Да сацыялізацыі — праз адукацыйнае асяроддзе

Як арганізаваць працэс навучання і выхавання дзяцей з цяжкімі і множнымі фізічнымі і/або псіхічнымі парушэннямі развіцця (далей ЦМПР), каб ён быў накіраваны на іх сацыялізацыю? Выбудоўванне адукацыйнага асяроддзя з улікам асаблівасцей дзяцей гэтай катэгорыі паспяхова вырашае комплекс адукацыйных і карэкцыйных задач.

Асноўным напрамкам работы нашай установы адукацыі з’яўляецца стварэнне аптымальных умоў для сацыялізацыі і інтэграцыі дзяцей з ЦМПР. Адукацыйны працэс нацэлены на развіццё ў іх навыкаў камунікацыі і ўзаемадзеяння, фарміраванне навыкаў самаабслугоўвання, а таксама развіццё ўмення арыентавацца ў навакольнай прасторы. Навучанне названым уменням i навыкам патрабуе спецыяльнай пабудовы адукацыйнага асяроддзя. Асаблівая ўвага тут удзяляецца прадметным рэсурсам.

Каб арганізаваць навучанне на полісенсорнай аснове і спрыяць актыўнасці дзяцей, выкарыстоўваюцца розныя віды нагляднасці. Аднак не кожны дапаможнік з тых, што прапануюцца ў продажы, можа быць эфектыўна выкарыстаны для работы з дзецьмі названай катэгорыі. Педагогі нашай установы вырабілі сенсорнае пано “Прагулка”. Яно зроблена з улікам асноўных патрабаванняў: малюнкі даволі рэалістычныя, маюць правільныя прапорцыі і выразныя выявы, зручныя для зрокавага і тактыльнага абследавання. Пано займае частку сцяны музычна-спартыўнай залы, што забяспечвае свабодны доступ да яго дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Пры вырабе выкарыстоўваўся фетр, тканіны рознай тэкстуры, засцежкі (кнопкі, кручкі, маланка, ліпучкі, гузікі). Дапаможнік складаецца з 3 частак, кожная з якіх накіравана на вырашэнне пэўнага комплексу задач. Паколькі група дзяцей з ЦМПР вельмі неаднастайная, то адбор зместу ў канкрэтнай сітуацыі з’яўляецца задачай педагога.

Частка “Пад парасонам” накіравана на замацаванне назвы частак цела і твару, формы і памеру геаметрычных фігур, распазнаванне хлопчыка і дзяўчынкі па знешніх прыкметах, фарміраванне ўмення карыстацца кнопкамі, маланкай, ліпучкамі. Выкарыстоўваюцца гульні і практыкаванні “Паглядзі і адгадай”, “Назаві часткі твару”, “Назаві часткі цела”, “Адзенне для дзяўчынкі”, “Адзенне для хлопчыка”, “Дапамажы расшпіліць/зашпіліць”, “Правая і левая рука”, “Падбяры па форме”, “Вялікі — сярэдні — маленькі”. Частка “На сажалцы” дапамагае дзецям у гульнявой форме запомніць лічбы, вучыць парадкаваму лічэнню, а таксама вырашае задачы замацавання паняццяў “вялікі” і “маленькі”, фарміравання прасторавых уяўленняў (“уверсе — унізе”, “злева — справа”). Адпаведна выкарыстоўваюцца гульні і практыкаванні “Вялікі — маленькі”, “Хто ўверсе — хто ўнізе?”, “Хто злева — хто справа?”, “Злаві рыбку з названай лічбай”, “Палічы”, “Якая рыбка сплыла?”. Частка “Ля дрэва” накіравана на фарміраванне і далейшае развіццё прасторавых уяўленняў (“уверсе — унізе”, “злева — справа”) і ўмення выкарыстоўваць розныя віды засцежак, вучыць дзяцей разумець і выкарыстоўваць прыназоўнікі пад, на, у, распазнаваць і групаваць прадметы па колеры. Пры гэтым выкарыстоўваюцца гульні і практыкаванні: “Раскладзі садавіну па кошыках”, “Знайдзі такі ж па колеры”, “Уверсе — унізе”, “Хто ў дупле?”, “Хто на дрэве, хто пад дрэвам?”, “Дапамажы вожыку”, “Куды прыляцела птушачка?”. Дапаможнік выкарыстоўваецца для фарміравання ў дзяцей асноў бяспечных паводзін пры вывучэнні тэм “Правілы паводзін у лесе”, “Правілы паводзін на вадаёме”.

Адначасова з рашэннем названых задач фарміруюцца навыкі камунікацыі і ўзаемадзеяння, развіваецца дробная маторыка, тактыльнае і зрокавае ўспрыманне. Вопыт работы з сенсорным пано дазволіў павысіць у дзяцей пазнавальную актыўнасць, пашырыць уяўленні аб навакольным свеце, палепшыць навыкі самаабслугоўвання. Усё гэта спрыяе не толькі эфектыўнай карэкцыйнай рабоце, але і сацыялізацыі дзяцей з цяжкімі і/або множнымі фізічнымі і/або псіхічнымі парушэннямі развіцця.

Аксана ДУЛІНЕЦ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Докшыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.