Другія ў свеце

На Сусветнай алімпіядзе робатаў World Robot Olympiad (WRO­-2021) беларуская каманда White_Storks упершыню ў гісторыі заваявала сярэбраныя медалі. У сваёй катэгорыі мінскія школьнікі — навучэнец 10 класа гімназіі № 38 Аляксей Журавель і дзесяцікласнік гімназіі № 37 Максім Раманоўскі — абышлі 14 каманд.

Сёлета ў Сусветнай алімпіядзе робатаў, якая прахо­дзіла анлайн, прынялі ўдзел больш за 200 каманд — школьнікі і студэнты ад 6 да 25 гадоў з 62 краін свету. Удзел у гэтых спаборніцтвах развівае ў дзяцей навык карыстацца сучаснымі мовамі праграмавання, сістэмай распазнавання камп’ютарнага зроку, правіламі дакументавання кода. Дарэчы, беларусы на сусветнай алімпія­дзе зарэкамендавалі сябе даўно: з 2014 года нашы каманды ўвахо­дзяць у дваццатку наймацнейшых.

Спаборніцтвы прайшлі ў 7 катэгорыях. Беларусы былі заяўлены ў дзвюх з іх. Сярэбраныя прызёры Аляксей Журавель і Максім Раманоўскі спаборнічалі ў катэгорыі “Інжынеры будучыні”. Навучэнцы распрацавалі прататып аўтаномнага транспартнага сродку. Робат ездзіў па полі, аб’язджаў “пешаходаў”: па заданні арганізатараў чырвоныя кубікі трэба было абыходзіць справа, зялёныя — злева. Задума была ў тым, каб у будучыні інжынеры стварылі аўтамабіль-беспілотнік, які б сам аб’язджаў любыя пера­шкоды і выключаў магчымыя аварыі на шляху. 

Другая каманда беларусаў, якую прадстаўлялі васьмікласнік гімназіі № 38 Мінска Глеб Давідовіч і навучэнец Ліцэя БДУ Ула­дзіслаў Голік, распрацавала на сусветнай алімпіядзе прататып беспілотнага аўтамабіля. Хлопцам патрэбна было размяс­ціць аўтамабілі на аўтаматычнай паркоўцы, прыбраць няправільна прыпаркаваныя машыны, зара­дзіць батарэі электрамабіляў і развесці новыя машыны, якія сталі ў чаргу. Робат павінен быў дзейнічаць цалкам аўтаномна і самастойна прымаць рашэнні зыходзячы з фактычнага размяшчэння аб’ектаў на спаборніцкім палігоне. На ўсё хлопцам давалася 2 мінуты. Ад малазійцаў, якія занялі 1-е месца, беларуская каманда адстала толькі на 29 секунд. У выніку навучэнцы сталі 14-мі з 47 каманд.

Трэнерамі нацыянальнай каманды з’яўляюцца Аляксей Голік і Максім Паўлючэнка. Па іх меркаванні, выступленне нашых навучэнцаў можна лічыць поспехам для беларускай робата­тэхнікі. Рашыць задачы, аб існаванні якіх ты даведаўся толькі раніцай, за некалькі гадзін без дапамогі трэнера — такі вынік пад сілу толькі сапраўдным прафесіяналам. Навучэнцам для гэтага трэба вірту­озна разбірацца ў “жалезе” і кодзе робата, ведаць тэорыю аўтаматычнага кіравання і валодаць алгарытмікай на высокім узроўні. Гэтая алімпіяда стала своеасаблівым завяршэннем гадавога этапу падрыхтоўкі. Навучэнцы сур’ёзна рыхтаваліся, прымалі ўдзел у розных адборах унутры краіны, каб у выніку трапіць у сусветны фінал. Але расслабляцца нельга, бо канкурэнцыя ў свеце вельмі высокая. Штогод у лідарах каманды Тайваня, Кітая, Японіі і Расіі. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.