Будуем масты дружбы

Міжнародныя адукацыйныя праекты не толькі стымулююць да вывучэння англійскай мовы, на якой вядзецца работа ў рамках праекта, але і дазваляюць знаходзіць сяброў у самых аддаленых кутках свету.

Браслаўская гімназія выступае актыўным удзельнікам шматлікіх праектаў сеткі iEARN, але самым папулярным сярод гімназістаў з’яўляецца Holiday Cards Exchange. Ідэя гэтага праекта заключаецца ў абмене віншавальнымі паштоўкамі, у якіх навучэнцы жадаюць дабрабыту, шчасця сваім равеснікам, расказваюць пра сябе, пра родны край і краіну, у якой яны жывуць. У гэтым навучальным го­дзе вучні Браслаўскай гімназіі адпраўляюць свае віншаванні ў Славенію, Тайвань, Японію, Іспанію і Кітай.

Каб бліжэй пазнаёміцца з удзельнікамі праекта, была праведзена анлайн-сустрэча на платформе ZOOM. У ходзе зносін гімназісты расказвалі пра сваё жыццё, гімназію і пра любімы Браслаў, паказвалі  прывабныя адметнасці горада. Навучэнцы таксама прадставілі паштоўкі, якія яны зрабілі сваімі рукамі на майстар-класе. Не засталася без увагі і тэма COVID-19. Усім было цікава абмяняцца думкамі і па­дзяліцца ведамі пра тое, як арганізуецца адукацыйны працэс у розных краінах падчас пандэміі. Сустрэча завяршылася сумесным выкананнем вясёлай песні Paprika японскай групы Foorin Team E і пажаданнямі выдатнага навучальнага года. Цяпер нашы гімназісты з нецярпеннем чакаюць паштоўкі ад новых сяброў і спадзяюцца працягваць умацоўваць масты сяброўства з далёкімі краінамі.

Вольга ЛУКША,
настаўніца англійскай мовы Браслаўскай гімназіі.
Фота аўтара.