У свеце дзіцячых захапленняў

Канспект урока па прадмеце “Мастацтва”

Тэма: “Заняткі і захапленні дзяцей”.

Мэта: удасканаленне ўяўленняў вучняў пра тэму дзяцінства і адметнасці яе ўвасаблення ў мастацтве.

Задачы:

  • актуалізаваць веды пра захапленні і заняткі дзяцей у розныя эпохі;
  • азнаёміць з захапленнямі і заняткамі дзяцей у розныя часы ў працэсе ўспрымання мастацкіх твораў;
  • удасканальваць уменне характарызаваць тэму і сюжэт твораў мастацтва;
  • сродкамі мастацтва выхоўваць паважлівае стаўленне да тэмы дзяцінства.

Ход урока

І. Арганізацыйны пачатак.

Настаўнік. Сённяшні ўрок мы пачнём са слоў французскага філосафа, пісьменніка, мысліцеля эпохі Асветніцтва, музыказнаўца, кампазітара і батаніка Жан-Жака Русо: “Вы таленавітыя дзеці! Калі-небудзь вас саміх прыемна ўразіць, якія вы разумныя, як многа вы ўмееце, калі будзеце пастаянна праца­ваць над сабой, ставіць новыя мэты і імкнуцца да іх дасягнення…” Няхай гэтыя словы стануць дэвізам нашага ўрока мастацтва “Заняткі і захапленні дзяцей”.

ІІ. Паведамленне тэмы і мэты ўрока.

Настаўнік. А якую мэту мы паставім перад сабой, каб урок мастацтва прайшоў для кожнага з нас цікава і з карысцю?

ІІІ. Актуалізацыя ведаў.

Настаўнік. Дзеці, як і дарослыя, бываюць розныя: вясёлыя, сумныя, бесклапотныя. У дзяцей, як і ў дарослых, бывае розны настрой. І характар ва ўсіх таксама розны. І гэта мы паспрабуем даказаць, калі разгле­дзім наступныя партрэты.

Якая тэма аб’ядноўвае гэтыя творы? (Тэма дзяцінства.)

Чым яны адрозніваюцца?

Мікалай Ге “Партрэт Вольгі Паўлаўны Кастычовай”.

Што вы можаце сказаць пра дзяўчынку?

Пра што можа думаць дзяўчынка?

Што яшчэ надае сур’ёзнасць гэтаму твору мастацтва? Звярніце ўвагу на назву работы. (Імя па бацьку.)

Іван Хруцкі “Хлопчык у саламяным капелюшы”.

Якое ўражанне ўзнікае ў вас, калі вы гля­дзіце на карціну? Чаму?

Усе дэталі партрэта прыгожыя: пышная кашуля, прыгожа сплецены кошык. Чаму на капелюшы пяро паўліна? Чаму сум у вачах хлопчыка?

Пра якую якасць характару хлопчыка можна гаварыць? (Паслухмянасць.)

Звярніце ўвагу на партрэт Валянціна Сярова “Мікі Марозаў”. Які настрой яна выклікае?

Што можна сказаць пра характар хлопчыка? (Хлопчык гарэзлівы, непаседлівы, дапытлівы.)

Якім словам мы ахарактарызавалі б сябе? Пачну з сябе: творчая. (Адказы дзяцей.)

IV. Уступная частка ўрока.

Настаўнік. Кожны з нас індывідуальны, і гэта вельмі добра, бо ўсе мы розныя не толькі па характары і настроі, але і па захапленнях. Хтосьці малюе, спявае, збірае маркі, а хтосьці гадзінамі праседжвае за камп’ютарам, разводзіць рыбак ці вырошчвае кактусы, чытае кнігі або слухае музыку. У кожнага сваё хобі. Дарэчы, слова “хобі” ў перакладзе з англійскай мовы азначае “захапленне”. Сёння мы адправімся ў завочнае падарожжа па музеі, дзе сабраны цікавыя мастацкія творы пра заняткі і захапленні дзяцей.

V. Асноўная частка ўрока.

Настаўнік. Дзецям сумна сядзець без справы. З самага маленства іх забаўляюць гульні і цацкі. Мастакі ўважліва назіраюць за захапленнямі і заняткамі дзяцей і расказваюць пра іх у сваіх творах.

(Слайд 1. “Партрэт Эдуарда VI у дзяцін­стве” Ганс Гольбейн Малодшы.)

Спадчынніку англійскага прастола Эдуарду VI не было і трох гадоў, калі яго партрэт напісаў нямецкі мастак Ганс Гольбейн Малодшы. Жывапісец пастараўся ­надаць паставе дзіцяці каралеўскую велічнасць, а залатая бразготка, любімая цацка, у руцэ хлопчыка выглядае амаль як атрыбут каралеўскай улады. Звернемся да падручніка і прачытаем апісанне партрэта.

(Слайд 2. Карл Лемах “Варка”, Васіль Трапінін “Дзяўчынка з лялькай”.)

Адной з любімых тэм многіх мастакоў была дзяўчынка з лялькай. Паспрабуйце параўнаць два партрэты, створаныя рознымі майстрамі. Што вы можаце сказаць пра маленькіх гаспадынь? (Дзяўчынкі клапатліва трымаюць у руках сваіх лялек і, як дарослыя, пяшчотна і з любоўю прыціскаюць да сябе сваіх цацачных сябровак.)

А ці ёсць у вас цацкі, якія сталі для вас сябрамі?

У якія гульні любіце гуляць вы? (Адказы дзяцей.)

Сёння я хачу пазнаёміць вас з гульнёй, якой навучыла мяне мая бабуля, а яе ў свой час яе матуля. Для гэтага давайце на некалькі хвілін пакінем сцены музея, бо адно з яго правіл — паводзіць сябе ціха. (Праводзіцца гульня “Косы” пад музычнае суправаджэнне.)

(Слайд 3. Мікалай Багданаў-Бельскі “За кніжкай”.)

А цяпер зноў адпраўляемся ў наш музей, дзе нас чакае наступны твор мастацтва. Звярніце ўвагу на карціну Мікалая Багданава-Бельскага “За кніжкай”.

Дзеці любяць чытаць, але больш за ўсё — слухаць. Паглядзіце, з якой цікавасцю слухаюць дзяўчынкі сваю сяброўку. Уважліва, углядаючыся ў далеч, нібы ўяўляюць сябе на месцы галоўных герояў твора. А цяпер паслухайце верш Валерыя Мацулевіча “У краіне дзяцінства былога”, які нам прачытае (называецца вучань). Прапаную вам у думках апынуцца на некалькі хвілін у дзяцінстве аўтара верша. (Музычнае суправаджэнне.)

Вучань.

У краіне дзяцінства былога,
За дарослых гадоў даляглядам,
Я сябе ўспамінаю малога,
І мне пахне адтуль шакаладам.

Там не раз я даваў абяцанне,
Што, як вырасту — стану пілотам.
Камянёў найкаштоўнейшых ззянне
Не было даражэй самалётаў.

Там, як ранішнік быў навагодні,
Я фарсіў у плашчы мушкецёра,
А ў адказ праз сівыя стагоддзі
Усміхаліся тыя чацвёра.

Там мяне ў летнім парку з калматай
Грывай неслі імклівыя коні;
Снег зімой, бы звярок той пухнаты,
Мне прасіўся хутчэй у далоні.

Сябраваў, не шкадуючы вочы,
Я з цікаваю кніжкай ад ранку,
Калі ж спаць я лажыўся уночы —
Рыжы кот мне спяваў калыханку.

Настаўнік. У кожнага з нас ёсць захапленні, дзякуючы якім мы адкрываем свет прыгажосці. Ствараем яго, калі малюем, спяваем, рукадзельнічаем. І гэта мы ўбачым у работах, якія вы прынеслі на ўрок. ­Адкрываем скарбонку нашых талентаў. У маіх руках першая работа. Хто яе аўтар? Раскажыце пра свае захапленні. Думаю, вашы работы таксама занялі б пачэснае месца сярод музейных твораў. Вы згодны са мной?

А цяпер звернемся яшчэ раз да нашага падручніка і падвядзём вынікі ўрока.

VІ. Падвядзенне вынікаў.

Настаўнік. Свет захапленняў разнастайны. Захапленне дапамагае ў цяжкія хвіліны жыцця, збліжае чалавека са светам лю­дзей, прыроды, навукі і мастацтва, дапамагае знайсці сэнс жыцця. А здараецца так, што з захапленняў пачынаецца шлях у будучую прафесію. Каб атрымліваць ад захаплення асалоду, гэты занятак павінен быць для душы.

VІІ. Рэфлексія і самаацэнка дзейнасці на ўроку.

Настаўнік. Давайце высветлім, з якім пачуццём вы працавалі на працягу ўрока.

Падбярыце фразеалагізм, які адпавядае вашаму стану душы: біць бібікі (гультая­ваць) — чырвоны колер; лунаць у воблаках (марыць, фантазіраваць немаведама пра што) — чырвоны колер; зарубіць сабе на носе (запомніць надоўга) — зялёны колер; на сёмым небе (быць у поўным захапленні) — зялёны колер; працаваць закасаўшы рукавы (старанна працаваць) — зялёны колер; сядзець каля мора і чакаць надвор’я (бяздзейнасць і чаканне перамен) — жоўты колер; шырока адкрыты рот (прымета здзіўлення) — жоўты колер.

Ірына БАЛАБУШКА,
настаўніца мастацтва Тальмінавіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.