Чароўны свет фарбаў

“Сёння мы будзем маляваць, фантазіраваць і марыць…” — гэтымі простымі словамі пачынаюцца кожныя заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Цуда-дызайн”. І дзеці ў чаканні чагосьці новага, цікавага, цудоўнага. Яны гатовы слухаць, вучыцца, тварыць.

Карысць малявання, як вядома, вялікая. Яно развівае памяць, увагу, дробную маторыку, вучыць дзяцей думаць і аналізаваць, суадносіць і параўноўваць, складаць і ўяўляць. Усе дзеці ад прыроды надзелены яркімі здольнасцямі. Варта толькі падарыць дзіцяці радасць творчасці, усведамленне свайго асабістага аўтарскага голасу — і цяга да мастацтва стане яшчэ больш яскравай.

— Вазьміце ў рукі аловак… Уявіце вобраз прадмета… Выканайце накід, — пачуўшы гэта, хлопчыкі і дзяўчынкі пачынаюць маляваць. Як могуць, як умеюць, як атрымліваецца. Яны адчува­юць і ўсведамляюць сябе сапраўднымі мастакамі. А гэта, паверце, вельмі важна.

Асвойваючы праграму навучання, дзеці вучацца адрозніваць прыгажосць навакольнага свету праз фарбы. Як і ў любой справе, у маляванні ёсць свае правілы. Нельга ператварыць чалавека ў генія, калі няма прыроджаных задаткаў, але можна наву­чыць дзіця глядзець на свет вачыма мастака. І пры жаданні авалодаць майстэрствам юны мастак хутка навучыцца адлюстроўваць самотнае дрэва, вясёлы ручаёк, свойскую жывёліну. Ён будзе бачыць, што ў прыродзе больш за сто адценняў зялёнага колеру, што ноч можа быць не толькі цёмнай, палохаючай, але і зорнай, чароўнай, а зіма можа быць халоднай і сяр­дзітай або цёплай і пухнатай.

Нельга ператварыць чалавека ў генія, калі няма прыроджаных задаткаў, але можна навучыць дзіця глядзець на свет вачыма мастака.

Задача педагога — даць дзіцяці правільныя і патрэбныя ў жыцці веды. Рыхтуючыся да заняткаў, я заўсёды прадумваю, як можна падаць матэрыял, каб дзецям было цікава маляваць, у якой паслядоўнасці лепш выконваць накіды, што прапанаваць для спрашчэння або ўскладнення работы.

Дзеці спрабуюць маляваць рознымі матэрыяламі. Праца­ваць гуашшу няпроста. Але змешваць у палітры колеры, атрымліваючы зусім новыя адценні, па душы любому дзіцяці, захопленаму жывапісам. Кожны ўжо ведае, якія колеры спалучаюцца паміж сабой, а якія — не. У кожнага маленькага мастака сваё бачанне карціны. Менавіта таму ўсе работы адрозніваюцца, у кожнай з іх можна знайсці свой індывідуальны почырк.

Таксама дзецям вельмі падабаецца графіка. З велізарным задавальненнем яны малю­юць васковымі крэйдамі, алейнай пас­тэллю, фламастарамі, каляровымі алоўкамі, а таксама гелевымі і шарыкавымі ручкамі. У гэтых распаўсюджаных мастацкіх матэрыялаў ёсць сапраўды дзівосныя магчымасці: чысціня і свежасць колеру, хвалюючая вібрацыя рысак, тонкасць і вытанчанасць ліній. Мае выхаванцы, азнаёміўшыся з рознымі выразнымі сродкамі графікі, вучацца выконваць малюнак так, каб ён выглядаў творам мастацтва і мог парадаваць кожнага і найперш самога аўтара.

Праграма навучання ў аб’яднанні па інтарэсах “Цуда-дызайн” разлічана на тры гады, але многія дзеці, аднойчы наведаўшы студыю і зацікавіўшыся жывапісам, застаюцца з намі значна даўжэй.

Уменне тварыць неацэннае. Невядома, ці стане хтосьці з маіх навучэнцаў мастаком, дызайнерам, архітэктарам. Але дакладна вядома адно: яны будуць ба­чыць прыгажосць і імкнуцца да яе, набудуць эстэтычны густ. Да таго ж творчасць развівае цярпенне і стараннасць, прыгожы почырк і акуратнасць, а задавальненне ад самога працэсу надае добры настрой. І яшчэ цудоўны вынік працы павышае самаацэнку юнага мастака, калі ён бачыць, як на пустым аркушы паступова з’яўляецца маленькі шэдэўр, калі яго работа атрымлівае высокую ацэнку і заслужаную ўзнагароду. Канечне, і я тады адчуваю вялікае задавальненне. Значыць, сістэма работы пабудавана і працуе правільна. 

Таццяна ВЫСОЦКАЯ,
педагог дадатковай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці.