Дакрануліся да духоўнага

У час вясенніх канікул ва ўстановах адукацыі Навагрудчыны ў аздараўленчых лагерах працавалі профільныя патрыятычныя і духоўна-маральныя змены. У Валеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе гасцінна расчыніў дзверы для 18 хлопчыкаў і дзяўчынак лагер “Крылы”.

Адкрываючы такія змены, педагогі ставілі на мэце стварыць спрыяльныя ўмовы для ўмацавання здароўя і арганізацыі вольнага часу навучэнцаў. Гэта дапамагае фарміраванню высокіх патрыятычных пачуццяў, знаёміць моладзь з духоўнай і культурнай спадчынай роднай краіны.

Духоўна-маральная змена аб’яднала дзяцей у атрадзе “Арляняты”, на базе якога быў створаны педагагічны атрад з вучняў старшых класаў, што мараць аб прафесіі настаўніка. Яны і сталі першымі памочнікамі выхавальнікаў і атрымалі магчымасць паспрабаваць сябе ў выбранай прафесіі. Як паказала практыка, гэта садзейнічала папулярызацыі педагагічных прафесій.

Знаёмства з гульнявым сюжэтам змены і прытчай лагера адбылося ў форме гутаркі “Размова па душах”. Кожны дзень у лагеры быў насычаным. Вельмі карыснай была акцыя “Выратаванне”, якую правялі супрацоўнікі Навагрудскага аддзела МНС. Змястоўныя віктарыны, рухавыя конкурсы прыйшліся даспадобы ўсім. Гістарычна-пазнавальная гульня “Святая Ефрасіння Полацкая і яе крыж”, прысвечаная 860-годдзю стварэння Лазарам Богшам крыжа, нацыянальнага сімвала Беларусі, электронная гульня “Старажытны Полацк” пераканалі дзяцей у тым, што трэба клапаціцца  аб выратаванні не толькі свайго цела, але і душы.

Дзень гармоніі даў магчымасць “арлянятам” дакрануцца да свету мастацтва. Спачатку тэатральная афіша запрасіла ўсіх у тэатр ценяў, а потым — у лялечны тэатр “Батлейка”. Падчас паказу дзеці пазнаёміліся са святыняй Беларусі Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыром.

Размова аб тонкім і прыгожым працягнулася ў мастацкім салоне “У свеце фарбаў і гукаў”. Утульную атмасферу стваралі свечкі, прыгожа аформленыя сталы, гарачая гарбата. У салоне прымалі цікавых гасцей: настаяцеля храма аграгарадка Валеўка айца Ілью (Герасімука), выхаванцаў школы мастацтваў Навагрудка. Нашы “арляняты” вучыліся чытаць карціны Левітана, Паленава, Саўрасава, Іванова. Гучалі прыгожыя вершы, а каралевай салона была яе вялікасць скрыпка. Гармонія слоў, музыкі і фарбаў нараджала гармонію ў душах слухачоў і гледачоў. А ў тым, што ў здаровым целе здаровы дух, мы пераканаліся падчас спартыўнай эстафеты.

Паездка ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр дала магчымасць дакрануцца да святынь, даведацца аб гісторыі манастыра, палюбавацца ракой Нёман. Насельнікі манастыра былі вельмі гасцінныя і падарылі ўсім пачастункі, а яшчэ правялі цікавую гутарку аб вышэйшых чалавечых якасцях, аб уменні дараваць, аб міласэрнасці.

Храм святых апосталаў Пятра і Паўла аграгарадка Валеўка — яшчэ адзін ўнікальны помнік архітэктуры, гісторыі і культуры XVII стагоддзя. Ён пабудаваны без адзінага цвіка і за сваю 335-гадовую гісторыю ні разу не перапыняў сваю дзейнасць. Там можна палюбавацца рэдкім іканастасам школы вядомага мастака Васняцова, які трапіў у Валеўку ў 1926 годзе з Варшавы. Сёння настаяцель храма — айцец Ілья, малады святар, які заўсёды гатовы не толькі адказаць на пытанні моладзі, але і пагуляць з ёй у футбол.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем прымалі ўдзел у інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”, якая была прысвечана ролі кніг і ведаў у жыцці чалавека.

Шмат цікавых мерапрыемстваў для дзяцей, якія адпачывалі ў лагерах, прапанаваў Навагрудскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

У дзень творчасці ў лагер завіталі майстры Навагрудскага цэнтра рамёстваў з праграмай “Ад верацён да нашых дзён”. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся аб традыцыях ткацтва, вышыўкі, выцінанкі на Навагрудчыне. Цікавы аповед Н.А.Клімко пра тое, як нашы продкі рыхтаваліся да Вербніцы і Вялікадня, акунуў прысутных у атмасферу любімых свят. Майстар-класы па пляценні пая­соў, выцінанцы, саломапляценні, вырабе лялек вярнулі моладзь да народных вытокаў, а велікодныя падарункі, зробленыя сваімі рукамі, атрымаліся асабліва прыгожымі.

Кожны дзень лагера завяршаўся акцыяй “Вянок памяці”. Мы наведвалі помнікі, абеліскі, памятныя знакі, пахаванні нашых аднавяскоўцаў, каб аддаць ім даніну памяці, запаліць свечку і назаўсёды ўплесці іх імёны ў “Вянок памяці”.

Лагер працаваў у самую прыгожую пару года — вясну. Слухаючы спеў птушак, любуючыся хвалямі Свіцязі, мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што калі ёсць на зямлі рай, то гэта — Свіцязянскі край. Бывай, першая духоўна-маральная змена, чакаем цябе на наступны год.

Тамара СУРАГА,
намеснік начальніка аздараўленчага лагера “Крылы”, настаўніца гісторыі Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.