Развіваем сацыякультурную кампетэнцыю вучняў праз відэападкасты

Развіццё сацыякультурнай кампетэнцыі вучняў ускладняецца з-за адсутнасці рэальнага моўнага асяроддзя, якое дазволіла б паглыбіцца ў культуру, традыцыі і звычаі іншай краіны. Улічваючы тое, што дзеці не маюць такой магчымасці, неабходна шукаць эфектыўныя шляхі і спосабы развіцця сацыякультурнай кампетэнцыі па-за моўным асяроддзем. Перад настаўнікам паўстаюць пытанні, звязаныя з тым, як змадэляваць сітуацыі, максімальна набліжаныя да рэальнага асяроддзя, на ўроках замежнай мовы. Дапамагчы ў гэтым могуць відэападкасты. 

Падкаст — гэта аўдыя- ці відэазапіс, які бясплатна распаўсюджваецца ў інтэрнэце і даступны для праслухоўвання і прагляду ў зручны для карыстальніка час. Якасныя аўтэнтычныя відэападкасты, створаныя носьбітамі мовы, уяўляюць сабой неабходнае спалучэнне моўнага і сацыякультурнага матэрыялу, уласцівае сітуацыям рэальных іншамоўных зносін. Відэападкасты дазваляюць штучна паглыбіць вучняў у іншамоўнае асяроддзе, якое дапамагае зламаць псіхалагічны бар’ер паміж адрасатам і адрасантам. Акрамя таго, відэападкасты, створаныя носьбітамі мовы, функцыянальныя і арыентаваны на рэальнае выкарыстанне, стымулююць спантаннае маўленне і ствараюць ілюзію далучэння да натуральнага моўнага асяроддзя. А гэта адзін з фактараў паспяховага авалодання мовай.

Візуальны рад відэападкастаў дазваляе лепш зразумець і замацаваць як факталагічную інфармацыю, так і асаблівасці маўлення ў канкрэтным кантэксце. Зрокавая апора іншамоўнага гукавога рада, які гучыць з экрана, садзейнічае больш поўнаму і дакладнаму разуменню яго сэнсу. Каб зразумець спецыфіку паводзін носьбітаў мовы, трэба бачыць іх жэсты, выраз твараў, дыстанцыю паміж суразмоўцамі, а таксама абстаноўку, дзе адбываюцца зносіны (крама, метро, аэрапорт, клас, музей, тэатр), бо яна моцна ўплывае на іх паводзіны. 

Сучасныя якасныя відэападкасты на актуальную тэматыку — даволі перспектыўны і эфектыўны сродак у дадатак да нацыянальных вучэбна-метадычных комплексаў па нямецкай мове, паколькі сённяшнія падручнікі, нават пры багатым і разнастайным лінгвакраіназнаўчым матэрыяле, не здольны сфарміраваць у свядомасці школьнікаў адносна цэласную карціну той рэчаіснасці, дзе жывуць прадстаўнікі нямецкамоўнай культуры. Наглядны паказ матэрыялу стварае рэальную абстаноўку іх дзейнасці, індывідуалізуе навучанне і развівае матывацыю да яго, пашырае і дапаўняе матэрыялы вучэбных дапаможнікаў за кошт зместу, які раскрывае сацыякультурныя асаблівасці жыцця іншай краіны. 

Не ўсе відэападкасты прыдатны для выкарыстання на ўроках з мэтай развіцця сацыякультурнай кампетэнцыі, таму пры іх адборы ўлічваю сацыякультурную насычанасць і магчымасць для параўнання і супастаўлення сацыякультурных рэалій, даступнасць і пасільнасць, адпаведнасць тэматыцы і ўзроўню падрыхтоўкі вучняў. У рабоце прымяняю пераважна відэападкасты, узятыя з сайта dw.com. Так, відэападкаст Video Thema (https://rss.dw.com/xml/Dkpodcast_videothema_de) прапаноўвае шырокі выбар відэасюжэтаў на розныя тэмы з жыцця Германіі: славутыя мясціны, нацыянальныя святы, побыт, традыцыі, кухня, гісторыка-культурная спадчына.

Відэападкаст Das Bandtagebuch mit EINSHOCH6 (https://www.dw.com/de/deutsch-lernen/das-bandtagebuch-die-serie/s-32660; https://www.dw.com/de/deutsch-lernen/das-bandtagebuch-1-lass-uns-reden/s-32658; https://www.dw.com/de/deutsch-lernen/das-bandtagebuch-2-reise-um-die-welt/s-32659) дазваляе падарожнічаць разам з музычнай групай з Мюнхена па Германіі і атрымліваць уяўленне пра розныя аспекты жыцця ў гэтай краіне (раздзельны збор смецця, святкаванне Каляд, карнавал у Кёльне, бясплатная раздача прадуктаў маламаёмным грамадзянам, падзенне Берлінскай сцяны і інш.).

Відэападкаст Das Deutschlandlabor (http://www.dw.com/de/deutsch-lernen/das-deutschlandlabor/s-32379) найбольш падыходзіць па ўзроўні складанасці і лексічным змесце для старшакласнікаў, паколькі тэксты фільмаў адрозніваюцца прадуманым зместам, навуковай абгрунтаванасцю і інфарматыўнасцю. Серыя з 20 кароткіх відэафільмаў прысвечана такім тэмам, як Schule, Mode, Fubball, Literatur, Kunst, Wandern, Wohnen, Musik, Migration, Mentalität, Urlaub, Geld, Auto, Bio. Амаль усе адпавядаюць праграмнаму зместу вучэбных тэм на ІІІ ступені навучання. Каштоўнасць гэтых відэафільмаў заключаецца ў тым, што ўсе яны ўяўляюць сабой цэласныя сцэнарыі, якія наглядна паказваюць сацыякультурную рэальнасць, кантэкст і сітуацыю зносін у вербальных і невербальных паводзінах. Кожны фільм — гэта своеасаблівы культурны партрэт краіны, які суправаджаецца анлайн-практыкаваннямі, транскрыпцыяй, гласарыем, дыдактызацыяй для работы на занятках і тлумачэннямі для настаўніка. Новая лексіка прад’яўляецца без перакладу, з тлумачэннем на нямецкай мове, што асабліва каштоўна для фарміравання моўнай здагадкі, пачуцця мовы і пашырэння лексічнага запасу. Размоўная лексіка, якая часта выкарыстоўваецца ў відэафільмах, дазваляе адчуць сапраўдны каларыт нямецкай мовы. Гэтае моўнае асяроддзе дапамагае зразумець спецыфіку паводзін носьбітаў мовы і абстаноўку, дзе адбываюцца зносіны (музей, магазін, метро, стадыён, тэатр і інш.), бо яна істотна ўплывае на паводзіны суразмоўцаў.

Адметна, што ў гэтых матэрыялах прысутнічае дадатковы гукавы рад: шум транспарту, размовы прахожых, званкі тэлефонаў, музыка і інш. Гэта дапамагае лепш зразумець характар прапанаваных абставін, фарміруючы навык успрымання іншамоўнага маўлення на фоне розных перашкод і набліжаючы вучняў да рэальных умоў ужывання мовы. Дынамічнасць вобразаў і яркая выява ў спалучэнні з гукавым суправаджэннем выклікаюць большую цікавасць у дзяцей, чым чытанне тэматычных тэкстаў, якія адлюстроўваюць сучасныя рэаліі нямецкамоўнага грамадства без дастатковай колькасці зрокавых вобразаў, і выкананне аднатыпных лексіка-граматычных практыкаванняў з сучасных вучэбна-метадычных комплексаў.

Відэападкасты можна выкарыстоўваць на розных этапах урока: падчас прэзентацыі тэмы і пастаноўкі мэт заняткаў, для пераадолення цяжкасцей у інтэрпрэтацыі тэмы, пры яе замацаванні. Найчасцей звяртаюся да відэаматэрыялаў пасля прачытання тэкстаў, выканання асноўных заданняў і абмеркавання праблемы па пэўнай тэме. Гэта дапамагае падтрымліваць увагу да праблемы, якая абмяркоўваецца. Менавіта такі парадак паказу відэаматэрыялаў матывуе вучняў да прагляду відэасюжэтаў. Акрамя таго, неабходна, каб у падачы пэўнай тэмы яны разам з ужо вядомымі фактамі змяшчалі новыя.

Трэба адзначыць, што цалкам рэалізаваць патэнцыял гэтага сродку навучання можна толькі пры сістэматычным выкарыстанні яго на практыцы і метадычна правільным прымяненні з улікам тэматыкі ўрокаў, узроўню навучанасці дзяцей і іх індывідуальных асаблівасцей.

Работа над відэападкастам складаецца з некалькіх этапаў: падрыхтоўчага, дэманстрацыйнага і паслядэманстрацыйнага. Мэта першага заключаецца ў матывацыі вучняў, іх уводзінах у тэму і сітуацыю фільма, зняцці магчымых цяжкасцей пры ўспрыманні тэксту і падрыхтоўцы да прагляду і выканання заданняў. На гэтым этапе выкарыстоўваю прыёмы “Асацыяграма”, “Ключавое слова”, “Лагічны ланцужок”, “Збор інфармацыі” і “Мазгавы штурм”, пры дапамозе якіх імкнуся выклікаць у школьнікаў цікавасць да тэматыкі фільма і актывізаваць іх моўныя веды. Акрамя таго, на гэтым этапе пажадана папярэдне зняць моўныя і лінгвакраіназнаўчыя цяжкасці, звязаныя з увядзеннем новай лексікі, пашырэннем лексічнага запасу і візуалізацыяй.

Дэманстрацыйны этап накіраваны на разуменне зместу і развіццё моўнай кампетэнцыі вучняў з улікам іх рэальных магчымасцей. На гэтым этапе важную ролю адыгрывае цікавасць да прагляду, якую можна карэкціраваць пры дапамозе пастаноўкі заданняў да яго. Віды заданняў і выбар прыёмаў на дэманстрацыйным этапе залежаць ад таго, якая мэта ў прагляду. Так, пры глабальным праглядзе вучні павінны зразумець толькі галоўную інфармацыю відэа, пры селектыўным — пэўную ці выбарачную, пры дэталёвым — усю.

Як правіла, мэта першага прагляду фільма заключаецца ў яго глабальным разуменні, у сувязі з чым на гэтым этапе выконваюцца інфарматыўныя практыкаванні: выбраць правільны адказ, суаднесці карцінку з тэкстам, адзначыць крыжыкам правільны адказ, падабраць варыянты адказаў.

Дарэчы выкарыстоўваць і нескладаныя вербальныя заданні (адказаць на 5 глабальных пытанняў, якія пачынаюцца са слоў “Хто…”, “Што…”, “Калі…”, “Дзе…” , “Чаму зрабіў…”), і прыём збору інфармацыі пра месца падзей, персанажаў і іх дзеянні.

Мэта другога прагляду — селектыўнае ці дэталёвае разуменне тэксту. Да вышэйпералічаных практыкаванняў дабаўляю новыя: запаўненне пропускаў у тэксце, размяшчэнне тэкстаў у правільнай паслядоўнасці падзей фільма, занясенне інфармацыі ў табліцу, размяшчэнне сказаў у правільнай паслядоўнасці падзей фільма.

Заданні даю перад праглядам (з мэтай развіцця навыкаў аўдзіравання) ці пасля прагляду (калі акцэнт робіцца на кантролі разумення). Часам у выпадку інфармацыйнай насычанасці відэаматэрыялу практыкую паказ фільма з прыпынкамі паміж асобнымі эпізодамі і наступным выкананнем заданняў.  

Мэта паслядэманстрацыйнага этапу заключаецца ў кантролі разумення і далейшай рабоце з матэрыялам відэафільма па развіцці навыкаў гаварэння і пісьма. На гэтым этапе ўсведамляюцца і супастаўляюцца сацыякультурныя адрозненні і арганізоўваецца дыялог культур, паколькі відэасюжэты носяць краіназнаўчы характар. Практыкаванні паслядэманстрацыйнага этапу накіраваны на актывізацыю моўнага матэрыялу пры дапамозе адказаў на пытанні, заданняў з сінонімамі і антонімамі, пераказу зместу ўбачанага. Даволі цікавым з’яўляецца практыкаванне “Стоп-кадр”, калі відэакарцінка ідзе без гуку, а вучні агучваюць асобныя эпізоды. Гэты этап вельмі важны для кантролю разумення маўлення на слых і развіцця камунікатыўных уменняў дзяцей. 

З мэтай развіцця творчых здольнасцей вучняў вызначаю іх адносіны да паказанага матэрыялу. Спачатку выкарыстоўваю для гэтага гутарку па змесце прагледжанага фрагмента, а затым — дыскусію, круглы стол і ролевыя гульні.

Відэаматэрыялы з’яўляюцца асновай для развіцця пісьмо­вага маўлення. Практыкую пісьмовыя пераказы з выкарыстаннем апорных слоў і выразаў, напісанне водгукаў і інш. Даволі часта прагледжаныя відэаматэрыялы з’яўляюцца асноўнай крыніцай для самастойных творчых выказванняў ці праектных работ вучняў, дзе яны аналізуюць падабенства і адрозненні ў розных культурах. 

Дзякуючы выкарыстанню відэападкастаў, вучні рыхтуюцца да міжкультурных зносін на замежнай мове, набываюць неабходныя веды пра культуру і рэаліі іншай краіны, ствара­юць сацыякультурны партрэт сваёй і чужой краіны. Фарміруючы сацыякультурную кампетэнцыю школьнікаў пры дапамозе відэападкастаў, удалося павысіць пазнавальную актыўнасць дзяцей і матывацыю да вывучэння мовы не толькі як сродку зносін з яе носьбітамі, але і як спосабу разумення іх менталітэту, культуры і ладу жыцця. Гэта значна пашырае індывідуальную карціну свету вучняў.

Іна НЕСЦЕРАВА,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 2 Лунінца.