Час дарыць і атрымліваць радасць

Шосты дзень тыдня — субота — з’яўляецца арганічнай часткай цэласнай вучэбна-выхаваўчай сістэмы школы. Адной з важных задач, якія стаяць перад педагагічным калектывам школы, з’яўляецца эфектыўная арганізацыя выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень.

Школьныя святы — адна з форм выхаваўчай работы з дзецьмі. У жыцці малодшага школьніка свята займае асаблівае месца. Пры падрыхтоўцы масавых мерапрыемстваў неабходна ўлічваць узроставыя і псіхалагічныя асаблівасці дзяцей. Напрыклад, для малодшых школьнікаў характэрнымі асаблівасцямі з’яўляюцца імкненне пазнаваць свет у гульні, хуткая стамляльнасць, няўменне доўга канцэнтраваць увагу, павышаная эмацыянальная ўзбуджальнасць, жаданне спаборнічаць з аднагодкамі. Для іх характэрны яркасць, вастрыня ўспрымання, імкненне да самавыяўлення. Гэта павінна вызначаць і формы работы. У арганізацыі і правядзенні свят прымаюць удзел увесь калектыў класа, старэйшыя браты і сёстры, бацькі малодшых школьнікаў. Калектыўная дзейнасць па падрыхтоўцы да свята бывае, як правіла, радаснай, спрыяе ліквідацыі канфліктных сітуацый паміж дзецьмі, іх згуртаванню, што робіць школьнае свята эфектыўным сродкам для развіцця і росту калектыву.Праз арганізацыю свят навучэнцы далучаюцца да пэўных культурных традыцый, раскрываюцца індывідуальнасць дзіцяці, сумленнасць, высакароднасць, душэўная чуласць, імкненне паставіць сябе на месца іншага. Перад педагогамі ў арганізацыі свят пастаўлена адна з найважнейшых задач: распазнаць вучня, адкрыць яго таленты, выявіць усё каштоўнае, што ўласціва яго характару, памкненням, а таксама ўсё, што перашкаджае яму праявіць сябе. З кожным дзіцем неабходна ўзаемадзейнічаць па-рознаму, для кожнага патрэбен свой канкрэтны, індывідуальны падыход. У залежнасці ад характару вызначаецца роля ўдзельніка ў свяце. Дзецям, якія не вельмі добра чытаюць і распавядаюць уголас пры вялікай колькасці навакольных людзей, можна даверыць мастацкае або музычнае афармленне мерапрыемства. Дзіця павінна адчуць, што яно таксама ўдзельнічае ў свяце, каб не было крыўды, што не атрымала ролю ці не прачытала верш.

Змест любога свята залежыць ад таго, які падбор дзяцей і бацькоў у класным калектыве. Ад здольнасцей дзяцей таксама многае залежыць, таму для кожнага набору дзяцей — свае святы. У некаторых класах упор можна зрабіць на літаратурныя віктарыны, вечары паэзіі, спектаклі. Камусьцi больш цікавыя канцэрты, спартыўныя конкурсы, спаборніцтвы “Вясёлыя старты”, творчыя КВЗ, з выкарыстаннем мастацкай накіраванасці. У падрыхтоўцы і правядзенні свят няма дробязей.

У нашым класным калектыве свята як форма работы вельмі прымальнае, цікавае і, на мой погляд, эфектыўнае. Пацвярджэннем гэтага стала правядзенне ў адзін з суботніх дзён выхаваўчага мерапрыемства ў форме свята для малодшых школьнікаў “Восень! Слаўная пара!”. Асноўная мэта гэтага мерапрыемства — абагульніць веды дзяцей аб восені.

Для яе дасягнення нам спатрэбілася:

— стварыць умовы для ўмацавання сувязі ў калектыве з дапамогай зносін “вучань — бацькі — настаўнік”, выкарыстоўваючы індывідуальны падыход;

— сфарміраваць і пашырыць уяўленні аб восені як пары года;

— замацоўваць веды аб прыкметах восені, агародніне, ядомых і неядомых грыбах;

— развіваць пазнавальны інтарэс, лагічнае мысленне, уменне дзейнічаць у групе.

— выхоўваць любоў да прыроды, да пары года восенi.

Добрым стымулам для творчасці дзяцей з’яўляўся працэс падрыхтоўкі да свята ў выглядзе розных конкурсаў: на лепшы малюнак па тэме “Восень — чароўная пара!”, выраб з паперы і кардону восеньскага лісця, павучкоў, агародніны і садавіны, грыбоў для афармлення выставы “У садзе ці ў агародзе”, “Грыбная паляна”. Асабліва важная была дапамога бацькоў пры афармленні і падрыхтоўцы абсталявання для мерапрыемства.

Пры правядзенні свята выкарыстоўвалася музычнае суправаджэнне, дзеці выконвалі песні, інсцэніроўкі, танцавалі, расказвалі вершы, загадвалі гасцям загадкі, удзельнічалі ў конкурсах, гульнях. Зала была ўпрыгожана восеньскім лісцем, зробленым рукамі дзяцей, малюнкамі, вырабамі з прыроднага матэрыялу. На сцэне — назва свята. Дзіця, якое імкнецца да лідарства ў класе, узяло на сябе ролю галоўнай гераіні свята — Восені. Дзеці, якія ўмеюць арганізаваць іншых, выконвалі ролю вядучых і дапамагалі настаўніку ў правядзенні. Кожны знайшоў магчымасць рэалізаваць і праявіць сябе. Для гасцей-аднагодкаў, запрошаных на свята, былі арганізаваны забаўляльныя хвілінкі, рухавыя гульні. У завяршэнне мерапрыемства гаспадыня Восень раздала прысутным восеньскія букеты на памяць. Бацькі, якія прысутнічалі на свяце, атрымалі мноства добрых уражанняў, назіраючы за сваімі дзеткамі. А дзецi былі шчаслівыя ад слоў падзякі сваіх бацькоў. Гэта галоўны паказчык паспяхова праведзенага святочнага мерапрыемства для настаўніка: задаволеныя дзеці і шчаслівыя бацькі.

Пасля мерапрыемства вельмі важна абмеркаваць разам з дзецьмі, як прайшло свята. Што атрымалася, якія моманты былі выдатныя, а якія не зусім удаліся? Важна даць кожнаму выказаць сваё меркаванне. Гэта дапаможа назапасіць вопыт правядзення свят, пазбегнуць тыповых памылак і даць упэўненасць у сваіх сілах для правядзення наступных мерапрыемстваў.

Гатовы сцэнарый — гэта практычна заўсёды шаблон, на аснове якога кожны настаўнік распрацоўвае сваё мерапрыемства. Ён запазычвае ідэю, асобныя фрагменты, але ўносіць карэкціроўкі, дапаўненні, прыбірае лішняе і робіць арганізацыю свята для вучняў свайго класа індывідуальнай і асаблівай. Настаўнік — асоба творчая, і ён не церпіць паўтораў і штодзённасці. Добры настаўнік заўсёды ў творчым пошуку цікавага і неспазнанага для сваіх вучняў.

Алена ІВАНЦОВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.