“Добры дзень, пясочак!”

Дзеці з асаблівасцямі развіцця не могуць свядома выказваць свае эмоцыі ні ў гульні, ні ў маляванні, ні ў якой-небудзь іншай дзейнасці, але праз даступную ім дзейнасць у іх фарміруецца сфера адвольных эмоцый, стымулюецца іх разнастайнае праяўленне, фарміруюцца элементарныя навыкі зносін. Асноўная мэта карэкцыйнай работы псіхолага ў гэтым напрамку — развіццё эмацыянальнага інтэлекту дзіцяці.

Першыя эмоцыі нараджаюцца разам з чалавекам. Эмоцыі немаўляці ў першыя месяцы ў асноўным адмоўныя, таму што яно перш за ўсё патрабуе, паведамляе блізкім пра свае патрэбы: хачу есці, мне мокра, холадна, вазьміце мяне на ручкі. Станоўчыя эмоцыі з’яўляюцца на трэцім месяцы жыцця пры задавальненні патрэб дзіцяці і станоўчым эмацыянальным удзеле дарослага, які актыўна стасуецца з малым. Іншымі словамі, дзіця, атрымліваючы радасць ад добразычлівых зносін, заахвочвання з боку дарослага, пачынае асвойваць — спачатку стыхійна, а потым усё больш свядома — шырокі спектр эмацыянальных праяў. Станоўчыя эмоцыі развіваюцца толькі ва ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі і служаць своеасаблівым рухавіком у агульным развіцці чалавека. Напрыклад, мы, дарослыя, на эмацыянальным уздыме гатовыя горы звярнуць, і губляем да ўсяго цікавасць, калі няма настрою. Эмацыянальная нядобранадзейнасць не толькі псіхалагічная, але і сур’ёзная медыцынская праблема, таму што доўгае знаходжанне ў прыгнечаным стане адмоўна ўплывае на нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы любога чалавека ў любым узросце.
У дзяцей з асаблівасцямі развіцця педагогі адзначаюць (разам з недаразвіццём пазнавальных навыкаў) парушэнні ў развіцці эмацыянальнай сферы і адхіленні ў паводзінах. Такія дзеці насцярожана ставяцца да навакольнага свету, не заўсёды кантралююць сябе, могуць рабіць на злосць. Эмоцыі ў іх развіты слаба, часта аднастайныя, ім цяжка разумець эмоцыі іншых людзей і выказваць свае ўласныя, яны не могуць адэкватна рэагаваць на нестандартныя сітуацыі. Застылая ўсмешка, напрыклад, можа сведчыць аб разгубленасці, дыскамфорце ў змененай абстаноўцы, а растарможаныя паводзіны, якія суправаджаюцца моцным хваляваннем, сведчаць аб перанапружанні дзіцяці. Неабходны сур’ёзныя намаганні, каб дзіця навучылася правільна ўсведамляць свае эмацыянальныя праяўленні, а таксама разумець эмоцыі іншых дзяцей і дарослых. Важна навучыць яго кіраваць уласнымі эмоцыямі, гэта зробіць яго больш ураўнаважаным і будзе спрыяць пазітыўным зносінам з навакольнымі.
У рабоце з такімі дзецьмі важна ўлічваць іх настрой, міміку, інтанацыі, гатоўнасць да зносін, рухальную актыўнасць. Праца з імі будуецца на аснове даступнай для іх дзейнасці. Універсальным сродкам для гэтага служыць пясок, заняткі з якім дапамагаюць усталёўваць добразычлівыя адносіны з дзецьмі, зніжаюць псіхалагічнае напружанне, дапамагаюць перакладаць негатыўныя рэакцыі паводзін у кантралюючае рэчышча. Галоўная перавага такіх заняткаў — магчымасць стымуляваць станоўчыя эмоцыі ў дзіцяці. У нас у цэнтры акрамя традыцыйнай пясочніцы, ёсць пясочніца з падсветкай, амаль такая ж, як паказваюць у відэароліках, калі рука мастака стварае чароўныя карціны, якія плаўна пераходзяць адна ў адну. Важную дапаможную ролю тут адыгрывае менавіта светлавы эфект: сам факт уключэння святла ўжо звяртае на сябе ўвагу і служыць запрашэннем да пачатку маніпуляцый з пяском, да пачатку творчасці і зносін. Нават дарослыя цягнуцца да “экрана”, які свеціцца, не кажучы ўжо пра дзяцей.
Што ж мы робім? Насыпаем пясок на дно, якое свеціцца: горкамі, палоскамі-дарожкамі, кропкамі, кружочкамі. Спрабуем ствараць геаметрычныя фігуры рознай велічыні. У кружочках я малюю дзецям тварыкі: радасці, суму, спакою; кажу ім “усміхнёмся”, “нахмурымся”. Калі я малюю дом, то дзецям прапаноўваю дамаляваць акенцы, дзверы, трубу, элементы дэкору. Складаем гісторыі, малюем сляды: да доміка, ад хаткі, па дарожцы. Памер пясочніцы дазваляе праводзіць калектыўную працу. Дзеці ўключаюцца ў працэс малявання разам і па чарзе. Выкарыстоўваем рытуалы пачатку і канца працы: “Дзень добры, пясочак!”, “Да пабачэння, пясочак!”, што таксама станоўча ўплывае на фарміраванне сферы адвольных эмоцый у дзяцей. На такіх занятках педагогу ніяк не абысціся без творчага падыходу і “акцёрскага настрою”, бо эмоцыі і пачуцці трэба дэманстраваць, разыгрываць іх з дзецьмі.
Ад заняткаў да заняткаў, пасля шматразовага паўтарэння заўважаю, што тыя простыя малюнкі, за маляваннем якіх дзеці раней толькі назіралі, яны праз нейкі час спрабуюць ствараць самастойна, вядома, на свой лад, але гэта ўжо наша сумеснае дасягненне.

Вольга ГАРНАК,
педагог-псіхолаг Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі
Сенненскага раёна.