Пісьмо з сакрэтам, або Павышаем матывацыю да вучобы з дапамогай ІКТ

Адна з задач сучаснай школы — развіццё ў вучняў матывацыі да атрымання ведаў і бесперапыннай самаадукацыі праз інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. На жаль, многія педагогі пакуль недастаткова выкарыстоўваюць іх патэнцыял, аргументуючы гэта тым, што камп’ютар не можа замяніць чалавека. Але цалкам замяняць яго тэхнікай і не трэба. З дапамогай ІКТ можна ажывіць урокі, акцэнтаваўшы ўвагу не на запамінанні інфармацыі, а на развіцці мыслення і творчых здольнасцей дзяцей, іх умення вучыцца. Гэтага можна дасягнуць, спалучаючы вядомыя метады навучання (тлумачальна-ілюстрацыйны, рэпрадуктыўны, праблемны і часткова-пошукавы) з магчымасцямі камп’ютарнай тэхнікі.


Тлумачальна-ілюстрацыйны метад прадугледжвае выкарыстанне дынамічных мадэлей пры тлумачэнні і ілюстрацыі правільнага напісання літар пачынаючы з 1 класа.

Паколькі ў класе шмат вучняў і дапамагчы кожнаму з іх асвоіць правільнае напісанне літар за 35 хвілін урока нерэальна, я звярнулася да каляровага абазначэння элементаў літар, што дапамагло першакласнікам справіцца з пастаўленай задачай. Ведаючы паслядоўнасць напісання і бачачы яго неаднаразовыя паўторы і становішча на рабочым радку, дзеці хутка асвойваюць пісьмо. Спачатку, праўда, ім было цяжка зразумець, чаму сказ і радок — не адно і тое ж. На дапамогу прыйшлі слайды, дзе малюнак, які падыходзіў да сюжэта сказа, пачынаў рухацца ад першага слова і да кропкі, а затым змяняўся іншай выявай, якая адпавядала другому сказу.


Пры рэпрадуктыўным метадзе навучання школьнікам прапаноўваецца на экране камп’ютара алгарытм, у выніку выканання якога яны распазнаюць аб’ект (з’яву) і адначасова ажыццяўляюць пэўны парадак дзеянняў. У гэтым выпадку найчасцей выкарыстоўваю трэнажоры (гатовыя ці ўласныя) па вызначэнні націску, ненаціскной галоснай у корані слова, двайных зычных у корані слова і інш. Каб навучыць дзяцей правільна ставіць націск, даю ім спачатку словы, якія ад змены месца націску мяняюць значэнне.

Праблемны метад навучання рэалізоўваю з дапамогай заданняў, дзе школьнікі павінны пераканацца ў тым, што наяўных ведаў недастаткова. Так, выводжу на слайдах заданні з некалькімі поглядамі на праблему ці супярэчнасцямі паміж жыццёвымі ўяўленнямі і навуковымі фактамі, а таксама заданні, якія не можа выканаць дзіця з-за недахопу пэўных ведаў.

Вучні працуюць у парах над вырашэннем праблемы і робяць выснову пра спосаб знаходжання ў сказе дзейніка і выказніка.

Пры часткова-пошукавым метадзе навучання прапаноўваю дзецям праблемныя заданні, шляхі рашэння якіх яны знаходзяць, дзякуючы падказкам на экране камп’ютара ці складзенаму плану.

Камп’ютар не замяняе асноўныя метады навучання і не мяняе структуру ўрока, а надае ім яркасць і эфектыўнасць. У сваёй рабоце паспяхова выкарыстоўваю гатовыя вучэбныя праграмы і трэнажоры, уласныя трэнажоры і тэставыя заданні, а таксама мультымедыйныя прэзентацыі.

Алена БУКСА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Жабінкі.