Выкарыстоўваем канструктар Bunchems у пачатковай школе

Сённяшнім вучням неабходна засвойваць вялікі аб’ём інфармацыі і выпрацоўваць практычныя навыкі па яе выкарыстанні. Гэта патрабуе ад педагогаў пошуку новых спосабаў падачы інфармацыі, новых тэхналогій і метадаў навучання, творчага падыходу да іх.


Вядома, што засваенне любога матэрыялу цяжка даецца школьнікам, калі яны выступаюць у ролі пасіўных слухачоў. Пры самастойнай рабоце вучні з большай цікавасцю і меншымі цяжкасцямі засвойваюць гэты ж матэрыял. Задача настаўніка — пабудаваць вывучэнне матэрыялу на ўроках такім чынам, каб яго большую частку дзеці засвоілі самастойна, прычым з актыўным узаемаабменам ведамі.

Мэта актыўных метадаў навучання — фарміраванне ў школьнікаў устойлівай цікавасці да вучобы і пазнання свету ў цэлым. Дзеці павінны не толькі ўмець аднаўляць, але і выкарыстоўваць атрыманыя веды ў новых сітуацыях, а пры неабходнасці — самастойна арганізоўваць пошук патрэбнай інфармацыі.

Адной з форм арганізацыі актыўнай дзейнасці вучняў у пачатковай школе з’яўляецца гульнявая. Гульня дазваляе педагогу адначасова і забаўляць, і вучыць, і выхоўваць, пераходзіць ад канкрэтных паняццяў і дзеянняў да абстрактных.

Усе настаўнікі пачатковых класаў сутыкаюцца з праблемай, калі першакласнікі не ўспрымаюць многія паняцці, якія з’яўляюцца для дзяцей незнаёмымі і абстрактнымі (гук, слова, сказ). Гэта выклікае цяжкасці ў разуменні і засваенні вучэбнага матэрыялу, з-за чаго педагогі вымушаны шукаць найбольш аптымальныя спосабы яго падачы. Адзін з іх — выкарыстанне дзіцячага канструктара Bunchems. Яго дэталі маюць акруглую форму і прымацоўваюцца адна да адной, што дазваляе на канкрэтным матэрыяле падчас практычных дзеянняў паказаць залежнасць гукаў у слове, слоў у сказе, сказаў у тэксце і г.д. У ходзе індывідуальнай ці групавой дзейнасці вучні, выкарыстоўваючы дэталі, прагаворваюць (у залежнасці ад вучэбнага задання) гукі ў слове, словы ў сказе ці сказы ў тэксце, зрокава пераносячы пачутыя абстрактныя паняцці на асобную частку канструктара.

Пры выкарыстанні канструктара можна абапірацца і на мадэляванне з прымяненнем колеру (сістэму колеравага абазначэння педагог прадумвае і агаворвае з вучнямі загадзя): гукі — чырвоныя, сінія, зялёныя; склады — жоўтыя; словы — белыя. Выконваючы заданне “Вусень гукаў”, настаўнік вымаўляе гукі, а дзеці выбіраюць спачатку элементы двух варыянтаў (сіні і чырвоны), затым трох (сіні, чырвоны, зялёны) і змацоўваюць іх паміж сабой. У выніку атрымліваецца колеравы ланцужок, які дазваляе педагогу праводзіць прамежкавую дыягностыку засваення паняццяў “галосны гук” і “зычны гук”, “цвёрды гук” і “мяккі гук”. Пры выкананні задання “Пабудуй слова” вучні пры дапамозе элементаў канструктара і з апорай на загадзя агавораны колер выконваюць складовую мадэль слоў. У далейшым заданне можа ўскладняцца выкананнем гукавой мадэлі слова (таксама з апорай на колер). Аналагічная работа праводзіцца па тэмах “Сказ”, “Граматычная аснова сказа” і інш.

У матэматыцы канструктар Bunchems дазваляе вучням лёгка засвоіць геаметрычны матэрыял, склад ліку, рашэнне задач і іншыя тэмы, абапіраючыся на практычную дзейнасць, мадэляванне і колераўспрыманне. Так, пры вывучэнні складу ліку дзеці, выкарыстоўваючы элементы двух колераў, ілюструюць яго, а пры вывучэнні геаметрычнага матэрыялу ствараюць мадэлі фігур, абапіраючыся на іх асноўныя прыметы. Напрыклад, для пабудовы прамавугольніка неабходна ўзяць для аднаго боку (даўжыні) 4 элементы, для другога (шырыні) — 3, а для квадрата (кожны бок) — па 4 элементы. Пасля стварэння мадэлей фігур вучні могуць атрымаць нагляднае ўяўленне пра асноўныя адрозненні квадрата ад прамавугольніка. Акрамя таго, з дапамогай элементаў Bunchems можна паказаць плошчу геаметрычных фігур і перыметр, прычым гэтыя веды дзеці могуць набыць, абапіраючыся на практычную дзейнасць ці, што вельмі важна, самастойна.

Элементы Bunchems дапамагаюць настаўніку як на падтрымліваючых, так і на стымулюючых занятках (пры ўмове прадуманага падбору практыкаванняў). Дзякуючы канструктару, вучні могуць у пазаўрочнай дзейнасці займацца даследчай работай: даследаваць і рабіць высновы пра суадносіны “больш — менш”, “вышэй — ніжэй”, складаць мадэлі аб’ектаў жывой і нежывой прыроды. Універсальнасць элементаў канструктара дазваляе арганізаваць індывідуальную і групавую работу.

Вядома, што на кончыках пальцаў сканцэнтраваны нервовыя канчаткі, непасрэдна звязаныя з мазгавымі цэнтрамі. Развіваючы дробную маторыку рук, мы развіваем не толькі іх, але і мазгавую дзейнасць. Нездарма ў старажытныя часы кітайцы выкарыстоўвалі для зняцця стрэсу і стомленасці грэцкія арэхі. Акруглая варсістая паверхня дэталей канструктара стымулюе падчас вучэбнай і гульнявой дзейнасці нервовыя канчаткі на кончыках пальцаў, актывізуючы тым самым галаўны мозг, развіваючы дробную маторыку рук, знімаючы стомленасць і паляпшаючы настрой. А гэта адзін з кампанентаў паспяховай дзейнасці.

Выкарыстанне канструктара Bunchems адыгрывае важную ролю ў здароўзберажэнні. Так, ва ўмовах абмежаванага часу ўрока, асабліва ў 1-х класах, настаўнік пры дапамозе элементаў канструктара можа без адрыву ад вучэбнага працэсу садзейнічаць масажу і самамасажу рук вучняў, праводзіць зрокавую гімнастыку, часцей мяняць віды дзейнасці і формы работы, што станоўча ўплывае на эмацыянальны стан дзяцей, істотна зніжае стомленасць, павялічвае час актыўнага ўспрымання.

Колеравае афармленне элементаў канструктара дазваляе дзецям вывучаць колеры, запамінаць схемы атрымання складовых і змяшаных колераў, што вельмі актуальна для ўрокаў выяўленчага мастацтва. Акрамя таго, гэта добры спосаб эмацыянальнай рэфлексіі, які дапамагае педагогу своечасова праводзіць карэкцыйную работу (мяняць заданне, від дзейнасці, падрабязней спыняцца на матэрыяле, які вывучаецца, звяртаць увагу на пэўнае дзіця і выяўляць праблему).

Такім чынам, канструктар Bunchems мае шырокія магчымасці ў адукацыйным працэсе, бо дазваляе вучням (пры ўмове правільнага сістэмнага выкарыстання) значна палепшыць якасць засваення матэрыялу, максімальна прадукцыйна ажыццяўляць вучэбную дзейнасць, а настаўніку — рабіць урок цікавым і пазнавальным.

Алёна ВАЛЕЦ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 15 Баранавіч.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*