Домікі для крылатых сяброў

Не першы год вучні Маларыцкай раённай гімназіі разам з Брэсцкім абласным аддзяленнем ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” вырабляюць штучныя гняздоўі для розных птушак. Гэтая работа адыгрывае важную ролю ў экалагічным выхаванні, абуджае цікавасць да пазнання прыроды, вучыць беражлівым адносінам да яе, пашырае кругагляд.

Сёлета сямікласнікі майструюць сінічнікі для белых сініц, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Займаюцца яны гэтым на ўроках тэхнічнай працы і ў пазаўрочны час пад кіраўніцтвам настаўніка Леаніда Лук’янчука. Асаблівую стараннасць праяўляюць Данііл Пятручык, Ілья Мірчук, Уладзіслаў Раманюк і Мацвей Пішчык. Плануецца, што гімназісты вырабяць 30 штучных гняздоўяў. У такіх птушыных доміках можа пасяліцца не толькі белая сініца, але і сіняя сініца, сініца-маскоўка, пярэстая валасяніца, вялікая сініца, рудахвостка звычайная, дамавы ці палявы верабей.

— Вырабленыя сінічнікі будуць размешчаны не толькі на тэрыторыі Маларыцкага раёна, але і ў іншых рэгіёнах Брэстчыны, — гаворыць член савета Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Дзяніс Піпко. — Спачатку іх пафарбуем, а затым развесім у лясных масівах, поймах рэк і азёр з улікам біялагічнага гнездавання белых сініц. Спадзяюся, штучныя домікі прыйдуцца даспадобы крылатым навасёлам.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.