Добрыя справы для нашых дзяцей

Навагодняя рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” пачынаецца 14 снежня і будзе доўжыцца да 14 студзеня. 

Традыцыйна мерапрыемствы, якія прахо­дзяць у рамках акцыі, уключаюць наведванне ўстаноў, у якіх выхоўваюцца, вучацца, прахо­дзяць лячэнне дзеці, якім асабліва неабходна падтрымка.

— Пачынаючы з 1995 года, калі правя­дзенне навагодняй дабрычыннай акцыі “Нашы дзеці” было аб’яўлена ўпершыню, сістэма аховы дзяцінства нашай краіны перажыла сур’ёзныя змяненні, — заўважае галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Фёдараўна Сімакова. — У той час у нас было каля 50 інтэрнатных устаноў для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. На пачатак гэтага навучальнага года інтэрнатаў засталося толькі 11, а колькасць дзяцей у гэтых установах скарацілася больш чым у 9 разоў. Сёння каля 80% такіх дзяцей выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях. Таму асноўныя наведванні ў рамках акцыі “Нашы дзеці” будуць не толькі ва ўстановах, але і ў сем’ях: дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх сем’ях, а таксама ў мнагадзетных сем’ях, дзе выхоўваюцца 5 і больш дзяцей.

Заяўкі на ўдзел у акцыі падалі больш за 90 арганізацый. Плануецца, што іх прадстаўнікі наведаюць каля 150 устаноў аховы здароўя, сацыяльнай абароны, адукацыі. Дзякуючы акцыі “Нашы дзеці”, каля мільёна маленькіх беларусаў атрымаюць віншаванні і падарункі ад прадстаўнікоў рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, кіравання, іншых арганізацый, як дзяржаўных, так і грамадскіх. У кожным абласным і раённым цэнтры запланаваны святочныя праграмы, паказы.

Акцыя адкрыецца 14 снежня ў Мінску ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Дэлегацыю на ўрачыстае адкрыццё накіруе кожная вобласць. У складзе такіх дэлегацый — пераможцы алімпіяд, турніраў, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, дзеці з сацыяльных прытулкаў, апякунскіх і прыёмных сем’яў. Урачыстыя адкрыцці адбудуцца і ў абласных цэнтрах. Канечне, бу­дзе і традыцыйна ёлка ў Палацы Рэспублікі з удзелам Кіраўніка дзяржавы, адбудуцца мерапрыемствы ў Палацы Незалежнасці, дзе таксама збяруцца дзеці з розных рэгіёнаў Беларусі. 

Акрамя таго, Міністэрства адукацыі плануе ёлку для педагагічных работнікаў, якая пройдзе 12 студзеня 2022 года, дзе будуць адзначаны дзеці педагогаў, якія адносяцца да асаблівых катэгорый. 

— Асаблівасць сёлетняй дабрачыннай акцыі — далучэнне да яе ўсяго насельніцтва нашай краіны, — падкрэслівае А.Ф.Сімакова. — Плануецца, што за кошт шырокага інфармавання насельніцтва, у тым ліку дзякуючы лістоўкам Беларускага дзіцячага фонду, які стаў партнёрам акцыі, кожны зможа
стац­ь яе ўдзельнікам.

Традыцыйна падчас акцыі пройдзе адкрыццё жылых памяшканняў для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Актыўны ўдзел у акцыі “Нашы дзеці” пры­муць студэнты-валанцёры. Па выніках мінулагодняй акцыі, дарэчы, дапамога дзецям склала ў грашовым выражэнні каля 3,5 млн беларускіх рублёў з розных крыніц. Сёлета арганізатары спа­дзяюцца на дапамогу ў яшчэ больш значным памеры.

Марына ХІДДЖАЗ.