Дасягаем мэты праз мадэляванне і мнематэхніку

Працуючы настаўнікам-дэфектолагам установы дашкольнай адукацыі, сутыкнулася з такой праблемай: працэс развіцця звязнага маўлення ў дзяцей з парушэннямі маўлення займае працяглы час і аднімае ў іх значную колькасць сіл, з часам губляецца цікавасць да заняткаў з настаўнікам-дэфектолагам, губляецца матывацыя. Таму важна падабраць найбольш эфектыўныя метады пры правядзенні лагапедычных заняткаў, якія спрыяюць развіццю звязнага маўлення.

Дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту з парушэннямі маўлення адрозніваюцца недастаткова сфарміраванымі навыкамі пабудовы звязнага выказвання. Узровень развіцця звязнага маўлення ў дзяцей зніжаецца з кожным годам, і таму для дасягнення добрых вынікаў прымяняю новыя, а галоўнае, эфектыўныя метады і прыёмы.

Найбольш эфектыўнымі пры навучанні звязнаму маўленню дзяцей з агульным недаразвіццём маўлення (АНМ, 3-і ўзровень маўленчага развіцця) лічу выкарыстанне метаду мадэлявання і мнематэхнікі. Гэта звязана з тым, што ў дзяцей з АНМ 3-га ўзроўню памяць носіць міжвольны характар: яны лепш запамінаюць факты, прадметы, з’явы, падзеі, блізкія іх жыццёваму вопыту. Адзначаюцца недастатковая ўстойлівасць увагі, абмежаваныя магчымасці яе размеркавання, пры адносна захаванай сэнсавай, лагічнай памяці ў дзяцей зніжана вербальная памяць. На нізкім узроўні прадукцый­насць запамінання, сувязь паміж маўленчымі парушэннямі і іншымі бакамі псіхічнага развіцця абумоўлівае спецыфічныя асаблівасці мыслення.

Маючы ў цэлым паўнавартасныя перадумовы для авалодання разумовымі аперацыямі, даступнымі для іх узросту, дзеці адстаюць у развіцці слоўна-лагічнага мыслення, без спецыяльнага навучання з цяжкасцю авалодваюць аналізам і сінтэзам, параўнаннем і абагульненнем.

Мадэляванне — гэта працэс стварэння мадэлей і іх выкарыстання ў мэтах фарміравання ўяўленняў пра структуру аб’ектаў, адносіны і сувязі паміж элементамі гэтых аб’ектаў.

Метад мадэлявання, распрацаваны Д.Б.Эльконіным, Л.А.Венгер, Н.А.Вятлугінай, М.М.Падзьякавым, заключаецца ў тым, што мысленне дзіцяці развіваюць з дапамогай спецыяльных схем, мадэлей, якія ў нагляднай і даступнай для яго форме ўзнаўляюць схаваныя ўласцівасці і сувязі таго ці іншага аб’екта. У аснове метаду мадэлявання ляжыць прынцып замяшчэння: рэальны прадмет дзіця замяняе іншым прадметам, яго выявай, якім-небудзь умоўным знакам.

Элементамі мадэлі-замя­шчальніка з’яўляюцца схематычныя замалёўкі, зробленыя дзецьмі па ходзе слухання таго ці іншага апавядання.

Эфектыўнасць іх выкарыстання залежыць ад наступных умоў:

• мадэль павінна адлюстроў_ваць асноўныя ўласцівасці аб’екта і быць па структуры аналагічнай яму;

• павінна быць даступнай для ўспрымання дзіцем гэтага ўзросту;

• яе прызначэнне — абляг­чаць працэс авалодання навыкамі, уменнямі і ведамі.

Шырокае прымяненне атрымала знакава-сімвалічнае ма­дэляванне. Напрыклад, пры фарміраванні гукавога аналізу і сінтэзу выкарыстоўваю графічныя схемы структуры сказа, складовага і гукавога складу слова.

Выкарыстанне мадэлі прадугледжвае вызначаны ўзровень сфарміраванасці разумовых аперацый (аналізу, сінтэзу, параўнання, абстрагавання, абагульнення).

Для аблягчэння працэсу засваення звязнага маўлення выкарыстоўваю прадметна-схематычныя мадэлі Т.А.Ткачэнка, С.А.Васільевай і сенсорна-графічныя схемы В.К.Вараб’ёвай. Дыдактычны матэрыял у форме мнематабліц і схем-мадэлей аблягчае дзецям авалоданне звязным маўленнем; акрамя таго, наяўнасць нагляднага плана-схемы робіць апавяданні (казкі) выразнымі, звязнымі і паслядоўнымі.

Мадэлі служаць своеасаблівым наглядным планам для стварэння маналогаў, накіроўваюць працэс звязнага выказвання і дапамагаюць дзецям будаваць апавяданне.

У развіцці навыку складання тэкстаў-апісанняў вялікую дапамогу аказвае папярэдняе складанне мадэлі апісання. Аснову тэкстаў-апісанняў складаюць канкрэтныя ўяўленні, якія назапашваюцца ў працэсе даследавання аб’екта апісання. Элементамі мадэлі становяцца сімвалы-замяшчальнікі якасных характарыстык аб’екта:

• прыналежнасць да рода-відавога паняцця;

• велічыня;

• колер;

• форма;

• складнікі;

• якасць паверхні;

• матэрыял, з якога выраблены аб’ект (для нежывых прадметаў);

• як ён выкарыстоўваецца (якую карысць прыносіць);

• за што падабаецца (не падабаецца).

Па гэтай мадэлі можна скласці апісанне асобнага прадмета, які належыць да пэўнай групы.

Мнематэхніка — сістэма розных прыёмаў, якія аблягчаюць запамінанне і павялічваюць аб’ём памяці шляхам утварэння дадатковых асацыяцый.

Такія метады асабліва важныя для дзяцей з агульным недаразвіццём маўлення 3-га ўзроўню, бо задачы мыслення ў іх вырашаюцца з пераважнай роляй знешніх сродкаў, наглядны матэрыял засвойваецца лепш за вербальны. Выкарыстанне картак-схем на занятках па развіцці звязнага маўлення дазваляе дзецям больш эфектыўна ўспрымаць і пераапрацоўваць зрокавую інфармацыю, перакадзіраваць, захоўваць і ўзнаўляць яе ў адпаведнасці з пастаўленымі вучэбнымі задачамі.

Мнематабліца — гэта схема, у якую закладзена пэўная інфармацыя. Як любая работа, будуецца ад простага да складанага. Пачынаючы работу з простых мнемаквадратаў, паслядоўна неабходна пераходзіць да мнемадарожак і пазней да мнематабліц. У мнематабліцы можна адлюстроўваць практычна ўсё: выконваецца графічны або часткова графічны малюнак персанажаў казкі, з’яў прыроды, некаторых дзеянняў — можна намаляваць тое, што палічыце патрэбным. Але адлюстраваць так, каб намаляванае было зразумела дзецям.

Мнематабліцы-схемы служаць дыдактычным матэрыялам у рабоце па развіцці звязнага маўлення ў дзяцей з агульным недаразвіццём маўлення 3-га ўзроўню. Іх можна выкарыстоўваць для ўзбагачэння слоўнікавага запасу, пры навучанні складанню апавяданняў, пераказах мастацкай літаратуры, адгадванні і загадванні загадак, завучванні вершаў і г.д.

Прадстаўленыя метады дазволяць павысіць эфектыўнасць развіцця маўлення дашкольнікаў старэйшага ўзросту, могуць быць выкарыстаны ў рабоце як сродак павышэння цікавасці да гэтага віду дзейнасці і аптымізацыі працэсу развіцця навыку звязнага маўлення.

Развіццё звязнага маўлення — мэта дзейнасці настаўніка-дэфектолага, а прымяненне розных метадаў з’яўляецца сродкам дасягнення гэтай мэты. Ра­зуменне гэтага важнае для работы настаўніка-дэфектолага. Таму, клапоцячыся пра развіццё дзяцей, неабходна часцей выкарыстоўваць актыўныя метады навучання.

Алена ГАЛАЎКО,
настаўнік-дэфектолаг дзіцячага сада № 18 Гродна.