Чорны хлеб для птушак шкодны

Зіма — самы час, каб карміць птушак. Улетку яны дапамагаюць нам, узімку — мы ім. Вераб’і, напрыклад, знішчаюць тлю незвычайным спосабам: завісаюць над галінкамі, актыўна махаюць крыламі, тля ападае і птушкі збіраюць яе на зямлі. Сініца наогул самая карысная для саду птушка. За сезон яна выводзіць птушанят два, а то і тры разы. Каб выкарміць сваіх дзетак, яна актыўна палюе ўвесь сезон. Пры гэтым выдатна знішчае яблыневую пладажэрку. Узімку яна знаходзіць кузурак, якія схаваліся пад карой дрэў.

Мы робім акцэнт на важнасці карыснага харчавання для птушак, вучым клапаціцца пра прыроду правільна. Падчас акцыі “Птушкі ля кармушкі” дзеці будуць займацца зімнім улікам птушак.

Для птушак, якія жывуць у нашым Жыткавіцкім раёне, мы з вучнямі прыносім несалёнае, неабсмажанае насенне сланечніка. Насенне пустазелляў — адзін з самых танных і карысных кармоў. Вучні Малешаўскай базавай школы загадзя зрабілі кармушкі для птушак, а па восені актыўна дапамагалі збіраць насенне рознай травы, прыдатнай для корму птушак, на сенажацях. Таксама выкарыстоўваем для корму арахіс, несалёнае сала, яблыкі, грушы, ягады рабіны, глогу, проса, насенне лёну, крошкі сухога белага хлеба. Увага: чорны хлеб, наадварот, шкодны для птушак.

Многія людзі, якія актыўна падкормліва­юць птушак, не задумваюцца над правільным рацыёнам для іх. Між тым самай вялікай праблемай з’яўляецца падкормка вадаплаўных птушак. Карміць іх хлебам проста недапушчальна!

Асноўным рацыёнам лебедзя ў прыродзе з’яўляецца планктон, дробная рыба, ракападобныя і водныя расліны, якія лёгка засвойваюцца і ператраўліваюцца. А вось бяскрыўдны на першы погляд хлеб выклікае парушэнне мікрафлоры страўнікава-кішачнага тракту, парушае работу нырак і абмен рэчываў. Думаю, многія сустракалі вадаплаўных птушак з анамаліямі, якія часта называюць “крыло анёла”.

Справа ў тым, што прадукты з высокім утрыманнем вугляводаў і адсутнасцю вітамінаў Д, Е, марганцу прыводзяць да парушэння касцявой структуры крылаў. З часам птушка губляе здольнасць да палётаў і гіне, стаўшы лёгкай здабычай драпежніка. А вось зацвілы хлеб, які часам скорм­ліваюць качкам ці лебедзям, выклікае аспергілёз — смяротнае захворванне лёгкіх, якое здольна знішчыць усю чараду вадаплаўных птушак.

Таму для вадаплаўных патрэбен зусім іншы рацыён. Напрыклад, рыбны фарш, злёгку праваранае проса, абвараная ў лупінах бульба, морква, свежая садавіна. Будзе лепшым даць магчымасць птушкам самім знайсці сабе пражытак, чым карміць іх непрыдатным кормам.

Настасся БЛОЦКАЯ,
педагог дадатковай адукацыі Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, старшыня Жыткавіцкага аддзялення “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.