“Чароўныя пальчаткі” на занятках лагапеда

Сёння назіраецца павелічэнне колькасці дзяцей з парушэннямі гукавымаўлення. Гэта з’яўляецца вынікам аслабленых мышцаў органаў артыкуляцыі, якія не дазваляюць зрабіць правільны ўклад языка ці вуснаў. Для таго каб дасягнуць прыгожага вымаўлення гукаў, неабходна ўмацаваць мышцы артыкуляцыйнага  апарату і навучыць дзіця правільна дыхаць.

У сваёй практыцы для таго, каб атрымаць добры вынік, я пачала выкарыстоўваць такі метад, як біяэнергапластыка. Гэта спалучэнне рухаў артыкуляцыйнай маторыкі і пальцаў рук. У момант выканання практыкавання рука паказвае, дзе і ў якім становішчы знаходзіцца язык ці вусны.

Біяэнергапластыка паляпшае ў дзіцяці кровазварот, пры гэтым умацоўваюцца мышцы твару, развіваецца дробная маторыка рук і агульнае маўленне. Сінхранізацыя маўленчай і дробнай маторыкі ўзмацняе выніковасць карэкцыйных заняткаў.

У прымяненні гэтай методыкі ёсць свае асаблівасці. Спачатку практыкаванні паказвае настаўнік, а затым іх выконвае дзіця. Да артыкуляцыйнага практыкавання далучаецца вядучая рука, потым удзельнічаюць абедзве рукі адначасова. З мэтай павышэння зацікаўленасці дзяцей прымяняю ў сваёй рабоце розных персанажаў (“чароўныя пальчаткі”), музыку і прагаворванне вершаў.

Узаемадзеянне маўлення і руху спрыяе развіццю мыслення, таму нашы заняткі па карэкцыі гукавымаўлення праходзяць весела, актыўна, а галоўнае — вельмі прадукцыйна. Для вырабу “чароўных пальчатак” дзеці часта прапануюць свае творчыя ідэі. І ў канчатковым выніку атрымліваецца той герой, які дапамагае навучыцца правільна і прыгожа гаварыць кожнаму дзіцяці, якое наведвае заняткі лагапеда. Некаторыя пальчаткі вучні вырабляюць дома разам з бацькамі, упрыгожваюць іх пацеркамі, гузікамі і паеткамі, тым самым развіваючы дробную маторыку рук. Гэтыя прадметы можна выкарыстоўваць у інсцэніроўках. Кожная з пальчатак з’яўляецца асобным героем, які можа самастойна расказваць верш, спяваць песню ці прыду­маць нейкае цікавае апавяданне. Такім чынам мы развіваем памяць дзіцяці, голасавядзенне і творчы кірунак.

Прымяненне  ў лагапедычнай практыцы біяэнергапластыкі можа зрабіць заняткі кожнага спецыяліста яркімі і непаўторнымі.

Алена  СЛЯСАРЧЫК,
настаўнік-дэфектолаг гімназіі № 1 імя  К.Каліноўскага Свіслачы.