Даследаваць, дапамагаць, берагчы

Няма ў свеце большай радасці, чым радасць зносін з прыродай. Няма ў свеце лепшага лекара, лепшага псіхолага і педагога, чым прырода. І няма ў чалавека большай адказнасці, чым адказнасць перад прыродай і за прыроду!

Гэтыя словы па праву з’яўляюцца дэвізам работы школьнага лясніцтва Доўжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна, заснаванага ў 1966 годзе. Шмат слаўных спраў было на рахунку юных сяброў лесу пад кіраўніцтвам ляснічага Лосвідскага лясніцтва Ніны Крыцкай. У 1968 годзе хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у ВДНГ у Маскве і былі ўзнагароджаны малым бронзавым медалём, а ў 1975 годзе — у I Рэспубліканскім злёце перадавікоў школьных лясніцтваў. Удзельнік гэтага злёту Наталля Кручанава, дачка Ніны Канстанцінаўны, зараз з’яўляецца кіраўніком Доўжанскага школьнага лясніцтва.
У 2008 годзе аб’яднанню прысвоены статус доследна-вытворчага лясніцтва. Асноўныя напрамкі работы юных лесаводаў — вучэбная, практычная (лесагаспадарчая і лесаахоўная, а таксама проціпажарная прапаганда, прыродаахоўныя мерапрыемствы) і эколага-асветніцкая дзейнасць, вучэбна-даследчая работа. У ходзе вучэбных заняткаў, якія праводзяцца на базе Лосвідскага лясніцтва, навучэнцы вывучаюць пытанні, якія пашыраюць праграму школьных прадметаў, а не паўтараюць яе. Плюсам такіх заняткаў з’яўляецца і тое, што аб’екты, якія вывучаюцца, знаходзяцца побач, за акном лясніцтва, можна не толькі пра іх пачуць, але і паглядзець, памацаць рукамі. Да таго ж новымі ведамі можна падзяліцца на вучэбных занятках з аднакласнікамі па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Атрыманне тэарэтычных ведаў на занятках у лясніцтве вядзецца ў спалучэнні з практычнай дзейнасцю. Юныя леснікі не толькі знаёмяцца з тым, што ўжо створана прыродай і лесаводамі, але і самі актыўна ўдзельнічаюць у ахове лясоў ад пажараў, у абароне лесу ад шкодных насякомых і хвароб, зборы ляснога насення і лекавай сыравіны, пасадцы лясных культур і іх догляду. Да практычнай дзейнасці далучаюцца як удзельнікі лясніцтва, так і іх сябры па школе. Хлопцы ў майстэрнях вырабляюць сінічнікі і шпакоўні, кармушкі з падручнага матэрыялу. У халодныя зімовыя месяцы разам з работнікамі Лосвідскага лясніцтва раскладваюць падкормку для дзікіх жывёл. Не застаюцца зімой без увагі і насельнікі вадаёмаў. “Дыхай глыбей, карась!” — дэвіз рэйдаў, у ходзе якіх дзеці для ўзбагачэння вады кіслародам прасякаюць “вокны” ў лёдзе мясцовых азёр Сосна, Малое.
Важным напрамкам работы школьнага лясніцтва з’яўляецца прыродаахоўная і эколага-асветніцкая дзейнасць. Навучэнцы выступаюць перад сваімі равеснікамі, малодшымі школьнікамі, бацькамі, мясцовым насельніцтвам з гутаркамі аб ахове лясоў ад агню, шкодзе ад неразумнага ўмяшальніцтва чалавека ў прыродныя працэсы, захаванні і прымнажэнні лясных багаццяў. Расказваюць аб правілах паводзін у лесе і нарыхтоўкі лекавых раслін, грыбоў, ягад, распаўсюджваюць друкаваную інфармацыю з прыродаахоўным зместам. У вясенне-летні перыяд прымаюць удзел у аперацыях “Ландыш”, “Пралеска”, “Бяроза”, “Ягада”.

Школьнае лясніцтва стала дзейснай формай прыцягнення адораных вучняў да эксперыментальнай і вучэбна-даследчай работы, цікавасць і любоў да якой самі па сабе не прыходзяць. Таму кіраўнік школьнага лясніцтва шукае цікавыя тэмы для даследаванняў, паказвае характар практычнага прымянення вынікаў, кожны раз выкарыстоўвае новыя прыёмы далучэння падлеткаў да даследчай работы. Выконваючы заданні спецыялістаў Віцебскага лясгаса, юныя леснікі пад кіраўніцтвам педагога правяраюць на практыцы рэкамендацыі вучоных, пераконваюцца ў важнасці выкарыстання дасягненняў лесаводства, біялогіі, хіміі і іншых навук у лесагаспадарчай вытворчасці. Эксперыментальная і даследчая работа развівае ў вучняў ініцыятыву, імкненне да творчага пошуку, фантазію, фарміруе характар, выхоўвае волю, ˜працавітасць, настойлівасць, калектывізм, дапытлівасць.
Бесперапынная планамерная вучэбна-даследчая работа ў школьным лясніцтве праводзіцца з 2003 года. У групу юных даследчыкаў уваходзяць 5—7 чалавек. Гэта навучэнцы 9—11 класаў, якія ўжо маюць некаторыя веды па біялогіі, экалогіі і не менш як год з’яўляюцца членамі школьнага лясніцтва.
Пры арганізацыі даследаванняў улічваецца, што кожная работа павінна насіць практычны характар і мець практычнае прымяненне; яе выкананне павінна грунтавацца на ведах, якія можна атрымаць на тэарэтычных занятках у лясніцтве, і быць даступна юным ляснічым; работа разлічана на невялікі тэрмін даследавання — год-паўтара, каб у дзяцей не ўзнік комплекс доўгага чакання выніку. Значнасць работы і яе практычная накіраванасць дапамагаюць дзецям адчуваць сябе патрэбнымі і карыснымі сёння, тут і цяпер. Мяркуйце самі: падчас даследаванняў па тэме “Улік крыніц і даследаванне прыкрынічнай расліннасці” дзеці выявілі 5 крыніц у Доўжанскай зоне Лосвідскага лясніцтва, ачысцілі ад смецця і добраўпарадкавалі прыкрынічную тэрыторыю. Пры правядзенні даследаванняў па тэме “Бярозавы сок з пнёў” навучэнка 10 класа Таццяна Баранава прапанавала праводзіць здабычу соку з бярозавых пнёў, што дазволіць прадухіліць любы ўплыў падсочкі на жыццядзейнасць насаджэнняў. Вынікам даследавання па тэме “Паскоранае вырошчванне дэкаратыўных хмызнякоў у цяпліцы з полікарбанату” сталі рэкамендацыі навучэнкі 9 класа Настассі Калюта па паскораным вырошчванні пасадачнага матэрыялу для азелянення тэрыторыі мікрараёна школы.
За 11 гадоў члены школьнага лясніцтва пад кіраўніцтвам Наталлі Кручанавай выканалі 13 даследчых работ, якія высока ацэнены на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Пошук нараджае адкрыццё” (5 дыпломаў I ступені), абласной канферэнцыі навуковых эколага-біялагічных аб’яднанняў навучэнцаў (тры дыпломы I ступені, пяць дыпломаў II ступені, дыплом III ступені, падзяка), тройчы прадстаўлены на Рэспубліканскай канферэнцыі (дыплом III ступені, дзве падзякі), двойчы — на Міжнародным экалагічным форуме “Зялёная планета” (два дыпломы).
У 2011 годзе навучэнка 10 класа Вераніка Кавалёва і педагог-арганізатар Таццяна Ерафеева для правядзення эколага-асветніцкай работы ў рамках Рэспубліканскай акцыі “100 ідэй для Беларусі” прапанавалі праект “Школьны экабус”. Экабус — экалагічны аўтобус — найперш магчымасць зразумець, убачыць, пачуць свет вакол сябе, прыняць удзел у вырашэнні важных экалагічных праблем. Экабус для юных эколагаў — нагода расказаць дзецям у займальнай форме аб правілах паводзін у лесе, аб асцярожным і разумным стаўленні да прыроды, падзяліцца сваімі планамі.
Юныя сябры лесу любяць удзельнічаць у конкурсах, якія штогод праводзяць Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі. Прызёрамі такіх спаборніцтваў неаднаразова станавіліся Аляксандра Маскаленка, Марыя Ходас, Настасся Калюта. У 2011 годзе ў рамках IX Рэспубліканскага экалагічнага форуму вучаніца 2 класа Рэната Кручанава стала пераможцай абласнога і рэспубліканскага этапаў фотаконкурсу “Гэта твая зямля” і была ўзнагароджана граматай і каштоўным прызам. Фотаработы юных леснікоў, іх бацькоў, настаўнікаў школы экспануюцца ў школе на пастаянна дзеючай экалагічнай фотавыставе “Гэта наша Зямля!”.

У 2013 годзе на базе нашай школы быў адкрыты рэсурсны цэнтр “Выхаванне. Экалогія. Асоба”, мэтай якога з’яўляецца распаўсюджванне вопыту работы школы па выхаванні сацыяльна актыўнай асобы ў працэсе экалагічнай дзейнасці. Педагагічнае крэда рэсурснага цэнтра — “Ад экалогіі прыроды — да экалогіі душы”. На базе школы штогод праводзяцца вучэбныя семінары для педагогаў Віцебскага раёна па арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці навучэнцаў, рабоце школьнага лясніцтва і арганізацыі пазакласных выхаваўчых мерапрыемстваў экалагічнай накіраванасці.
Поспехі школы ў экалагічнай адукацыі навучэнцаў дасягаюцца дзякуючы супрацоўніцтву з Лосвідскім лясніцтвам Віцебскага лясгаса, Віцебскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі, Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава.
Кім бы ні сталі нашы дзеці, мы ўпэўнены, што яны абавязкова будуць адказнымі і актыўнымі прыродакарыстальнікамі, а веданне законаў экалогіі дазволіць ім прымаць правільныя рашэнні. У народзе ёсць прыказка: “Добры дзень пачынаецца з раніцы”. Навучыць дзіця з дзяцінства дабрыні, разуменню прыгажосці прыроды, беражлівым адносінам да ўсяго жывога на зямлі — адна з задач калектыву Доўжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.

Таццяна УЛЬЯНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Доўжанскай сярэдняй школы
Віцебскага раёна.