Развіваем навыкі правільнага і беглага чытання

Многія сучасныя дзеці не толькі не любяць, але і не ўмеюць чытаць. Гэта вельмі дрэнна, бо чытанне дапамагае асвойваць іншыя дысцыпліны, пазнаваць навакольны свет, строіць адносіны і г.д. Валоданне чытацкімі навыкамі — адна з асноўных умоў вучэбнай паспяховасці школьнікаў.

Якія практыкаванні запаляць у дзіцячых вачах дапытлівы і ўстойлівы агеньчык цікавасці да чытання? Як вучыць без прымусу? Адказаць на гэтыя пытанні няпроста.

Прааналізаваўшы дынаміку беглага чытання ў вучняў папярэдняга выпуску, я пераканалася, што не ўсе з іх чытаюць бегла і правільна. Хуткасць чытання з пераходам у старшыя класы ў некаторых дзяцей не павялічваецца, а змяншаецца. З якой жа хуткасцю павінны чытаць малодшыя школьнікі?

Вучні, якія слаба чытаюць, у сярэдніх, а затым і ў старшых класах будуць калі не тануць, то захлынацца ў патоку інфармацыі. Такія дзеці асуджаны на непаспяховасць. Ім не дапамогуць добрыя настаўнікі, пакуль яны не навучацца элементарнаму — чытаць. Спадзявацца, што з часам бегласць чытання прыйдзе сама, не варта. Першакласнікі знаходзяцца ў вельмі спрыяльным узросце, калі можна дабіцца аптымальнай хуткасці. Яны маюць невычэрпны рэзерв для павышэння тэхнікі чытання.

Многія бацькі імкнуцца дапамагчы дзецям навучыцца чытаць. За аснову, як правіла, бяруць буквар ці азбуку. Жаданне бацькоў зразумелае і пахвальнае, але вельмі важна пры навучанні чытанню не дапусціць памылак, якія давядзецца потым выпраўляць перавучваннем.

Для фарміравання ў вучняў навыку правільнага і беглага чытання я распрацавала сістэму практыкаванняў, якія дапамагаюць ліквідаваць прычыны, што тармозяць развіццё і ўдасканаленне чытання. Гэтыя практыкаванні я выкарыстоўваю паслядоўна і паэтапна з 1 класа.

Спачатку падбіраю практыкаванні, абапіраючыся на методыкі У.М.Зайцава і І.Т.Федарэнкі. Звяртаюся да тэкстаў зрокавых дыктовак і трэніровачных практыкаванняў для развіцця аператыўнай памяці. Акрамя таго, выкарыстоўваю лікавыя табліцы Шультэ (яны ўяўляюць сабой выпадкова размешчаныя лічбы, якія трэба знайсці па парадку).

Пачынаючы з урокаў навучання пісьму, шырока прымяняю практыкаванні на пастаноўку дыхання і фарміраванне правільнай паставы. Выкананне такіх практыкаванняў дапамагае дзецям навучыцца расходаваць паветра пры вымаўленні слова ці фразы, нячутна дабіраць яго ў час паўзы, дыхаць пры чытанні лёгка і натуральна. Праводжу іх у гульнявой форме — у выглядзе маўленчых размінак перад чытаннем ці падчас фізкультхвілінак.

У 1 класе арганізоўваю гэтую работу франтальна, а ў наступных класах — індывідуальна (толькі з тымі дзецьмі, якім падобныя гульні неабходны), да ўрока ці ў яго пачатку. Гульнявыя практыкаванні вельмі падабаюцца вучням і прыносяць ім вялікую карысць.

Праводжу таксама практыкаванні для правільнай артыкуляцыі. Яны звязаны з развіццём маўленчага апарату і асабліва карысныя для першакласнікаў.

Уменне выразна вымаўляць гукі і іх спалучэнні дасягаецца падчас работы са скорагаворкамі. Методыка работы з імі вядомая — ад асобнага, выразнага прагаворвання да максімальна выразнага, хуткага. Рэкамендую вылучаць у запісе каляровай крэйдай літары, якія абазначаюць гукі і над якімі трэба будзе працаваць. Лічу карысным пачаць работу з аднаго радка скорагаворкі і на кожных занятках дадаваць новы.

Вялікую ўвагу ўдзяляю развіццю зрокавай памяці і ўвагі вучняў. Гэта выпрацоўвае беглае чытанне і павялічвае яго хуткасць. Такую работу праводжу па-рознаму. Паказваю дзецям карціну ці ілюстрацыю, якую яны павінны запомніць за хвіліну: што на ёй намалявана, з якога твора ці казкі ўзята? Часта праводжу гульню “Знайдзі лішняе слова”.

На другім этапе работы па фарміраванні правільнага і беглага чытання вельмі дапамагае праграма па хуткачытанні, створаная настаўнікам інфарматыкі А.М.Касабуцкім. Так, сказы запісваюцца не на дошцы ці аркушы паперы (як прадугледжвае методыка І.Т.Федарэнкі і І.Г.Пальчанкі), а паказваюцца на экране камп’ютара строга вызначаны час. Пасля заканчэння часу сказ рассыпаецца на часткі, да іх дадаюцца лішнія. Дзеці збіраюць сказ з неабходных частак. Пасля заканчэння часу сказ знікае, і яго трэба ўпісаць у поле формы. Каб сказы не запаміналіся, я падрыхтавала шмат іх варыянтаў.

Праграма ўключае 5 узроўняў складанасці. Першы ўзровень — для вельмі слабых вучняў. Другі ўзровень заснаваны на методыцы Федарэнкі-Пальчанкі. Трэці — пяты — павышанай складанасці. На кожным наступным узроўні час паказу сказаў змяншаецца прыкладна ў два разы. Пры трох няправільных адказах праграма вяртае вучня да работы са сказамі з меншай колькасцю літар. Праграма можа працаваць у рэжыме трэніроўкі хуткасці чытання ці трэніроўкі ўвагі.

На першай старонцы сайта праграмы (http://chtenie.net), створанай на мовах вэб-праграмавання HTML, PHP і JavaScript, можна выбраць набор сказаў, з якога трэба пачаць трэніроўку, і неабходны ўзровень складанасці. Асаблівасць праграмы ў тым, што старонка сайта загружаецца толькі адзін раз, а неабходныя даныя падгружаюцца затым з сервера без перазагрузкі старонкі. Гэта дазваляе ісці толькі наперад, перашкаджаючы вяртанню папярэдніх сказаў на старонку сайта.

Каб добра чытаць, трэба чытаць шмат. Але нават дзеці, якія добра чытаюць, не заўсёды захапляюцца кнігамі. Дзеці будуць чытаць шмат тады, калі ў іх з’явіцца цікавасць, таму імкнуся ўсяляк зацікавіць вучняў, прыцягнуць іх увагу да кнігі.

Чытанне — адзін з асноўных спосабаў атрымання інфармацыі. Яно адкрывае вялікія магчымасці для разумовага, эстэтычнага і маўленчага развіцця вучняў. Калі дзеці пачынаюць з цікавасцю чытаць, іх чытанне становіцца беглым і асэнсаваным, прыметна павышаецца паспяховасць па рускай мове і матэматыцы.

Прыведзеную сістэму практыкаванняў можна выкарыстоўваць у класе без абмежавання па колькасці вучняў і ўзроўні іх навучанасці.

Аксана САКУЦЬ,
настаўніца пачатковых класаў
Малагарадзішчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.