Вучым лексіку гуляючы

Павышэнню матывацыі школьнікаў да вывучэння замежнай мовы з дапамогай займальных матэрыялаў і гульнявых прыёмаў прысвечана шмат навуковых даследаванняў. Многія педагогі выкарыстоўваюць у рабоце вучэбныя дапаможнікі, метадычныя распрацоўкі і матэрыялы гульнявога характару. Тым не менш тэхналогія гульнявога навучання на ўроках замежнай мовы прымяняецца не так актыўна, а шкада, бо гэта эфектыўны інструмент кіравання вучэбнай дзейнасцю, які дазваляе зрабіць адукацыйны працэс захапляльным і цікавым.


Вучэбная гульня займае асаблівае месца ў арсенале прыёмаў актывізацыі іншамоўнай дзейнасці школьнікаў. Гэтыя прыёмы можна прыстасоўваць да розных мэт і задач. Гульні станоўча ўплываюць на развіццё ўвагі, памяці і мыслення, фарміруюць псіхалагічную гатоўнасць дзяцей да моўных зносін, забяспечваюць натуральную неабходнасць шматразовага паўтарэння моўнага матэрыялу, дапамагаюць арыентавацца ў выбары неабходных маўленчых сродкаў, рыхтуючы тым самым да сітуацыйнага маўлення.

Пры выкарыстанні гульняў у пачатковай школе трэба ўлічваць псіхолага-педагагічныя асаблівасці малодшых школьнікаў, для якіх характэрны яркасць і непасрэднасць успрымання, лёгкасць уваходжання ў розныя вобразы. Дзеці гэтага ўзросту хутка далучаюцца да гульнявой дзейнасці і самастойна арганізоўваюць групавую гульню па правілах. Настаўнік выступае ў ролі арганізатара, памочніка і саўдзельніка.

Гульні забяспечваюць моўную практыку і прапаноўваюць умовы, пры якіх мова выкарыстоўваецца ў поўным аб’ёме як лінгвістычная з’ява і сродак зносін, выступае інструментам дыягностыкі для педагога і вучняў, развівае іх творчыя здольнасці.


Нярэдка пры захаванні высокай матывацыі ў дзяцей зніжаецца пазнавальная цікавасць да вывучэння замежнай мовы. Гэта адбываецца з-за таго, што яны сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі, якія падаюцца ім непераадольнымі. Так, трэцякласнікі ўпершыню сутыкаюцца з новай і невядомай мовай. Ад таго, наколькі яны зразумеюць яе, залежаць іх далейшыя адносіны да мовы. Вучні знаёмяцца з новымі і незразумелымі словамі. Лексічны мінімум для малодшых школьнікаў даволі вялікі, таму ў іх узнікаюць пэўныя цяжкасці з яго засваеннем. А паколькі лексіка неабходна як для прадукцыйнай маўленчай дзейнасці (гаварэння, пісьмовага маўлення), так і рэцэптыўнай (аўдзіравання, чытання), авалоданню лексічнымі навыкамі адводзіцца адно з самых важных месцаў на ўроках замежнай мовы.

Першапачаткова асноўным відам гульняў з’яўляецца прадметная (лінгвістычная) гульня на веданне лексікі. Гэта тлумачыцца тым, што ў малодшых школьнікаў толькі фарміруецца моўная база і ім не хапае навыкаў для ролевых і сюжэтных гульняў. З дапамогай лінгвістычных гульняў можна адпрацоўваць аперацыйныя структуры лексічных навыкаў гаварэння і чытання, рыхтаваць вучняў да разумення слоў пры аўдзіраванні.

Мэта гульні “Цуда-рамонак” — актывізацыя лексічных адзінак па тэме “Сям’я” ў 3 класе. Абсталяванне: папяровы рамонак з выразанымі кветаложам і пялёсткамі. На кветаложы напісана Die Familie, на пялёстках — назвы членаў сям’і. Вучні называюць іх і ўпрыгожваюць кветку пялёсткамі. Складанасць гульні можна вар’іраваць, прапанаваўшы дзецям расказаць пра сваю сям’ю.

Добра падыходзіць для адпрацоўкі лексічных навыкаў гульня “Абсталюй пакой”, для якой неабходны карцінка з выявай пустога пакоя і фота рознай мэблі. Называю словы, а вучні з дапамогай магніта расстаўляюць прадметы мэблі па пакоі. Аналагічным спосабам праводзіцца і гульня “Абсталюй кватэру”.


Даволі часта звяртаюся да імітацыйных гульняў і гульняў-спаборніцтваў, накіраваных на фарміраванне лексічных і камунікатыўных навыкаў, папаўненне лексічнага запасу па праграмных тэмах фразамі-клішэ, якія выкарыстоўваюцца ў розных сітуацыях зносін. Так, для гульні “У нас госці” па тэме “Ежа” неабходны карцінка з выявай пустога стала і фота розных прадуктаў. Задача вучняў — заставіць імі стол для гасцей. Дзеці бяруць карцінкі з прадуктамі і з дапамогай магніта прымацоўваюць іх да стала.

Гульня “Здагадайся, што за занятак, па прадмеце” актывізуе лексічныя навыкі па тэме “Вольны час”. Абсталяванне: пакет з рознымі прадметамі, неабходнымі для заняткаў у вольны час. Вучні дастаюць навобмацак прадметы з пакета і вызначаюць, для якіх заняткаў яны патрэбны.

Гульнявая дзейнасць у 3 класе ўключае практыкаванні, якія фарміруюць уменні вылучаць асноўныя прыкметы прадметаў і параўноўваць іх, гульні на абагульненне прадметаў па пэўных прыкметах і гульні на хуткую рэакцыю на словы. Пры гэтым гульнявы сюжэт развіваецца паралельна асноўнаму зместу навучання, дапамагаючы актывізаваць адукацыйны працэс. Так, для гульні “Дырэктар заапарка” неабходны карцінка з выявай пустога заапарка і фота розных жывёл. Вучні, выступаючы ў ролі дырэктара заапарка, вырашаюць, каго туды засяліць, называюць жывёл і характарызуюць іх.

Выкарыстоўваю гульні не толькі ў адукацыйных, але і ў выхаваўчых мэтах. Так, падчас гульняў дзеці знаёмяцца з лексічнымі адзінкамі і моўнымі клішэ і адначасова вучацца культуры зносін і паводзін, паважлівым адносінам адно да аднаго, парнай і групавой рабоце. На гэта накіравана гульня “Каляндар” па тэме “Поры года”. Абсталяванне: 4 аркушы з назвамі пор года і асобныя аркушы з назвамі месяцаў. Вучні дзеляцца на некалькі каманд, кожная з якіх атрымлівае каляндар з назвамі пор года і месяцаў. Задача — сабраць каляндар правільна і хутчэй за ўсіх.

Выхаваўчым патэнцыялам валодае і гульня “У нас госці”, падчас якой вучні сервіруюць стол для гасцей, выбіраючы прадукты па значнасці, важнасці і карысці для арганізма. Гульня “Карысны — шкодны” дапамагае фарміраваць здаровы лад жыцця і культуру харчавання малодшых школьнікаў.

Перавага гульні над іншымі сродкамі навучання заключаецца ў тым, што яна забяспечвае не толькі індывідуальную, але і парную, групавую і калектыўную форму работы на занятках, што дазваляе максімальна эфектыўна выкарыстоўваць вучэбны час. Спецыфіка гульні ў тым, што вучэбныя задачы ставяцца перад дзецьмі не ў яўным выглядзе, а маскіруюцца, у выніку чаго дзеці вучацца гуляючы.

Месца гульні на ўроку і час для яе залежаць ад падрыхтоўкі вучняў, матэрыялу, мэт і ўмоў заняткаў. Праводжу гульні на розных этапах урока. Перш чым прапанаваць гульню дзецям, прадумваю яе мэтазгоднасць і вызначаю мэты ў адпаведнасці з вучэбнымі задачамі. Гульня павінна вырашаць канкрэтную задачу, пасільную для ўсіх удзель-нікаў. Важную ролю адыгрывае нагляднасць. Малодшым школьнікам вельмі падабаецца яркае, прыгожае і сучаснае афармленне гульні дыдактычнымі карткамі, карцінкамі і г.д. Сучасныя тэхнічныя і графічныя сродкі навучання павышаюць эфектыўнасць гульні.

Лексічныя гульні — самыя цікавыя і папулярныя ў вучняў. Гэтыя гульні дапамагаюць замацаваць і засвоіць лексічныя адзінкі для актыўнага ўжывання па пэўнай тэме. Выкарыстоўваю гульні амаль на кожным уроку. Падчас іх дзеці незаўважна засвойваюць лексіку, пашыраюць слоўнікавы запас, адпрацоўваюць ужыванне слоў. Гульня гарантуе пазітыўны эмацыянальны настрой, павышае працаздольнасць і цікавасць да прадмета.

За гады работы стварыла банк гульняў і назапасіла вялікі дыдактычны матэрыял для правядзення ўсіх іх тыпаў. Гульнявыя метады навучання трывала ўвайшлі ў практыку маёй педагагічнай дзейнасці.

Наталля ЖЫРЫКАВА,
настаўніца нямецкай мовы
Шаняўскай сярэдняй школы імя Міколы Засіма Пружанскага раёна.