Будзем чытаць!

У наш імклівы час стала папулярным весці здаровы лад жыцця: правільна харчавацца, займацца спортам ці проста рабіць зарадку і г.д. А ці неабходна сёння чытаць мастацкую літаратуру?

Многія ўвогуле скептычна адносяцца да чытання кніг у эпоху інфармацыйных тэхналогій: бумажныя выданні саступілі месца планшэтам, смартфонам, камп’ютарам. Так, людзі сталі вельмі мабільнымі: адны чытаюць у інтэрнэце навіны, другія слухаюць аўдыякнігу па дарозе на работу, трэція перачытваюць паведамленні, атрыманыя ў сацыяльных сетках… Таму і змяніліся сёння адносіны дзяцей да кнігі: цікавасць да чытання пачала зніжацца. І гэта можна растлумачыць. Чытанне — гэта ў сваім родзе праца, падчас якой дзіця разважае, уяўляе, робіць пэўныя высновы… А ўзяўшы ў рукі смартфон, любую інфармацыю можна знайсці ў гатовым выглядзе. Як жа выклікаць чытацкую цікавасць у сучасных школьнікаў?

Адным са шляхоў вырашэння гэтай праблемы, бясспрэчна, з’яўляецца ўдзел вучняў у розных творчых конкурсах. Асабліва трэба адзначыць важную ролю конкурсаў у павышэнні цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, развіцця і захавання высокіх маральных каштоўнасцей і ідэалаў беларускага грамадства, выхавання падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, пашырэння чытацкага кругагляду, выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі.

Самым папулярным і прэстыжным конкурсам юных чытальнікаў, несумненна, з’яўляецца конкурс “Жывая класіка”, які праводзіцца штогод ад школьнага да раённага этапаў. Не магу не адзначыць, што для некаторых вучняў ён стаў ужо традыцыйным. Так, Марыя Кудрэвіч, вучаніца 7 класа, не раз станавілася пераможцай конкурсу на школьных і раённых этапах. На апошнім абласным этапе конкурсу “Жывая класіка” Марыя стала абсалютнай пераможцай у сваёй узроставай катэгорыі. Са сцэны Абласнога цэнтра творчасці яна пранікнёна расказала гісторыю балтыйскага марака з твора А.Вольскага “Балада пра хлебную пайку”. Таленавітая, неардынарная дзяўчына змагла “расфарбаваць” чорна-белыя словы, удыхнуць у іх жыццё і даць магчымасць слухачам пражыць яго разам з героямі балады.

Не хочацца мне згаджацца з тым меркаваннем, што нашы дзеці не чытаюць мастацкую літаратуру. Самае галоўнае — захапіць дзіця чытаннем, паказаць яму, як і што чытаць, абмяр­коўваць прачытанае і дзяліцца ўражаннямі. У гэтым выпадку кнігі ніколі не пакінуць жыццё чалавека і ніякія сучасныя тэхналогіі не змогуць замяніць лепшыя творы. Будзем чытаць!

Таццяна ХМЯЛЕЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Круглага.