Вучым дашкольнікаў дыферэнцыяцыі гукаў

Вельмі часта настаўнікі пачатковых класаў сутыкаюцца з дзецьмі, якія з цяжкасцю авалодваюць навыкамі чытання і пісьма. Сярод найбольш распаўсюджаных памылак вучняў — замена гукаў па фанематычным падабенстве. Таму фарміраванне граматычна правільнага, лексічна багатага і фанетычна дакладнага маўлення, якое дазваляе будаваць зносіны і рыхтуе да вучобы ў школе, — адна з важных задач настаўніка-дэфектолага ў рабоце з дзецьмі з агульным недаразвіццём маўлення.


Вядома, што дзеці з добра развітым маўленнем лёгка наладжваюць зносіны з дарослымі, могуць ясна і зразумела выказаць свае думкі і жаданні, задаць пытанні, дамовіцца з равеснікамі аб сумеснай гульні і г.д. І наадварот, невыразнае маўленне дзіцяці ўскладняе яго ўзаемаадносіны з людзьмі і даволі часта негатыўна адбіваецца на характары.

Адной з умоў павышэння якасці карэкцыйна-педагагічнай работы з’яўляецца зацікаўленасць педагога ў яе выніках. Дзеці могуць некалькі разоў з цікавасцю паўтараць адно і тое ж слова, калі яго суправаджае новая карцінка ці нейкая гульня. Выкарыстанне наглядна-дыдактычных дапаможнікаў дапамагае зрабіць працэс дыферэнцыяцыі гукаў больш захапляльным і прадукцыйным. Эфектыўны вопыт работы ў гэтым напрамку назапасіла настаўнік-дэфектолаг Ірына Мікалаеўна Котчык з дзіцячага ясляў-сада № 3 Драгічына.

Працуючы з дзецьмі з агульным недаразвіццём маўлення, педагог акцэнтуе ўвагу на павышэнні ўзроўню іх пазнавальнай актыўнасці на занятках. Гэта заканамерна, бо ў такіх дзяцей, акрамя маўленчых асаблівасцей, недастаткова сфарміраваны псіхічныя працэсы: увага, памяць, мысленне. Увага такіх дашкольнікаў няўстойлівая і цяжка ўтрымліваецца на адным слоўным матэрыяле па-за нагляднай сітуацыяй, прычым парушэнні ўвагі і памяці закранаюць пераважна адвольную дзейнасць. Канцэнтрацыя ўвагі і запамінанне на мімавольным узроўні адбываюцца значна лепш.

Каб павысіць эфектыўнасць і якасць работы па фарміраванні навыку дыферэнцыяцыі гукаў ([с] — [ш]) у словах і паскорыць авалоданне правільным гукавымаўленнем, І.М.Котчык распрацавала і выкарыстоўвае на падгрупавых і індывідуальных занятках наглядна-дыдактычныя дапаможнікі “Сланечнік”, “Збяры кветку” і “Чароўнае дрэва”. Гэтыя дапаможнікі, зручныя ў выкарыстанні і да ступныя ў вырабе, дазваляюць на невялікім карцінкавым матэрыяле вырашаць пастаўленыя задачы і адпавядаюць прынцыпам індывідуальнага і дзейнаснага падыходу, даступнасці, апоры на вядучую дзейнасць і нагляднасці.

Наглядна-дыдактычны дапаможнік “Сланечнік” складаецца з пано з выявай сланечніка з мноствам проразей для ўстаўлення “семак”. Унутры “семак”, вырабленых з дзвюх палавінак кардону, наклеены наборы карцінак. Дзеці дастаюць са сланечніка “семкі”, раскрываюць іх, называюць карцінкі з дыферэнцыраванымі гукамі (вусы — вушы). Калі дзіця вымаўляе слова правільна — карцінка застаецца ў яго, а калі няправільна — вяртаецца ў сланечнік. З дапамогай гэтага дапаможніка дзеці вучацца размяжоўваць словы, якія адрозніваюцца адным з дыферэнцыраваных гукаў, і разумець, што з заменай аднаго гука мяняецца сэнс слова. Дзіця тлумачыць значэнне кожнага слова і паказвае, у якім слове знаходзіцца пэўны гук.

Пры выкарыстанні наглядна-дыдактычнага дапаможніка “Збяры кветку” дзецям неабходна сабраць кветку з пялёсткаў, прычым трэба выбраць з іх толькі тыя, дзе ёсць карцінкі з зададзеным гукам. Спачатку даюцца карцінкі з зададзеным гукам у пачатку слова, а затым — у сярэдзіне і ў канцы слова. Калі дзіця збірае кветку, вызначае, дзе знаходзіцца зададзены гук.

Даволі эфектыўным з’яўляецца шматфункцыянальны наглядна-дыдактычны дапаможнік “Чароўнае дрэва”. Педагог вывешвае на магнітную дошку дрэва без лісткоў і прапаноўвае дзецям ажывіць яго. Дзеці бяруць па лістку і называюць карцінку з зададзенымі гукамі. Калі слова названа правільна, то лісток прымацоўваецца на дрэва. Дрэва ажывае толькі тады, калі да яго будуць прымацаваны ўсе лісткі.

Гэты дапаможнік выкарыстоўваецца і для фарміравання гукавога аналізу. На дрэве размяшчаюцца лісткі чырвонага, сіняга і зялёнага колеру. Чырвоныя лісткі абазначаюць галосныя гукі, сінія — зычныя, зялёныя — мяккія зычныя. Дзецям прапаноўваюцца карцінкі з такой выявай. Выдзяляючы гукі па парадку, дзіця складае назву карцінкі з дапамогай лісткоў пэўных колераў.

Вялікую ўвагу Ірына Мікалаеўна ўдзяляе кваліфікаванай падтрымцы бацькоў і іх актыўнаму ўдзелу ў карэкцыйна-педагагічным працэсе. І.М.Котчык будуе зносіны такім чынам, каб мамы і таты разам абмяркоўвалі праблемы і былі актыўнымі ўдзельнікамі заняткаў і іншых мерапрыемстваў.

У дашкольнай установе праводзяцца вусныя часопісы для бацькоў, чые дзеці маюць цяжкія парушэнні маўлення, з удзелам розных спецыялістаў. Гэта дазваляе мамам і татам набыць карысныя веды ў займальнай і даступнай форме. Бацькі разам з дзецьмі гуляюць у прапанаваныя гульні з выкарыстаннем наглядна-дыдактычных дапаможнікаў, ладзяць гульні-спаборніцтвы.

Аналіз заняткаў, праведзеных з выкарыстаннем названых дапаможнікаў, паказаў, што дзеці больш актыўна ўключаюцца ў работу і лепш дыферэнцыруюць гукі ў словах. Акрамя таго, у дашкольнікаў развіваюцца слыхавая ўвага і слыхавая памяць, увага да маўлення іншых людзей. Выкарыстанне дапаможнікаў выпрацоўвае тонкія акустычныя дыферэнцыроўкі, фарміруе ўменні размяжоўваць словы, якія адрозніваюцца толькі адной фанемай, са змешвальнымі фанемамі. Гэта скарачае колькасць памылак на пісьме ў выглядзе замены літар. У дзяцей фарміруюцца пазітыўныя адносіны і цікавасць да карэкцыйных заняткаў, павышаецца пазнавальная актыўнасць.

Святлана ПРАТАСЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дзіцячага ясляў-сада № 3 Драгічына.