Вучым самастойнай пазнавальнай дзейнасці

Ініцыятыўнасць і мысліцельная актыўнасць вучняў — неад’емная частка сучаснага ўрока. Праблема выпрацоўкі форм і метадаў навучання, якія не толькі забяспечваюць трывалыя веды, але і выхоўваюць самаадукацыйныя навыкі, з’яўляецца адной з актуальных у педагогіцы. Гэтую праблему можна вырашыць шляхам узмацнення самастойнай работы дзяцей. Выхаваўчую сілу такой работы для фарміравання творчай асобы адзначаў яшчэ Л.М.Талстой: “Калі вучань у школе не навучыўся сам нічога ствараць, то і ў жыцці ён заўсёды будзе толькі пераймаць, капіраваць”.


Прадуманая самастойная вучэбная работа — адзін з самых прадукцыйных шляхоў павышэння эфектыўнасці ўрока і актывізацыі дзейнасці вучняў. Мая задача заключаецца ў тым, каб яны не толькі засвоілі праграму, але і навучыліся ўсвядомлена і самастойна працаваць з кнігай, правільна выказваць думкі ў вуснай і пісьмовай форме, вылучаць істотныя прыметы пэўнай з’явы, супастаўляць і групаваць факты, рабіць высновы і абагульненні, прымяняць веды на практыцы. З гэтай мэтай скіроўваю дзяцей да самастойнай работы, пры арганізацыі якой карыстаюся шэрагам метадычных рэкамендацый. Па-першае, любая самастойная работа на ўроку павінна мець канкрэтную мэту, а вучням неабходна ведаць шляхі яе дасягнення. Па-другое, самастойная работа павінна адпавядаць вучэбным здольнасцям дзяцей. Пераходзіць ад аднаго ўзроўню складанасці да другога неабходна паступова. Па-трэцяе, настаўнік забяспечвае розныя віды самастойнай работы на ўроку і кіруе яе працэсам. І апошняе: самастойная работа павінна быць нешаблоннай, паколькі асноўная яе задача — развіццё пазнавальных здольнасцей, ініцыятывы і творчасці вучняў.

Самастойную работу дзяцей можна арганізоўваць, выкарыстоўваючы розныя формы навучання: франтальную, групавую, індывідуальную. Заданні для самастойнай работы могуць быць аднолькавымі ці варыятыўнымі для ўсіх вучняў. Гэта залежыць ад узроўню іх падрыхтоўкі, задач і тыпу ўрока.

У адпаведнасці з узроўнем самастойнай прадукцыйнай дзейнасці вучняў вылучаюць 4 тыпы самастойных работ: узнаўляльныя, рэканструкцыйна-варыятыўныя, эўрыстычныя і творчыя. Кожны з гэтых тыпаў мае сваю дыдактычную мэту.

Пры выкананні работ узнаўляльнага тыпу дзейнасць вучняў не зусім самастойная, бо яна абмежавана звычайным узнаўленнем і паўтарэннем дзеянняў па ўзоры. Але роля такіх работ значная, паколькі яны фарміруюць аснову для сапраўднай самастойнай дзейнасці. Задача настаўніка — вызначыць для кожнага вучня аптымальны аб’ём работы.

Рэканструкцыйна-варыятыўныя работы дазваляюць на аснове набытых ведаў і прапанаванай настаўнікам сітуацыі самастойна знайсці канкрэтныя шляхі рашэння задання. Самастойныя работы такога тыпу садзейнічаюць усвядомленаму перанясенню ведаў у тыповыя сітуацыі, выпрацоўцы ўменняў аналізаваць падзеі, з’явы і факты, фарміраванню прыёмаў і метадаў пазнавальнай дзейнасці, унутраных матываў пазнання, ствараюць умовы для развіцця разумовай актыўнасці школьнікаў.

Эўрыстычныя самастойныя работы фарміруюць уменні і навыкі пошуку адказу за межамі вядомага ўзору. Вучань сам выбірае шляхі рашэння задання на аснове вядомых ведаў. На гэтым узроўні прадукцыйнай дзейнасці фарміруецца творчая асоба вучня. Пастаянны пошук новых рашэнняў, абагульненне і сістэматызацыя новых ведаў, перанос іх у новыя, нестандартныя сітуацыі робяць веды вучняў больш гібкімі і мабільнымі. У дзяцей выпрацоўваецца патрэба ў самаадукацыі.

Творчыя самастойныя работы завяршаюць сістэму самастойнай дзейнасці школьнікаў, бо дазваляюць ім атрымліваць прынцыпова новыя веды і замацоўваць навыкі іх самастойнага пошуку. Псіхолагі лічаць, што разумовая дзейнасць вучняў пры рашэнні праблемных творчых заданняў аналагічная разумовай дзейнасці творчых і навуковых работнікаў.

На ўроках беларускай мовы можна выкарыстоўваць розныя віды самастойных работ. Сярод іх — работа з кнігай (з тэкстам і графічным матэрыялам падручніка, складанне плана адказу па прачытаным тэксце, канспектаванне яго, пераказ, пошук адказаў на пытанні, аналіз, параўнанне, пераклад з рускай мовы на беларускую, складанне табліц і схем, абагульненне і сістэматызацыя матэрыялу па некалькіх параграфах), слоўнікамі і энцыклапедыямі, практычная дзейнасць (выкананне трэніровачных практыкаванняў розных тыпаў на выпрацоўку практычных уменняў і навыкаў, пісьмовыя і вусныя адказы на пытанні, рэцэнзаванне адказаў аднакласнікаў і інш.), праверачныя самастойныя работы (сачыненні, дыктоўкі, пераказы, кантрольныя работы, тэсты), падрыхтоўка паведамленняў, дакладаў і рэфератаў, індывідуальныя і групавыя творчыя заданні, дамашняя практычная дзейнасць. Большасць пералічаных відаў самастойных работ можна аднесці да аднаго з 4 тыпаў работ, прыведзеных вышэй.

Самастойную работу пры вывучэнні беларускай мовы арганізоўваю пры праверцы дамашняга задання, тлумачэнні і замацаванні новага тэарэтычнага матэрыялу падручніка, выкананні розных практыкаванняў і кантрольных работ, абагульняльным паўтарэнні. Пры праверцы дамашняга задання выкарыстоўваю тэматычныя тэсты, тэарэтычныя дыктоўкі, размеркавальныя дыктоўкі ці самастойную работу па размеркаванні слоў і словазлучэнняў на групы, выбарачныя дыктоўкі, рэцэнзаванне адказу аднакласніка і інш.

Вельмі часта пры вывучэнні новага матэрыялу прапаноўваю дзецям скласці апорны канспект (напрыклад, пры вывучэнні стыляў мовы), табліцу, схему і алгарытм, напісаць шпаргалку па новым матэрыяле, запоўніць ці дапоўніць кластар, прыдумаць і запісаць пытанні да правіла і інш. Гэта дапамагае вучням не толькі актыўна ўключацца ў работу, самастойна адбіраць і сістэматызаваць матэрыял, але і паспяхова выконваць практыкаванні і дамашнія заданні.

Ала КЛЯВЕЦ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Ганцавіч.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*