Быць ратавальнікам

Служба ў МНС — справа мужных, моцных духам людзей. Выратаваць з агню, вады і пры дарожна­транспартным здарэнні, адшукаць тых, хто заблукаў у лесе, зняць кацяня з дрэва — у названых і многіх іншых выпадках нам на дапамогу прыйдуць супрацоўнікі МНС. 

Калі запытацца ў навучэнцаў нашай школы, што яны ведаюць аб службе выратавання, у адказ пачуеце: “МНС — гэта крута!” І гэта не выпадковасць. На працягу многіх гадоў установа адукацыі цесна і актыўна супрацоўнічае з ПАВЧ №№ 1, 3 і “Віцязь” Віцебска. Супрацоўнікі МНС часта выступаюць перад школьнікамі, праводзяць лекцыі, віктарыны, квізы, дэманструюць відэаролікі, праводзяць дні грамадзянскай абароны з выкарыстаннем пажарнай тэхнікі, трэнінгамі па эвакуацыі лю­дзей з месца надзвычайнага здарэння, пераносцы на насілках пацярпелых, аказанні першай дапамогі. Аднак лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Менавіта таму экскурсіі ў ПАВЧ “Віцязь” карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод навучэнцаў. У пажарнай часці можна не толькі ўба­чыць работу службы МНС, уяўляючы сябе на месцы адважных прафесіяналаў, але і паспрабаваць сябе ў іх ролі. Захапленне і ўдзячнасць — вось першыя эмоцыі, якія выклікаюць такія экскурсіі. А затым — жаданне вярнуцца сюды, толькі ўжо ў якасці пажарнага-ратавальніка. З першага класа школьнікі мараць пра гэтую прафесію. 

Спрыяюць экскурсіі і жаданню ўдзельнічаць у конкурсах, што праводзіць МНС. Яскравы прыклад — Міхась Мікалаеў. У рамках агляду-конкурсу МНС “Я ў ратавальнікі б пайшоў” Міша пад­рыхтаваў тэматычны касцюм ратавальніка з выкарыстаннем сімволікі і атрыбутыкі МНС. Дыплом пераможцы яму ўрачыста ўручылі на плошчы Перамогі падчас святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі сталі нашы навучэнцы ў адкрытым турніры па пажарна-выратавальным спорце сярод юнакоў і дзяўчат “Віцебская штурмоўка — 2021” і гарадскіх спаборніцтвах па пажарна-выратавальным спорце “Старт-101”. У канцы лістапада сямікласнікі Софія Карпава, Настасся Лук’янава, Максім Савіцкі і адзінаццацікласнік Аляксандр Лохан, якія занялі прызавыя месцы, былі ўзна­гароджаны граматамі Віцебскай ААС БФСТ “Дынама”, дыпломамі Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта і каштоўнымі прызамі. Граматы і дыпломы ўручыў намеснік начальніка ПАВЧ № 3 Віцебска Вячаслаў Боскаў. Сумесная работа дае свой вынік: штогод выпускнікі школы становяцца курсантамі ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС. 

Быць ратавальнікам не проста работа — гэта прызванне! Дапамагчы яго знайсці — задача школы і педагогаў. Зразумела, не ўсе сённяшнія навучэнцы ста­нуць супрацоўнікамі МНС, але мы ўпэўнены, што яны ніколі не пакінуць чалавека ў бядзе і не пакрыўдзяць жывёлу, вырастуць людзьмі, якія будуць рабіць дабро.

Алеся ВАРАБ’ЁВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 42 Віцебска імя Д.Ф.Райцава.