Чытанне без прымусу

Гомельская сярэдняя школа № 45 — адкрытая і даступная для ўсіх навучальная ўстанова. Тут вучацца дзеці з рознымі адукацыйнымі запатрабаваннямі. Ёсць высокаматываваныя навучэнцы, а ёсць і тыя, каму вучоба даецца насілу. 

Каб дапамагчы навучэнцам пераадолець праблемы ў чытанні, наша школа прыняла ўдзел у рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі сістэмнай, індывідуальна арыентаванай карэкцыйна-педагагічнай работы з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пры цяжкасцях авалодання імі працэсам чытання”. 

Кансультантам праекта стала Валянціна Гладкая, загадчык кафедры дэфекталогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт. Шматгадовы вопыт работы з дзецьмі з цяжкасцямі ў навучанні паказаў важнасць і неабходнасць змены падыходаў да традыцыйных метадаў. Авалодане чытаннем дапаможа ў будучыні паспяхова засвойваць усе астатнія прадметы і дысцыпліны. Вырашыць праблему, павялічыўшы аб’ём чытання, не атрымлівалася, таму мы сталі высвятляць, у чым прычыны цяжкасцей. І толькі тады зразумелі, якую дапамогу неабходна аказаць дзецям.

На пачатковым этапе мы сутыкнуліся з некаторымі праблемамі. Настаўнікі пачатковых класаў не працуюць у галіне спецыяльнай педагогікі, бо ва УВА не ўсіх педагогаў рыхтуюць да работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Таму актыўны ўдзел і дзейсную дапамогу ў рэалізацыі праекта аказвалі настаўнікі-дэфектолагі. Асноўнымі мэтамі, якія мы паставілі перад сабой, былі павышэнне паспяховасці ў авалоданні працэсам чытання і павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці спецыялістаў установы адукацыі.

На першым этапе вы­дзелілі цяжкасці пры навучанні чытанню, склалі схемы абследавання. На другім — вялі работу па выяўленні прычын цяжкасцей. На занятках прапаноўвалі дзецям заданні дыягнастычнай скіраванасці, каб выявіць прычыны, што выклікаюць цяжкасці пры чытанні. Трэці этап — карэкцыя выяўленых парушэнняў чытання.

У рабоце мы выкарыстоўвалі сістэму спецыяльных практыкаванняў, якія актыўна ўплываюць на асноўныя параметры чытання: асэнсаванне, тэхніку, выразнасць. Таксама на ўроках і карэкцыйных занятках выкарыстоўвалі методыкі адукацыйнай кінезіялогіі “Пазбавімся двоек” і “Гімнастыка мозгу”. Стварылі картатэку кінезіялагічных практыкаванняў, распрацавалі гульні і дапаможнікі, накіраваныя на прыцягненне цікавасці дзяцей да чытання: чытанне з накрыўкамі, гульні з літарамі, дыдактычныя гульні “Варэнне”, “Пірамідка”, “Збяры кветку”, “Адгадай па першых літарах”.

У рабоце мы выкарыстоўвалі сістэму спецыяльных практыкаванняў, якія актыўна ўплываюць на асноўныя параметры чытання, прымянялі методыкі адукацыйнай кінезіялогіі.

У рамках праекта правялі літаратурную віктарыну, адкрытыя ўрокі і карэкцыйныя заняткі, урокі пазакласнага чытання, літаратурна-музычнае мерапрыемства, класныя гадзіны… Да рэалізацыі праграмы інавацыйнай дзейнасці прыцягваліся баць­кі. Педагогі правялі сходы на тэму “Чытанне з захапленнем”. У рамках работы над праектам у школе прайшла дэкада “Чытанне без прымусу”. Настаўнікі падрыхтавалі займальныя мерапрыемствы, на якіх дзяліліся вопытам работы над праектам са сваімі калегамі. Гасцямі сталі і бацькі навучэнцаў. Усе разам удзельнічалі ў віктарынах і гульнях.

У выніку работы над інавацыйным праектам у навучэнцаў паменшылася колькасць памылак пры чытанні, павялічылася цікавасць да ўрока літаратурнага чытання, у педагогаў павысілася творчая актыўнасць. Пасля завяршэння работы ў праекце можна з упэўненасцю сказаць, што выбраныя метады, сістэма практыкаванняў, камандная работа спецыялістаў прынеслі станоўчыя вынікі.

Вікторыя КУКСА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 45 Гомеля.