніка на дзяцей. Вучні таксама валодаюць рэсурсамі для ўздзеяння на педагога.
Калі настаўнік хоча быць сапраўдным прафесіяналам, які заўсёды дабіваецца добрых вынікаў, ён павінен памятаць правілы дыялагічнага ўзаемадзеяння з калегамі, вучнямі і іх бацькамі. Па-першае, каб быць паспяховым у зносінах, трэба далучыцца да суразмоўніка. Так, гутарку з бацькамі вучня мэтазгодна пачаць не з высвятлення сітуацыі, а з пошуку агульных пунктаў судакранання.
Калі сказаць, што “ваша дзіця малайчына ў матэматыцы, а вось адзнакі па фізіцы мяне непакояць”, можна атрымаць саюзніка і саўдзельніка педагагічнага працэсу. А калі ў пачатку гутаркі сказаць бацькам, што настаўнік з’яўляецца прафесіяналам і яны павінны выконваць яго рэкамендацыі, можна атрымаць канфлікт.
Па-другое, педагога хутчэй зразумеюць і пачуюць, калі ён загаворыць на мове таго чалавека, ад якога збіраецца атрымаць неабходны вынік. Нельга забываць простае правіла: настаўнік павінен ісці ў клас, будучы гатовым сказаць “паглядзіце, паслухайце, адчуйце” і даць вучням такія заданні, якія дазволілі б адным паглядзець, другім паслухаць, а трэцім, пасля выканання задання сваімі рукамі, адчуць тую інфармацыю, якая ў ім хаваецца.
Па-трэцяе, падчас зносін нельга навязваць суразмоўніку свае інтарэсы. Падстройваючыся пад чужыя, варта гаварыць пра тое, што цікава вам. Неабходна навучыцца ўважліва слухаць сябе і свайго партнёра падчас гутаркі і своечасова задаваць пытанні, якія ўдакладняюць сэнс сказанага.

Жанна ВАРОНІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Іванава.