Да навыкаў беларускага маўлення праз фальклорныя творы

У Смаргонскім яслях-садзе — пачатковай школе да беларускай мовы дзяцей далучаюць праз забаўлянкі, песенькі, казкі.

У нашай краіне, дзе афіцыйна існуюць дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская, прыярытэт аддаецца часцей рускай. Не толькі ў горадзе, але і ў сельскай мясцовасці стала модным размаўляць у сям’і і ў грамадскіх месцах па-руску. Маўленне людзей часта скажаецца, ужываюцца дыялектныя або русіфікаваныя словы, і атрымліваецца трасянка. І нават казкі сваім дзецям бацькі чытаюць на рускай мове. Крыху крыўдна за такія несправядлівыя адносіны да роднай мовы. З уласнага вопыту зрабіла выснову, што дзеці не супраць паслухаць беларускія казкі, песенькі, забаўлянкі або пагуляць у беларускія народныя гульні. Бяда ў тым, што ім гэта амаль не прапануецца або праводзіцца сцісла, бегла, неэмацыянальна, без душы.

У сувязі з гэтым узрастае роля ўстановы дашкольнай адукацыі ў павышэнні статусу беларускай мовы сярод бацькоў і калег, у фарміраванні не толькі камунікатыўных навыкаў у выхаванцаў, але і нацыянальнай свядомасці сродкамі роднай мовы, культурных традыцый, фальклорнай спадчыны. Таму я вырашыла далучаць сваіх выхаванцаў да беларускага маўлення ў штодзённым жыцці ў розных відах дзейнасці, выкарыстоўваючы сродкі фальклору.

У нашай установе дзейнічае група з беларускай мовай навучання. Работа па далучэнні дзяцей да беларускай мовы пачыналася праз забаўлянкі, песенькі, загадкі, лічылкі, казкі — адным словам, праз фальклор.

У першую чаргу дзейнасць была накіравана на стварэнне прадметнага развіццёвага асяроддзя. Сцены прыёмнага і групавога пакояў прыгожа размаляваны з выкарыстаннем беларускіх казачных сюжэтаў. Уся наглядная інфармацыя для бацькоў на стэндах падаецца на беларускай мове. Тут жа, у кутку, арганізавана выстава прадметаў побыту беларусаў: ручнікі, сурвэткі, посуд, цацкі з лёну, гліны, саломкі. У групавым пакоі таксама ёсць куток беларускай народнай культуры, дзе размешчаны наглядны ілюстраваны матэрыял па азнаямленні з родным горадам Смаргонь і нашай краінай, лялькі ў беларускім народным адзенні, скульптуры малых форм, кніжкі з беларускімі народнымі казкамі. З дапамогай бацькоў зроблены птушкі-сімвалы Беларусі — бусел з буслянятамі ў гняздзе, плецены кошык, драўляная калыска для лялькі. Для драматызацыі казак, пацешак выкарыстоўваюцца розныя віды тэатра. Для правядзення карагодных і рухавых беларускіх гульняў выраблены шматлікія маскі-какошнікі. Многія лялькі названы беларускімі імёнамі. Таксама ў нашай установе ёсць невялікі музейны пакой “Лялькі”, дзе сабраны фабрычныя і самаробныя лялькі, у тым ліку беларускія, і можна наглядна прадэманстраваць дзецям іх разнастайнасць і самабытнасць.

Працэс фарміравання ў дзяцей навыкаў беларускага маўлення праз розныя формы фальклору праходзіць паэтапна, а пачынаецца з малодшага дашкольнага ўзросту. Работа з дзецьмі плануецца па тэматычным прынцыпе і арганізуецца так, каб засваенне роднай мовы праз знаёмства з фальклорам адбывалася як у штодзённых зносінах, так і ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці. Прыход дзяцей раніцай у групу пачынаецца з сімвалічнага прывітання з буслом Бусем, які чакае кожнае дзіця пры ўваходзе ў пакой. Бусел “прыходзіць” на заняткі, гуляе з дзецьмі, знаёміць з беларускімі народнымі гульнямі, прыўносіць сюрпрызныя моманты ў штодзённае жыццё.

Беларускія народныя гульні з вершаваным тэкстам уключаюцца як у спецыяльна арганізаваную дзей­насць, так і ў вольны час, у тым ліку прагулкі. Гуляючы ў карагодныя гульні, дзеці паўтараюць словы і выразы, нават не заўважаючы таго, што гульня праводзіцца на беларускай мове. Закалыхваючы ляльку, прагаворваем або спяваем вершаваныя тэксты, якія міжволі адкладваюцца ў свядомасці дзяцей. Так у гульнявой форме малышы знаёмяцца з гучаннем і значэннем беларускіх слоў, і ў іх фарміруецца пачуццёвая аснова беларускага маўлення.

Потым, калі дзеці падрастаюць, яны вучацца рэпрадук­тыўнаму маўленню. Казкі і вершаваныя тэксты пацешак, лічылак, калыханак, загадак дапамагаюць развіваць беларускае маўленне выхаванцаў, узбагачаць іх слоўнікавы запас. Праз змест твораў дзеці спазнаюць рытмічнасць і напеўнасць гаворкі. Казкі нясуць у сабе і вялікі выхаваўчы патэнцыял: пры чытанні або расказванні ўвага дзяцей звяртаецца на здольнасць да суперажывання, уменне адрозніваць дабро ад зла.

Гуляючы ў народныя гульні-драматызацыі, мы размяркоўваем ролі і дыялогі. Каштоўнасць гэтых гульняў заключаецца ў тым, што ў іх адлюстроўваюцца нацыянальныя традыцыі, звязаныя з прыродай, побытам і працай лю­дзей. Таму народныя гульні садзейнічаюць не толькі развіццю беларускага маўлення, але і знаёмству з беларускай культурай. Вядзенне дыялогу спрыяе запамінанню і разуменню беларускіх слоў, развіццю актыўнасці маларухавых і сціплых дзяцей. Правядзенне такіх мерапрыемстваў стварае пазітыўныя эмоцыі, выхоўвае дружалюбныя адносіны паміж выхаванцамі, фарміруе культуру паводзін, патрыятычныя пачуцці.

Штогод у нашай установе ў лютым праводзіцца ты­дзень беларускай мовы “Мова родная — пявучая і звонкая!”. У гэты час уся дзейнасць з дзецьмі і бацькамі накіравана на далучэнне да беларускага маўлення. Праводзяцца тэматычныя заняткі, выставы, тэатралізаваныя мерапрыемствы, дзе выхаванцы дэманстру­юць свае ўменні ў расказванні вершаў, пацешак, выкананні танцавальных і гульнявых дзеянняў, у выяўленчай дзейнасці. Для бацькоў рыхтуюцца папкі-перасоўкі “Гутарым і гатуем па-беларуску”, “Люблю сваю хатку як родную матку!”, дзе сабраны рэцэпты старадаўніх беларускіх страў, вершы для дзяцей пра радзіму, спіс праграмных твораў беларускіх аўтараў і фальклору, іншы матэрыял.

Каб сфарміраваць у бацькоў актыўную сацыяльную пазіцыю як удзельнікаў выхавання асобы дзіцяці, неабходна далучаць іх да выхавання ў дзяцей патрыятызму, любові і павагі да роднай мовы і культуры. З гэтай мэтай вядзецца  інфармацыйна-растлумачальная работа праз індывідуальныя і калектыўныя кансультацыі, бацькоўскія сходы, удзел у падрыхтоўцы і правядзенні адкрытых мерапрыемстваў з дзецьмі.

Ірына БЫЛІНСКАЯ,
выхавальніца дашкольнай адукацыі Смаргонскага ясляў-сада — пачатковай школы.