Чамаданчык пацёрты, забыты…

Што аб’ядноўвае рэспубліканскую газету “Звязда” і сярэднюю школу № 45 Мінска? Імя Вячаслава Нікіфарава — члена Мінскага гарадскога падпольнага камітэта і рэдактара газеты “Звязда” ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У яго гонар названа вуліца, на якой размешчана ўстанова, дзе быў створаны музей гісторыі школы і вядомага выдання.

Па матэрыялах “Звязды”

— Першы нумар “Звязды” выйшаў 9 жніўня 1917 года. На стэндах музея вы ўбачыце сапраўдныя асобнікі газеты 1931, 1936 гадоў, па матэрыялах якіх можна прасачыць гісторыю краіны: калектывізацыя, індустрыялізацыя, суровыя гады вайны. Тут знаходзіцца нумар газеты за 22 чэрвеня 1941 года, — расказала намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Ганна Манькоўская. — Рэдактарам першага ваеннага нумары газеты, які выйшаў у маі 42-га, быў Ула­дзімір Амельянюк. Журналіст быў расстраляны фашыстамі, і новым рэдактарам “Звязды” стаў Вячаслаў Нікіфараў. У акупіраваным Мінску выйшлі чатыры нумары газеты. Пяты нумар быў арыштаваны. Да таго ж арыштавалі амаль усіх супрацоўнікаў, у тым ліку Вячаслава Нікіфарава, якога ў канцы 42-га пакаралі смерцю. Выданне газеты было адноўлена ў пачатку 1943 года.

Займаючыся пошукамі матэ­рыялаў аб пасляваеннай гісторыі газеты “Звязда”, вучні знайшлі матэрыял, у якім гаварылася аб адкрыцці ў 1953 годзе ў Мінску сярэдняй школы № 45 па вул. Суворава, 8. Першы дырэктар установы — Л.М.Сядура — чалавек, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну, удзельнік Сталінградскай бітвы. Адным з самых вопытных педагогаў школы была В.Ф.Курмілёва, настаўніца рускай мовы і літаратуры, заслужаны настаўнік БССР, узнагароджана ордэнам Леніна. Валянціна Фёдараўна — аўтар зборніка паэзіі “Голас сэрца”. Адзін асобнік зборніка з дарчым надпісам знаходзіцца ў музеі школы. З удзячнасцю выпускнікі ўспамінаюць і настаўніка фізікі М.М.Івановіча, які арганізаваў у школе радыёстудыю. Адным з яго выхаванцаў быў народны артыст СССР Алег Янкоўскі. Сярод выпускнікоў школы шмат вядомых людзей: спартсмены, прызёры Алімпійскіх гульняў, творчыя работнікі, выкладчыкі, дзяржслужачыя і г.д.

У мікрараёне Уручча сярэдняя школа № 45 упершыню расчыніла свае дзверы для вучняў 1 верасня 1985 года. Дырэктарам школы-новабудоўлі стала Л.П.Мацюшкова. У 1989 годзе па выніках рэс­публіканскіх сацспаборніц­тваў школа была прызнана пераможцай сярод школ рэспублікі з калектывам дзяцей, большым за адну тысячу. Дырэктар двойчы ўзнагаро­джана значком “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. З 2014 года і да цяперашняга моманту школу ўзначальвае Ірына Леанідаўна Зубрыцкая.

“Музей у чамадане”

— Наш музей прысвечаны гісторыі школы. Ён з’яўляецца вынікам шматгадовай творчай, пошукавай работы вучняў і педагогаў школы, — расказала экскурсавод музея вучаніца 9 класа Мілана Будзько. — У нашым праекце мы развіваем ідэю “музея ў чамадане” і прапаноўваем экскурсію “Падарожжа ў краіну Піянерыю”.

…Мы з вамі ў 1922 годзе ў Маскве. Друкарня на Чырвонай Прэс­ні. Першыя піянеры — іх 52 —дзяўчынкі і хлопчыкі, якія надзелі чырвоныя гальштукі першымі ў краіне. Піянеры арганізоўваліся ў групы, атрады: “Юная Працоўная армія”, “Спартакі”, “Дзіцячы Інтэрнацыянал”. 19 мая 1922 года была ўтворана піянерская арганізацыя. У 1925 годзе выйшла першая штотыднёвая газета “Піянерская праўда”, якая асвятляла ўсе піянерскія святы і спартыўныя падзеі, была цікавая і дзецям, і дарослым.

У музеі прадстаўлена больш чым 500 экспанатаў, якія адлюстроўваюць гісторыю школьнай адукацыі пасляваеннага і цяперашняга часу.

— Узгадаем радкі з верша Таццяны Лаўровай “Ода аб старым Чамадане”:  “Где-то в дальнем углу антресолей // Дерматиновый, пылью покрытый, // Чемоданчик потертый, забытый. // В нем хранятся обрывки историй…” І зазірнём у наш стары чамаданчык, які шмат пабачыў на сваім вяку, — працягнула вучаніца 9 класа Дзіяна Аганесян. — У ім піянерскі гальштук — сімвал прыналежнасці да піянерскай арганізацыі, часцінка яе сцяга. Прадстаўлены экспанат гальштука з’яўляецца асабістым гальштукам першага дырэктара школы Л.П.Мацюшковай. Піянерскія гальштукі мелі розныя адценні чырвонага колеру і выпускаліся з розных тканін. Яшчэ адным атрыбутам, адзіным для ўсіх піянераў, быў значок, дзе на чырвоным сцяжку намаляваны серп і молат. Унутры сярпа — вогнішча на пяці бярвёнах. На сярпе надпіс: “Будзь гатовы”. Узор яго не раз перажываў змены. 

Піянерскія горн і барабан з’явіліся амаль адначасова са словам “піянер”. Гэта нешта большае, чым проста музычныя інструменты. Гукі горна і барабана — гэта заклік піянераў да яднання, дзейнасці, накіраванай на абарону Ра­дзімы, да служэння дабру, пошуку і сцвярджэння справядлівасці. Сігналы і маршы Усесаюзнай піянерскай арганізацыі імя У.І.Леніна сталі вернымі спадарожнікамі піянераў усіх пакаленняў. У першыя гады жыцця маладой сацыялістычнай рэспублікі гукі горна, барабанны дроб і звонкі марш склікалі пад піянерскія сцягі беспрытульную дзятву. На старой пласцінцы, што ёсць у музеі, можна пачуць сігналы і маршы піянераў.

Усе сябры арганізацыі юных піянераў насілі адзіную форму. Экспанаты піянерскай формы для дзяўчынкі, прадстаўленыя ў музеі, засталіся ад піянерскага пакоя часоў адкрыцця школы № 45 у 1985 годзе. Лепшыя з піянераў у 14 гадоў станавіліся камсамольцамі і атрымлівалі камсамольскі білет і значок. У зборы матэрыялаў для музея “Гісторыя газеты “Звязда” і адкрыцці музея ў 1987 годзе ўдзельнічалі камсамольцы. Сёння 65 членаў БРСМ школы працягваюць слаўныя традыцыі папярэдніх камсамольскіх пакаленняў.

— Думаем, шматлікім дзяўчынкам і хлопчыкам цікава даведацца, якое піянерскае дзяцінства было ў іх бабуль, дзядуляў, мам і татаў. Можна запісаць іх успаміны, а мы дапаможам аформіць альбом, які будзе захоўвацца ў школьным музеі, — адзначыла экскурсавод Хрысціна Касперская, вучаніца 9 класа школы. — Матэрыялы музея і экскурсіі можна выкарыстоўваць для прыцягнення ў шэрагі ГА “БРПА” вучняў малодшых класаў, а таксама як дадатковы матэрыял на ўроках гісторыі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.