Выхаваўчы патэнцыял гісторыі

Вывучэнне гістарычнага мінулага Айчыны — важная частка грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. З кожным годам усё менш застаецца ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Узрост і стан здароўя многіх з іх ужо не дазваляюць сустракацца са школьнікамі, таму ў выхаваўчай рабоце даводзіцца абапірацца на ўспаміны ветэранаў, запісаныя раней. Але ёсць людзі, якія ўяўляюць не меншую цікавасць для збору інфармацыі пра трагічныя падзеі далёкага часу. Гэта дзеці вайны. Сёння яны з’яўляюцца апошнімі сведкамі ваеннага ліхалецця, таму вельмі важна паспець запісаць іх успаміны. Многія дзеці вайны, якія разам з дарослымі партызанілі і працавалі на прымусовых работах у Германіі, дзеляцца з вучнямі біяграфічнымі, дакументальнымі і фатаграфічнымі матэрыяламі. Падчас сустрэч школьнікі далучаюцца да далёкіх падзей, усведамляюць сябе нашчадкамі гераічнага пакалення.

Наш ліцэй разам з раённым гісторыка-краязнаўчым музеем, клубам “Суразмоўнік” пры раённай бібліятэцы і газетай “Сельская праўда” рэалізоўвае сацыяльны праект “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы”, у рамках якога вучні збіраюць матэрыялы пра сваіх сваякоў і суседзяў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, афармляюць фотаальбом з інтэрв’ю “Юныя сведкі вайны”, папаўняюць музейны фонд, праводзяць даследчую работу на аснове сабраных успамінаў.

Ліцэісты ўдзельнічаюць у краязнаўчых экспедыцыях, паходах і экскурсіях, сустракаюцца са сведкамі вайны. Падчас пошукава-даследчай дзейнасці вучні пабывалі ў розных мясцінах, сабралі ўспаміны каля 50 чалавек (былых сувязных партызанскіх атрадаў, сведкаў спальвання вёсак, малалетніх вязняў), напісалі даследчую работу пра гісторыю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, жыццё ва ўмовах акупацыі, у тыле і нямецкім рабстве. Работа, створаная паводле ўспамінаў, дапоўніла матэрыялы гісторыка-дакументальнай кнігі “Памяць. Жабінкаўскі раён” і выкарыстоўваецца пры вывучэнні тэмы “Наш край у гады вайны” на ўроках гісторыі Беларусі ў 10 класе, інфармацыйных гадзінах і выхаваўчых мерапрыемствах.

Праект дазволіў арганізаваць карысны адпачынак падлеткаў, у тым ліку ў шосты школьны дзень. Акрамя таго, вучні рыхтавалі падпраекты “Мая сям’я ў гісторыі краіны”, “Мае родныя — сведкі і ўдзельнікі вайны” і “Гісторыя маёй сям’і ў фотаздымках”. Актывізаваўся валанцёрскі рух.

Назапашаныя матэрыялы былі прадстаўлены на конкурсах даследчых работ, суботніх праектаў і на лепшы паход, на краязнаўчых чытаннях, прэзентаваліся на Х Міжнароднай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа” і Міжнародным фестывалі педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці”, а таксама на розных тэматычных выставах. Сёння фотаальбом рыхтуецца да выдання.

Улічваючы высокую актыўнасць вучняў і жыхароў Жабінкаўшчыны, вялікі выхаваўчы патэнцыял праекта, было вырашана прадоўжыць работу па яго рэалізацыі.

Эліна ЧАРНЕЦКАЯ,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ліцэя Жабінкі.