Добрыя сэрцы робяць дабро

Бацькі ў дамах састарэлых пры жывых дзецях, закінутыя магілы, смецце навокал… Гэта не цытата з літаратурнага твора, не малюнкі хворага ўяўлення і, на жаль, не выдумка. Гэта непрыемныя моманты рэчаіснасці, з якімі раз-пораз даводзіцца сустракацца ў штодзённым жыцці. Самая вялікая небяспека, якая чакае грамадскасць, — маральнае і духоўнае разбурэнне асобы. Што можа дапамагчы нам пазбегнуць такога разбурэння? Канечне, міласэрнасць як агульначалавечая маральная каштоўнасць.

Менавіта дабрачыннасцю займаюцца члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” Правамастоўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна. Асноўнымі справамі валанцёраў атрада сталі працоўныя дэсанты і аперацыі, акцыі, накіраваныя на аказанне дапамогі сацыяльна-педагагічнаму цэнтру Мастоўскага раёна, ветэранам і адзінокім састарэлым людзям, жыхарам Курылавіцкага дома-інтэрната для інвалідаў і састарэлых, інфармацыйныя і экалагічныя акцыі, стварэнне сэрвісных атрадаў па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі.
Мы аказваем падтрымку і дапамогу дзецям з сацыяльна-педагагічнага цэнтра, для якіх не бываюць лішнімі цацкі, адзенне, канцылярскія прылады. Нашы дзеці штогод праводзяць акцыі “Добрае сэрца” (збор канцылярскіх тавараў для выхаванцаў), “Дапаможам ім жыць” (збор адзення для дзяцей з прытулку), “Цуды на Ражджаство”.
У выніку праведзенай акцыі “Цуды на Ражджаство” мы ў 2012 годзе змаглі набыць да зімовых свят падарункаў на суму 2 500 000 рублёў для дома-інтэрната для інвалідаў і састарэлых, выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра і аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. Мы праводзім аперацыі “Клопат”, “Як жывеш, ветэран” па аказанні гаспадарча-бытавой дапамогі і псіхалагічнай падтрымкі адзінокім састарэлым людзям.
Курылавіцкі дом-інтэрнат для інвалідаў і састарэлых — яшчэ адзін аб’ект нашай увагі. Мы пасябравалі з яго жыхарамі, рыхтуем для іх канцэрты, віншуем са святамі, робім навагоднія ўпрыгажэнні. Да Дня пажылых людзей наша раённая піянерская арганізацыя правяла акцыю “Цёплая шкарпэтка”. У акцыі актыўна ўдзельнічалі і валанцёры. У выніку інвалідам і састарэлым з дома-інтэрната было перададзена 66 пар баваўняных шкарпэтак і чатыры кашулі для інвалідаў без ног. Акрамя таго, валанцёрамі была падрыхтавана канцэртная праграма.
Падчас такой работы хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца ўзаемадзейнічаць з людзьмі рознага ўзросту, розных звычак і поглядаў на жыццё, што садзейнічае фарміраванню талерантнасці, паважлівых адносін да састарэлых людзей, умення разумець і прымаць меркаванне людзей з рознымі поглядамі на жыццё, параўноўваць духоўныя каштоўнасці пакаленняў.
Удзельнікі валанцёрскага атрада ініцыіруюць і арганізоўваюць такія працоўныя дэсанты і аперацыі, як “Чысты бераг”, “Зробім двор прыгажэйшым”, “Квітней, родная зямля”, “Лістапад”, накіраваныя на добраўпарадкаванне, азеляненне, навядзенне парадку на тэрыторыі школы, збор бытавых адходаў уздоўж берага Нёмана і прылеглага ляснога масіву. У выніку праведзеных дэсантаў і аперацый стала прыгажэйшай школьная тэрыторыя, больш чыстай зона адпачынку каля ракі Нёман, набылі дагледжаны выгляд закінутыя магілы.
Штомесяц праводзім аперацыю “Абеліск”, якая ўключае ў сябе падтрымку чысціні і парадку каля абеліска загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцам у аграгарадку Масты Правыя, пасадку кветак увесну, уборку ад смецця прылеглай тэрыторыі. Гэта садзейнічае выхаванню ў дзяцей і моладзі не толькі любові да працы, а пачуцця гонару за свой народ, аднавяскоўцаў, якія аддалі жыццё за волю і незалежнасць Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У акцыях і аперацыях прымаюць удзел не толькі валанцёры атрада, але і іншыя вучні школы. Далучаючы хлопчыкаў і дзяўчынак да міласэрнасці, мы імкнёмся звярнуць іх увагу на праблемы, з якімі часта сустракаемся ў штодзённым жыцці, на людзей, якім патрэбны дапамога, увага і клопат.
Члены атрада, ажыццяўляючы сваю дабрачынную дзейнасць, вучацца прымаць на сябе адказнасць за іншых людзей, знаходзяць новыя інтарэсы і сяброў, выпрабоўваюць сябе, вырашаюць праблемы, атрымліваючы ў знак падзякі простае чалавечае “дзякуй”. Мы ўпэўнены, што частку праблем нашага грамадства можна пачаць вырашаць з простага ўчынку: пасаджанага дрэва, прыбранага смецця, добрага позірку, усмешкі, дапамогі блізкаму.

 

Галіна ДРАВІЦА,
педагог-арганізатар, кіраўнік валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” Правамастоўскай сярэдняй школы.