Чэк­-ліст алімпіядніка

На карце школьнага жыцця шмат дарог, і адна з іх — няпросты шлях да дыплома пераможцы рэспубліканскай алімпіяды. Аднойчы адолеўшы  гэты шлях, настаўнік і вучань зноў імкнуцца стаць на яго. Усё таму, што працэс асобаснага росту пры падрыхтоўцы да алімпіяды не менш прыемны і значны, чым дыплом пераможцы або пражыванне сітуацыі поспеху.

Вядома, няма пэўных пракладзеных шляхоў, ідучы па якіх малады педагог можа быць упэўнены, што абавязкова выгадуе алімпіядніка. Тое, што прывяло да поспеху пяць гадоў назад, можа не спрацаваць сёння. Тое, што дапамагло аднаму, не абавязкова стане паспяховым для іншага. Кожнаму давядзецца прайсці свае скрыжаванні, пераадолець свае перашкоды. Ёсць, аднак, агульныя моманты, якія могуць быць карыснымі маладым калегам. Такім чынам, на што трэба звяртаць увагу пры падрыхтоўцы да алімпіяды па геаграфіі?

Першае — вучань. Адна з самых складаных задач для настаўніка — знайсці, вырасціць і не страціць зацікаўленага вучня, здольнага стаць алімпіяднікам. У канкурэнцыі за вучня настаўніку геаграфіі прыхо­дзіцца пераадольваць такую перашкоду, як “незапатрабаванасць” ведаў па геаграфіі ў жыцці будучага абітурыента. На жаль, часцей за ўсё глыбокае веданне гэтага прадмета не патрабуецца ні пры здачы выпускных экзаменаў, ні пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі, за тым рэдкім выключэннем, калі геаграфію здаюць падчас ЦТ. Дык вось, свайго вучня варта шукаць з 5—6 класа. На што трэба звяртаць увагу? Ці праяўляе хлопец або дзяўчына дапытлівасць. Ці старанна і творча выконвае дамашняе заданне? Ці прыгожа піша? Дарэчы, вітаецца вопыт мастацкай школы або проста “добра пастаўленая” рука, таму што трэба выконваць шмат заданняў на контурнай карце, маляваць, рабіць чарцяжы і схемы. Педагогу важна своечасова зразумець, што яго пратэжэ не фізік (хімік, лірык, матэматык), інакш вялікая верагоднасць таго, што ў старшых класах здаровы сэнс звядзе навучэнца далей ад геаграфіі і бліжэй да тых прадметаў, якія трэба будзе здаваць на ЦТ. Пры гэтым важна, каб у патэнцыяльнага алімпіядніка не было цяжкасцей з матэматыкай, бо сярод заданняў шмат задач, якія не рашыць без ведання геаметрычных формул (варта параіцца з настаўнікамі матэматыкі).

Другое — моцная база ведаў. У 5—8 класах вучні павінны максімальна добра засвойваць змест падручніка. Даводзіцца шмат працаваць на паўтарэнне тэм, у тым ліку па дапаможніку “Чалавек і свет”. Вялікую ўвагу ў гэтых класах удзяляю адпрацоўцы навыкаў работы з контурнай картай. Для замацавання ўменняў задаю заданні па контурнай карце на лета.

Трэцяе — спецыяльная сістэма пад­рыхтоўкі са старшакласнікамі. Зыходзячы са сваёй практыкі заўважыла, што вучняў 9 —11 класаў на занятках па падрыхтоўцы да алімпіяды варта аб’ядноўваць. Алімпіядныя заданні ў гэтых класах мала чым адрозніваюцца, затое ідзе адначасовае паўтарэнне і ўзаемнае ўзбагачэнне ведамі і вопытам. Акрамя таго, вельмі складана знайсці час, калі ўсе вучні вольныя, таму прасцей сабраць іх у шосты школьны дзень. І, вядома, адной гадзіны на работу з алімпіяднікамі катастрафічна мала, а профіль па геаграфіі — з’ява даволі рэдкая. Таму часта даводзіцца працаваць за ідэю. Я працую са старшакласнікамі не менш як 2 гадзіны на тыдзень вочна да другога этапу алімпіяды. Пры падрыхтоўцы да трэцяга этапу — па 2 гадзіны два-тры разы на тыдзень. За месяц да заключнага этапу заняткі праводжу практычна кожны дзень, акрамя выхадных.

Чацвёртае — вучэбны матэрыял. Пры падрыхтоўцы да алімпіяды важная наяў­насць добрага арсенала вучэбнай літаратуры. Крыніцы інфармацыі і ведаў — школьныя падручнікі і атласы, энцыклапедыі, слоўнікі, зборнікі тэстаў, займальная літаратура па геаграфіі, лекцыі і вучэбныя дапаможнікі У.П.Максакоўскага, тэкставыя і мультымедыйныя тэсты, многія з якіх ствараю сама (напрыклад, тэматычныя: падарожжы, кліматычныя паясы, славутасці, карысныя выкапні і інш.).

Запрашаю калег-географаў да дыскусіі або абмеркавання майго вопыту. Было б цікава даведацца, які шлях вы прайшлі са сваімі паспяховымі вучнямі.

Добрай падмогай у рабоце становяцца матэрыялы, якія навучэнцы прывозяць са збораў, платных курсаў па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды. Гэтыя матэрыялы прапрацоўваем з усімі, хто на курсах не быў.

Пятае — самастойная работа. Раней я многае давала вывучаць самастойна. Але вопыт паказвае, што вялікі аб’ём матэрыялу, няўменне вылучаць галоўнае або складаныя месцы ў непрапрацаваным матэрыяле значна зніжаюць эфектыўнасць такой работы. Таму я стала даваць у якасці самастойнай падрыхтоўкі толькі тое, што патлумачыла на занятках. У дадатак стаўлю нейкія задачы: сістэматызаваць інфармацыю, скласці канспект, табліцу, замаляваць ці адзначыць на карце. Гэты падыход павялічвае нагрузку на настаўніка, аднак павышае якасць засваення матэрыялу навучэнцамі.

Шостае — падача матэрыялу. Лічу, што аптымальны метад вывучэння і сістэматызацыі алімпіядных матэрыялаў — блокава-модульная тэхналогія. Асноўнай мэтай блокава-модульнага навучання геаграфіі з’яўляецца актывізацыя самастойнай работы дзяцей на працягу ўсяго перыяду навучання. Навучанне вядзецца па прынцыпе паступовага назапашвання ведаў, пераход да наступнага модуля ажыццяўляецца пасля поўнага засваення папярэдняга, прычым кожным навучэнцам індывідуальна. Напрыклад, тэктанічная будова (агульнае ўяўленне, спрэдынг, субдукцыя, платформы, пліты, шчыты, наменклатура па кожным мацерыку, эндагенны рэльеф, землетрасенне, віды вулканізму…). Заданняў па эканамічнай геаграфіі становіцца менш, бо мяняюцца краіны-лідары, арганізацыі, тэхналогіі. Трэба ўдзяліць увагу паўтарэнню матэрыялу падручнікаў за 8 і 10 класы. А вось сацыяльная геаграфія з кожным годам прадстаўлена ўсё больш шырокім колам пытанняў, таму стараемся перачытваць аўтараў геапалітычных канцэпцый, працуем з інфармацыяй з адкрытых крыніц у інтэрнэце.

Сёмае — быць у тонусе. Пасля заканчэння алімпіяды важна ведаць, што расслабляцца часу няма: спыніўся — адстаў ад канкурэнтаў. Работа ў чацвёртай чвэрці хоць і становіцца менш інтэнсіўнай, але не спыняецца. Ідзе начытка матэрыялу па экалагічных і сацыяльных праблемах, паўтарэнне наменклатуры карты свету і карты Беларусі, адпрацоўваецца выкананне мультымедыйных заданняў. У залежнасці ад слабых месцаў навучэнцаў на лета камусьці задаю паўтараць назвы вытворчасцей, эмблемы, камусьці — краіны і сталіцы, іншым — гідраграфію і араграфію, усім задаю запаўняць контурныя карты.

У мінулым навучальным годзе мне па­шчаслівіла падрыхтаваць трох удзельніц трэцяга этапу алімпіяды. Дзве з іх сталі прызёрамі, адна — прызёрам чацвёртага, заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Гэтае дасягненне стала сапраўднай падзеяй для нашай гімназіі, дзе матываваныя навучэнцы шмат гадоў перамагаюць у алімпіядах па фізіцы, гісторыі, інфарматыцы.

Спадзяюся, гэты невялікі чэк-ліст можа стаць пачаткам вашага шляху да дыплома алімпіяды або дапаможа на гэтым шляху рушыць наперад. Запрашаю калег-географаў да дыскусіі або абмеркавання майго вопыту. Было б цікава даведацца, які шлях  прайшлі вы са сваімі паспяховымі вучнямі.

Алена АЛЯКСЕЕВА,
настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Барысава.