Юныя метэаролагі

Малодшы школьны ўзрост — гэта ўзрост чамучак. Педагогу неабходна ствараць умовы, каб дзеці самі адказвалі на пытанні “Што?”, “Навошта?” і “Чаму?”. Вельмі добра дапамагаюць у гэтым вучнёўскія даследаванні, падчас якіх юныя даследчыкі ставяць перад сабой актуальную праблему, вылучаюць гіпотэзу, выбіраюць метады яе праверкі, праводзяць эксперымент і робяць высновы.


У сваёй рабоце выкарыстоўваю розныя спосабы далучэння дзяцей да даследчай дзейнасці. Лепшым памочнікам у гэтым з’яўляецца гурток “Юны даследчык”, на занятках якога праводжу з чамучкамі доўгатэрміновыя доследы і эксперыменты. Цікаўныя хлопчыкі і дзяўчынкі шукаюць адказы на розныя пытанні. З вынікамі праведзеных даследаванняў вучні актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах.

Даволі часта перад педагогамі паўстае пытанне “Што даследаваць?”. Прырода адкрывае бязмежныя магчымасці для розных даследаванняў, аб’ектамі якіх могуць быць надвор’е, глеба, вада, расліны, жывёлы і чалавек. Так, пасля экскурсіі на метэаралагічную станцыю Высокага вучні зацікавіліся праблемай прагназавання надвор’я. У дзяцей узнікла шмат пытанняў: “Ці можна ў дамашніх умовах спрагназаваць надвор’е на наступны дзень?”, “Як прагназавалі надвор’е нашы продкі?”, “Ці можна кіравацца народнымі прыкметамі пры доўгатэрміновым прагназаванні надвор’я?” і інш.

Каб адказаць на гэтыя пытанні, Дар’я Шаптур і Таццяна Кубарка на працягу трох гадоў вялі каляндар надвор’я, дзе фіксавалі тэмпературу паветра, ападкі, напрамак ветру і воблачнасць. Акрамя таго, дзяўчынкі вывучалі і адбіралі народныя прыкметы па месяцах і канкрэтных днях, з дапамогай якіх нібыта можна спрагназаваць надвор’е на працяглы тэрмін.


Юныя даследчыцы склалі параўнальныя табліцы аб апраўданасці народных прыкмет пры доўгатэрміновым прагназаванні надвор’я. У выніку праведзенай работы трэцякласніцы прыйшлі да высновы, што далёка не ўсе народныя прыкметы працуюць. Так, прыкметы, якія вызначаюць надвор’е на цэлы сезон ці канкрэтны дзень, не апраўдаліся: “Калі 8 сакавіка выпадзе снег, то на Вялікдзень будзе холадна, а калі дзень будзе сухі, то і на Вялікдзень будзе сонечна”, “Калі 24 студзеня цёпла і сонечна — чакай ранняй і працяглай вясны”, “Якое надвор’е на дзень Гаўрыіла, 8 красавіка, такое і 8 кастрычніка будзе”.

У той жа час прыкметы, звязаныя з галоўнымі рэлігійнымі святамі, часцей за ўсё апраўдваліся: “Якое надвор’е на Яблычны Спас, 19 жніўня, такое надвор’е будзе і на Пакроў, 14 кастрычніка”, “Якім будзе надвор’е на дзень Казанскага абраза Божай Маці, 4 лістапада, такой і зіма будзе”, “Калі ў дзень Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы, 4 снежня, мароз, то ўсе святы будуць марознымі”, “Якое надвор’е пасля Каляд, такім яно будзе і пасля Пятрова дня, 12 ліпеня”.

Праводзячы даследаванне, дзяўчынкі звярнулі ўвагу на тое, што нашы продкі надавалі значэнне атмасферным прыкметам: напрамку ветру, ападкам, воблачнасці. Вучаніцы заўважылі, што большасць атмасферных народных прыкмет і сёння дазваляюць спрагназаваць надвор’е. Так, па 22 снежня вызначалі надвор’е, якое будзе роўна праз паўгода. У гэты дзень звычайна была адліга. Нашы продкі з 26 снежня на працягу 12 дзён назіралі за надвор’ем. Кожны дзень прадказваў надвор’е на гэтую ж дату аднаго з наступных месяцаў (27 снежня — 27 лютага, 28 студзеня — 28 сакавіка).


Вывучыўшы мноства народных прыкмет, вучаніцы прыйшлі да высновы, што спрагназаваць надвор’е на працяглы час, карыстаючыся толькі назіраннямі продкаў, немагчыма. Таму дзяўчынкі зацікавіліся, ці змогуць яны самі спрагназаваць надвор’е на бягучы і наступны дзень. Для вызначэння ціску быў узяты барометр, паколькі менавіта атмасферны ціск фарміруе надвор’е. Так, высокі атмасферны ціск прадказвае яснае і сонечнае надвор’е без ападкаў, а нізкі заўсёды суправаджаецца ападкамі, цяжкімі аблокамі і хмарамі, а часам і моцнымі вятрамі.

На дапамогу юным даследчыцам прыйшлі іх бацькі, дзякуючы якім быў выраблены вадкасны барометр і барометр з паветранага шара. Вучаніцы штодзень знімалі паказанні сваіх прыбораў і прыйшлі да высновы, што барометры, вырабленыя сваімі рукамі ў дамашніх умовах, паспяхова спраўляюцца са складаным прагназаваннем надвор’я. На працягу двух тыдняў у школе працавала ўласная метэаралагічная станцыя.
Ведаць дакладны прагноз надвор’я на наступны дзень — значыць ведаць, як дабрацца на работу, у школу, як правесці выхадныя і адпачынак. Наўрад ці каму-небудзь хочацца трапіць у непрадбачаную сітуацыю. Таму трэба вывучаць прагноз надвор’я і сачыць за ім, выкарыстоўваючы для гэтага некаторыя народныя прыкметы.

Вопыт работы паказвае, што ўласныя доследы і эксперыменты дазваляюць вучням самастойна набыць новыя веды і разгледзець аб’ект, які вывучаецца, з незвычайнага боку. Нельга не пагадзіцца з выказваннем Альберта Сент-Дзьёрдзі: “Даследаваць — значыць бачыць тое, што бачылі ўсе, і думаць так, як не думаў ніхто”.

Таццяна САЎЧУК,
настаўніца пачатковых класаў Раснянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.