Займальныя практыкаванні з сашчэпкамі — для карэкцыі маўленчых парушэнняў

Развіццё дзіцячага маўлення залежыць ад сфарміраванасці дробнай маторыкі і агульнай умеласці рукі. Сістэматычныя практыкаванні па трэніроўцы рухаў пальцаў рук стымулююць развіццё маўлення. Многія даследчыкі разглядаюць кісць рукі як орган маўлення, а праекцыю рукі як яшчэ адну маўленчую зону мозга.

Існуюць розныя спосабы развіцця дробнай маторыкі, але звычайна развіццё дзіцячых пальчыкаў адбываецца на асобных карэкцыйных занятках па развіцці маўлення, прычым аднімае шмат часу. Мэтазгодна трэніраваць тонкія рухі пальцаў рук паралельна, падчас выканання асноўных заданняў па карэкцыі маўленчых парушэнняў вучняў. Для гэтага я распрацавала займальныя практыкаванні з сашчэпкамі, якія ў працэсе развіцця маўлення актывізуюць дробную маторыку.

У рабоце па карэкцыі маўленчых парушэнняў у малодшых школьнікаў выкарыстоўваю звычайныя канцылярскія сашчэпкі. Цвёрдыя дроцікі, з якіх яны зроблены, добра масажыруюць падушачкі дзіцячых пальчыкаў. Як вядома, на кончыках пальцаў знаходзяцца нервовыя канчаткі. Іх стымуляцыя перадае сігналы ў мазгавы цэнтр, што ўплывае на развіццё дзіцяці ў цэлым. Выклікаць вучня на размову лягчэй, калі яго пальчыкі чым-небудзь заняты. Л.С.Выгоцкі пісаў, што калі дзіця кранае пэўны прадмет, то мышцы і скура рук у гэты час прымушаюць вочы і мозг бачыць, адчуваць, адрозніваць і запамінаць.

Пасля знаёмства з сашчэпкамі дзеці вучацца браць іх са стала і злучаць паміж сабой у ланцужкі. Далейшая работа будуецца на выкананні асноўнай функцыі сашчэпак — змацаванні.

Якасць сашчэпак і таўшчыня паверхняў, якія змацоўваюцца, дазваляе ажыццяўляць дыферэнцыраваны падыход у развіцці дробнай маторыкі вучняў. Прапаноўваю дзецям сашчэпкі з улікам узроўню развіцця тонкіх рухаў пальцаў рук: вялікія рознакаляровыя з пакрыццём, тоўстыя, мяккія, ацынкаваныя і маленькія цвёрдыя металічныя. Мацаванне дэталей з кардону патрабуе большых намаганняў, чым мацаванне папяровых паверхняў.

У пачатку карэкцыі маўленчых парушэнняў дзеці выкладваюць з ланцужкоў сашчэпак розныя геаметрычныя фігуры і выявы прадметаў. Пальчыкавую работу дапаўняе кароткае вершаванае суправаджэнне. Дзякуючы адначасоваму прагаворванню вершаў і рухам, маўленне рытмізуецца, становіцца больш гучным, дакладным і эмацыянальным. А наяўнасць рыфмы станоўча ўплывае на слыхавую ўвагу.


Шырока выкарыстоўваю сашчэпкі і пры рабоце са складамі. Вучні збіраюць названы склад з літар разразной азбукі, мацуюць яго сашчэпкамі да спецыяльна падрыхтаванай палоскі з кардону і паднімаюць уверх, паказваючы настаўніку. Гэты прыём добра прымяняць на групавых занятках.

Дзеці будуюць складовыя схемы: галосны + зычны (ці наадварот). Называю склад, а вучні ствараюць яго схему. Мацуюць да кардоннай палоскі сашчэпкамі каляровыя квадрацікі. Цвёрдыя зычныя абазначаюцца сінім квадрацікам, мяккія зычныя — зялёным, а галосныя — чырвоным.

Прапаноўваю сабраць склады па першых ці апошніх літарах выяў на карцінках: кот + індычка = кі (па першых літарах), кот + індычка = та (па апошніх літарах). Гэтае практыкаванне можна выконваць і без карцінак, на слых.

Правяраю веды вучняў, даючы кожнаму з іх некалькі кардонных палосак і карцінак. Дзеці самастойна ствараюць склады. Пры неабходнасці падыходжу і ацэньваю выкананае заданне.

Работа са словам прадугледжвае вялікую і разнастайную колькасць заданняў. Дзеці будуюць гукавую схему слова, палічыўшы папярэдне колькасць гукаў у ім і выбраўшы палоску пэўнай даўжыні. Так, прапанаваўшы вучню карцінку з выявай памідораў, яму трэба сабраць гукавую схему слова “памідоры”. Для гэтага ён выбірае палоску з 8 расчэрчанымі квадратамі і мацуе да яе каляровыя квадрацікі, якія абазначаюць гукі. Такім чынам, атрымліваецца схема слова, складзеная з 8 квадрацікаў: сіняга, чырвонага, зялёнага, чырвонага, сіняга, чырвонага, сіняга, чырвонага.

Можна працаваць і без рознакаляровых квадрацікаў. Іх паспяхова заменяць каляровыя сашчэпкі. Да кардоннай палоскі мацуюцца сашчэпкі таго колеру, які адпавядае пэўнаму гуку. Такім жа чынам можна збіраць не схемы слоў, а складаць самі словы з літар разразной азбукі.

Пры рабоце над складовым саставам вылучаем націскны склад. Для гэтага вучні мацуюць сашчэпкай прадметную карцінку з патрэбнай карткай-схемай. Націскную галосную ў слове, надрукаваным на картцы, можна абазначыць сашчэпкай. Дзеці дзеляць словы на склады і мацуюць карцінкі з выявамі прадметаў да выбранай складовай схемы слова, якая мае пэўную колькасць складоў. Вучні знаходзяць неабходную карцінку і мацуюць яе сашчэпкай да карткі, дзе намаляваны паравозік з пэўным вагончыкам. У кожнага вагончыка розная колькасць акенцаў. Да паравозіка, у якога вагончык з адным акенцам, мацуюць прадметныя карцінкі, назвы якіх маюць адзін склад. Да паравозіка, у якога вагончык з двума акенцамі, мацуюцца карцінкі з двухскладовымі словамі, да паравозіка, у якога вагончык з трыма акенцамі, — карцінкі з трохскладовымі словамі.

Работу па дыферэнцыяцыі гукаў таксама можна разнастаіць практыкаваннямі з выкарыстаннем сашчэпак. Так, дыферэнцыруючы [с] і [з], вымаўляю словы, а вучні мацуюць сашчэпкамі да палоскі адпаведную літару, якая ёсць у гэтым слове. Атрымліваецца рад слоў, што складаецца толькі з [з] і [с], які затым можна лёгка праверыць.

Раздаю дзецям карткі з прапушчанымі літарамі. Вучні знаходзяць і прымацоўваюць адсутную літару сашчэпкай да карткі. Падобнае заданне можна выконваць і з выявамі прадметаў, для чаго дзеці мацуюць да карцінкі адпаведную літару.

З мноства прадметных карцінак вучні адбіраюць і мацуюць сашчэпкамі да кардоннай палоскі толькі тыя, што маюць у сваёй назве пэўны гук, а таксама вызначаюць месца гэтага гука ў слове (пачатак, сярэдзіна, канец). Вучні ўтвараюць словы з дапамогай прыставак і суфіксаў, злучаючы сашчэпкай часткі слоў, якія падыходзяць па сэнсе.

Практыкаванні з сашчэпкамі добра пашыраюць слоўнікавы запас дзяцей. Так, вучні сярод набору карцінак выбіраюць і злучаюць паміж сабой сашчэпкай выявы жывёл і іх дзіцянят, называючы іх пры гэтым, аб’ядноўваюць карцінкі ў пэўную тэматычную катэгорыю (збіраюць сэнсавы рад да абагульняльнага слова), падбіраюць словы-антонімы і словы-амонімы.


Пры рабоце са словазлучэннем дзеці падбіраюць назоўнікі да прыметнікаў, прыметнікі да назоўнікаў і дзеясловы да назоўнікаў. Для гэтага карцінка ці слова мацуецца са-шчэпкай у пачатку кардоннай палоскі. Затым дзеці выбіраюць патрэбныя карткі са словамі ці самастойна запісваюць словы на пустыя карткі і мацуюць іх сашчэпкамі да палоскі. Вучні выконваюць практыкаванні з сашчэпкамі пры дапасаванні прыметнікаў да назоўнікаў, злучаючы паміж сабой падрыхтаваныя карцінкі, а затым падбіраюць адпаведныя карткі па родзе і ліку.

Працуючы над сказам, дзеці складаюць яго схему. Для гэтага мацуюць сашчэпкамі да кардоннай палоскі ў неабходным парадку спецыяльна вырабленыя схематычныя часткі сказа. Прапаноўваю скласці з выкарыстаннем сашчэпак сказ з раскіданых слоў. Гэтае практыкаванне добра дапамагае ў рабоце над моўным аналізам і сінтэзам. Так, прымацоўваючы паслядоўна ў рад карткі са словамі, дзеці вучацца не дапускаць памылкі ў спалучэнні слоў і ў напісанні слоў з прыназоўнікамі. Акрамя таго, вучні з дапамогай сашчэпак злучаюць сказ з частак, якія падыходзяць па сэнсе.

Працуючы з тэкстам, дзеці складаюць апавяданні па серыі сюжэтных карцінак, злучаючы іх па чарзе ў рад. Так, падабраўшы папярэдне апорныя словы з набору назоўнікаў ці дзеясловаў, вучні паслядоўна злучаюць іх у неабходным парадку, што значна аблягчае складанне апавядання. Прапаноўваю дзецям сабраць раскіданыя сказы ў патрэбнай паслядоўнасці такім чынам, каб атрымаўся сэнс. Дзеці складаюць тэкст, паслядоўна мацуючы сашчэпкай кожны сказ да прыгатаванай кардоннай палоскі.

Усё, што мацуецца сашчэпкамі, не раскідваецца па парце. Выканаўшы адно заданне, вучні могуць адкласці яго ўбок ці паказаць настаўніку, а затым працаваць над новым.

Разнастаіць работу па развіцці дробнай маторыкі і карэкцыі маўлення дапамагаюць яркія насценныя дапаможнікі з фанеры “Вожык”, “Дрэва” і “Паравозік”, якія маюць здымныя элементы на ліпучках з ламініраванага кардону ў выглядзе матылькоў, птушак і грыбоў. Да іх з дапамогай сашчэпак можна далучыць карцінкі і карткі з заданнямі па развіцці маўлення. Такія дэкарацыі робяць заняткі цікавымі і разнастайнымі, дазваляюць выбудоўваць розныя сюжэтныя лініі.

Выкарыстоўваю сашчэпкі даўно. Распрацаваныя практыкаванні не толькі абагачаюць і развіваюць дзіцячае маўленне, але і ўдасканальваюць пазнавальныя працэсы. У дзяцей дыферэнцыруецца ўспрыманне, абагачаюцца ўяўленні, развіваюцца назіральнасць і адвольная ўвага, выпрацоўваюцца спрытнасць, гнуткасць і рухавасць кісцей рук, уменне кіраваць сваімі рухамі. Гэта значна аблягчае фарміраванне навыку пісьма.

Ірына ЛІЦКЕВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг Жамчужненскай сярэдняй школы
Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.