Добрыя справы з ЭЛАПам

“Ура! Летнія канікулы!” — радуюцца дзеці, а бацькі заклапочаны пытаннем: як правільна арганізаваць адпачынак дзіцяці, як гарантаваць бяспечны і карысны вольны час? Прышкольны лагер з дзённым знаходжаннем — выдатны варыянт арганізаванага дзіцячага адпачынку, запатрабаваны дзецьмі і бацькамі. Тры тыдні здароўя, спартыўных забаў, весялосці, гульняў на свежым паветры, зносін, цікавых спраў пад кіраўніцтвам вопытных і, што немалаважна, знаёмых па школе педагогаў — вось што прыцягвае сёння нашых навучэнцаў і робіць такую форму аздараўлення на канікулах папулярнай.

Ужо на працягу чатырох гадоў у сярэдняй школе № 1 Ашмян (Гродзенская вобласць) рэалізоўваецца праект “ЭЛАП — экалагічны лагер асобага прызначэння”, распрацаваны намеснікам начальніка лагера Вольгай Уладзіміраўнай Саванец. Кожнае лета вызначаецца прыярытэтны кірунак работы лагера. Некалькі гадоў назад ключавой ідэяй стала актыўная экалагічная і прыродаахоўная дзейнасць: дзеці і педагогі арганізоўвалі практычныя акцыі па ўборцы тэрыторыі, добраўпарадкаванні зон адпачынку, вялі агітацыйную работу сярод мясцовых жыхароў.
Наступнай тэмай праекта стаў “Свет колераў ЭЛАПа”: акрамя адпачынку і забаў, ён прадугледжвае добраўпарадкаванне тэрыторыі лагера і горада. Наша школа вядома далёка за межамі рэгіёна дагледжанай тэрыторыяй, мноствам кветак, зеляніны. Дзеці вырашылі, што прыйшоў час падзяліцца прыгажосцю з іншымі і высадзілі кветкі на тэрыторыі найбліжэйшых устаноў і прадпрыемстваў горада. А на занятках аб’яднанняў па інтарэсах дзеці з задавальненнем асвойвалі мастацтва фітадызайну.
Летась летняя тэма была — “Падарожжы ЭЛАПа”, якая прадугледжвала актыўную турыстычна-краязнаўчую дзейнасць, знаёмства са славутасцямі Ашмянскага раёна, а таксама асваенне асноўных турысцкіх ведаў і навыкаў.
Сёлета змена прышкольнага лагера насіла назву “Горад 3D: Давайце рабіць дабро”. Сімвал лагера — вясёлы чалавечак па імені Элапчык — разам са 110 хлопчыкамі і дзяўчынкамі здзяйсняе добрыя справы і вучыць гэтаму жыхароў свайго горада. На час рэалізацыі змены кожны з 5 атрадаў ператварыўся ў вуліцы з назвамі: “Вуліца Прыкольная”, “Вуліца Сонечная”, “Вуліца Вітамінная”, “Дружныя сябры” і “Вуліца ўсмешак”. На “вуліцах” дзейнічалі законы адказнасці, павагі, дакладнасці, клопату, дысцыпліны, чысціні, сяброўства, ветлівасці і ўзаемапавагі. А самым галоўным правілам лагера стаў дэвіз “Ні дня без добрай справы!”, які, як адзначае начальнік лагера Яніна Іванаўна Жабінская, выконвалі ўсе ўдзельнікі змены з задавальненнем і няўхільна.
Звычка рабіць дабро фарміруецца ў дзяцей падчас удзелу ў акцыі “Жыві, крыніца!”, дапамогі ветэранам працы, якія жывуць у мікрараёне школы, “рамонту” кніг у школьнай бібліятэцы. Выхаваўчыя справы ў Дзень ветлівасці, Дзень памяці, Дзень эканоміі, Дзень Беларусі фарміруюць у дзецях важныя чалавечыя якасці. Каб унесці ў змену такі любімы нашымі дзецьмі элемент спаборніцтва, было вырашана за кожную добрую справу заахвочваць атрад “сэрцайкамі”: яны захоўваюцца ў “Куфэрачку дабра” на асноўным інфармацыйным стэндзе лагера, а па іх колькасці ў канцы змены вызначаецца пераможца.
Паўнацэнны летні адпачынак немагчымы без заняткаў фізкультурай і спортам, без пазнавальнай экскурсіі, турыстычнага паходу. Выхаванцы лагера пабывалі ў падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях Ашмянскага раёна, сталі ўдзельнікамі вучэнняў па адпрацоўцы дзеянняў тушэння пажару ў школе. Багатай на ўражанні стала экскурсія па населеных пунктах “паўночнага вектара Гродзеншчыны”: вёсках Кальчуны, Жупраны, Гальшаны Ашмянскага раёна, Гервяты Астравецкага раёна і зімовым садзе Смаргонскага політэхнічнага прафесійнага ліцэя. Выдатнае надвор’е і безліч спартыўных забаў чакала дзяцей падчас паходу ва ўрочышча Сухая. Змагла захапіць выхаванцаў педагог-псіхолаг Ганна Станіславаўна Дэрвіс падчас заняткаў, гульняў і псіхалагічных трэнінгаў “Падарожжа ў краіну Гармоніі”, “Я ў свеце людзей”, “Калі з сябрам выйшаў у шлях”. А выхаванцы аб’яднанняў па інтарэсах “Домісолька” (кіраўнік В.І.Федарэнка) і “Міні-Тодэс” (кіраўнік Н.А.Каранькова) прадэманстравалі свае таленты і атрыманыя на занятках вакальныя і харэаграфічныя навыкі на свяце, прысвечаным закрыццю лагернай змены “Горад 3D: Давайце рабіць дабро”.
У канцы змены дзеці запісалі відэазварот да будучых удзельнікаў лагера “ЭЛАП”, у якім ёсць такія словы: “Дні, праведзеныя ў летнім прышкольным лагеры “ЭЛАП”, сталі для нас адкрыццём сваіх здольнасцей і новых магчымасцей актыўнага адпачынку летам, натхнілі нас на добрыя ўчынкі. Давайце рабіць дабро! Бо для гэтага дастаткова падарыць іншым усмешку, працягнуць руку дапамогі, проста быць добрым чалавекам!”

 

Кацярына АСМОЛЬСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 1 Ашмян.