На карысць Бацькаўшчыны

Выхоўваючыся ў рускамоўным асяроддзі, чуючы родную мову толькі з вуснаў настаўніка, дзеці робяць выснову, што вывучэнне беларускай мовы і літаратуры немэтазгоднае, таму не варта губляць на гэта час. Нізкая культура чытання, недастатковы ўзровень камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў і адсутнасць матывацыі да вывучэння прадмета — сапраўдная трагедыя для педагога-філолага.

Немалаважную ролю ў такой сітуацыі адыгрывае навукова-тэхнічны прагрэс. Камп’ютары, мабільныя тэлефоны і інтэрнэт трывала ўвайшлі ў наша жыццё. Не скажу, што гэта дрэнна. Але, на жаль, са з’яўленнем інтэрнэту сучасныя школьнікі амаль перасталі наведваць бібліятэкі, чытаць кнігі, працаваць з літаратурнымі крыніцамі. У выніку на ўрок прыходзяць вучні, якія не маюць патрэбы ў новых ведах, не зацікаўлены ў знаёмстве з творамі беларускіх класікаў і ўвогуле не жадаюць павышаць агульную культуру.

Улічваючы гэта, педагогу неабходна выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі, каб актывізаваць у вучняў пазнавальную дзейнасць, дапамагчы ім пераадолець цяжкасці і зацікавіць прадметам. У сваёй практыцы абапіраюся на дзейнасны падыход у навучанні, які прадугледжвае выкананне заданняў наступных тыпаў: гульні, з дапамогай якіх арганізоўваюцца навучальныя зносіны ў адпаведнасці з распрацаваным сюжэтам,  размеркаванымі паміж вучнямі ролямі і міжролевымі адносінамі; праблемныя сітуацыі з выкарыстаннем маўленча-мысліцельных заданняў, што прадугледжваюць дзеянні, заснаваныя на крытычным разважанні, здагадцы, інтэрпрэтацыі фактаў, выснове і інш.; вольныя (непадрыхтаваныя) зносіны. Што тычыцца апошняга, ёсць пэўныя асаблівасці. Так, змест гэтых зносін не заўсёды прадказальны, для іх патрабуецца актыўная мабілізацыя мысліцельных рэзерваў і папярэдняга маўленчага вопыту, а таксама выкарыстанне розных камунікатыўных  стратэгій, якія дазваляюць перадаць змест выказвання пры недастатковай сфарміраванасці моўнай базы. Матэрыялам для заданняў гэтага тыпу звычайна служаць сітуацыі рэальных зносін.

Арыентуючыся на тэорыю дзейнаснага падыходу, імкнуся зрабіць дзяцей не пасіўнымі гледачамі на ўроку, а актыўнымі ўдзельнікамі вучэбнага працэсу, каб кожныя заняткі роднай літаратуры сталі адкрыццём новага, закранулі сэрцы, абудзілі думкі, далі жаданы вынік.

Заўсёды пачынаю ўрок са стварэння сітуацыі поспеху. У перажыванні такой сітуацыі асаблівую патрэбу адчуваюць дзеці, у якіх ёсць пэўныя цяжкасці ў вучобе. Сітуацыя поспеху дазваляе зняць у школьнікаў эмацыянальную напружанасць, пераадолець пасіўнасць і падтрымліваць цікавасць да вывучэння прадмета. Адна з неабходных умоў стварэння сітуацыі поспеху — добразычлівасць настаўніка.

Прыём “эмацыянальнае пагладжванне” прадугледжвае, што настаўнік на ўроку будзе хваліць дзяцей (“Вы малайцы…”, “Дзеці, я ганаруся вамі…”), падтрымліваючы такім чынам іх веру ў свае магчымасці. Вучні будуць старацца, бо павераць настаўніку, і імкнуцца даказаць, што заслугоўваюць такую пахвалу. Гэты прыём найбольш актуальны пры чытанні вучнямі вершаў на памяць, асабліва ў 5—6 класах.

Адзін з найважнейшых этапаў стварэння станоўчай матывацыі школьнікаў — сумеснае/самастойнае мэтамеркаванне на ўроку. Часта прапаноўваю вучням сфармуляваць мэты ўрока па апорных словах: актуалі­заваць…, сістэматызаваць…, развіваць…, паглыбляць…, выяў­ляць…, адрозніваць…, знаходзіць…, будаваць…, выпрацоўваць…, удасканальваць… Прымяняю і такі прыём: пішу на дошцы ў слупок дзеясловы ведаем… і даведаемся…, умеем… і навучымся…, не разумеем… і будзем разумець… Пастаноўка мэты ўрока мабілізуе вучняў на актыўную работу і з’яўляецца важнай умовай поспеху заняткаў.

У пачатку ўрока імкнуся таксама актывізаваць разумовую дзейнасць вучняў. Для гэтага распрацоўваю арыгінальны пачатак урока, які здолее выклікаць станоўчыя эмоцыі і будзе спрыяць дзелавому настрою школьнікаў. Так, расказваю дзецям цікавую прытчу, прапаноўваю выбраць з эпіграфа да ўрока радкі, якія маглі б стаць тэмай (дэвізам) вучэбных заняткаў, прапаноўваю прачытаць эпіграф і падумаць, як ён можа быць звязаны з тэмай урока. Напрыклад, прапаноўваю да ўрока ў 6 класе па тэме “Мой род. Родная зямля. Народ” эпіграф з верша Ніла Гілевіча:

Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена, —

Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.

У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,

Нашых душ карані — з вузлякамі ўпартасці…

На этапе актуалізацыі ведаў вучняў выкарыстоўваю прыём “альтэрнатыўны тэст”. Прапаноўваю класу па яшчэ не вывучанай тэме  паслухаць ланцужок правільных і памылковых сцвярджэнняў, з якіх вучням неабходна выбраць толькі тыя, што адпавядаюць сапраўднасці.

Прыём “мазгавы штурм” выдатна падыходзіць пры вывучэнні тэм, якія патрабуюць апоры на веды раней вывучанага матэрыялу ці жыццёвы вопыт дзяцей. Стаўлю праблемныя пытанні, якія актывізуюць пазнавальную дзейнасць, развіваюць творчы тып мыслення і скіроўваюць школьнікаў да прадуктыўнай работы. Праўда, у гэтым прыёме ёсць і недахоп: нізкаматываваныя вучні часта не ўдзельнічаюць у абмеркаванні праблемы і ў гэты час на занятках пасіўныя. Недахоп можна ліквідаваць, калі даць магчымасць вырашыць пастаўленую праблему індывідуальна ў пісьмовай форме ці арганізаваць работу на ўроку ў парах/групах.

На этапе знаёмства з новым творам абавязкова звяртаюся да прыёму “ўзорнае чытанне настаўніка”. Адна з задач педагога на ўроках літаратуры заключаецца ў тым, каб зацікавіць вучняў чытаннем, навучыць успрымаць літаратуру як мастацтва слова. Таму настаўніку неабходна самому ўмець, а таксама вучыць школьнікаў перадаваць і раскрываць у жывым слове змест мастацкага тэксту. Прапушчанае праз уласнае інтэлектуальнае і пачуццёвае ўспрыманне чытанне педагога — дзейсны сродак навучання, маральнага і эстэтычнага выхавання вучняў на ўроках роднай літаратуры. Зацікаўленасць родным словам, якую бачу ў вачах дзяцей, дакладнае веданне зместу пры аналізе тэксту — вялікі крок да маёй прафесійнай мэты. Яшчэ адзін станоўчы момант гэтага прыёму — нават слабыя вучні, не парушаючы дысцыпліну, уважліва слухаюць творы ў маім выкананні, а потым актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаванні.

Шмат вершаў беларускіх паэтаў пакладзены на музыку і радуюць слых на працягу многіх гадоў, таму пры вывучэнні лірыкі выкарыстоўваю прыём “выкананне песень”. Так, у 6 класе гэта вершы Алеся Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць” і Алеся Бачылы “Радзіма мая дарагая…”, народная песня “Вы, калядачкі, бліны-ладачкі…”. Вучні з задавальненнем слухаюць іх і спяваюць разам са мной. Песні станоўча ўплываюць на пачуцці, выклікаюць пэўныя эмоцыі. У выніку павышаецца цікавасць да твораў.

Падчас работы з мастацкiм творам выкарыстоўваю прыём “чытанне з прыпынкамi”. Мэта гэтага прыёму — зацікавіць вучняў мастацкiм творам, далучыць іх да асэнсаванага чытання, навучыць разумець матывы ўчынкаў герояў, даваць асабістую ацэнку паводзінам персанажаў прачытаных твораў, усталёўваць сэнсавыя сувязі паміж падзеямі. Задача настаўніка — чытаючы празаічны твор, знайсці аптымальныя моманты для прыпынкаў, падчас якіх дзеці самастойна бу­дуць прагназаваць развіццё падзей. Прыпынкі — своеасаблівыя фiраначкi: па адзін бок знаходзіцца ўжо вядомая, прачытаная вучнямі інфармацыя, а па другі — невядомая, якая ці пацвердзіць меркаванні вучняў, ці абвергне іх. Выкарыстанне гэтага прыёму дапамагае развіваць у дзяцей здольнасць бачыць шматпланавасць зместу твора, фарміруе жыццёвую пазіцыю кожнага з іх. Станоўчым з’яўляецца і тое, што прыём актывізуе дзейнасць усяго класа. У рабоце задзейнічаны нават тыя, хто звычайна адмоўчваецца. Школьнікі вучацца слухаць адно аднаго, адстойваць свой пункт гледжання.

Работу па засваенні зместу мастацкіх твораў часта арганізоўваю з выкарыстаннем прыёму “анкета героя”. Так, пры вывучэнні апавядання Генрыха Далідовіча “Страта” ў 5 класе прапаноўваю вучням у парах запоўніць анкету ад імя галоўнага героя.

Анкета

  1. Новенькага звалі………………………………………………………
  2. Ён быў апрануты ў …………………………………………….………
  3. Прыехаў ён з сям’ёй, якая складалася з…………………….…
  4. Вучыўся новенькі……………, першую чвэрць скончыў…………………………………………………………………………………………
  1. Мае бацькі гавораць, што хлопчык не жылец на гэтым свеце, таму што ……………………………………….………………………
  2. Я пасябраваў са сваім аднакласнікам. Рабілі разам урокі, чыталі кнігі. Самымі любімымі аўтарамі былі ………………………………………………………………………………………..…………….
  3. Хлопчык памёр …………………………………………………………
  4. Я і сёння берагу рэчы свайго сябра, гэта …………………………………………………………………………………………………………
  1. Прыязджаючы з горада, я кожны раз ………………………..…
  2. Часам, калі мне бывае ганебна на душы, я думаю .………………………………………………………………………………………….

Пасля запаўнення анкет дзеці абменьваюцца імі, дапаўняюць ці выпраўляюць недакладнасці ў адказах аднакласнікаў.

На этапе рэфлексіі выкарыстоўваю метадычны  прыём  “паблытаныя  лагічныя ланцужкі”: пэўны праграмны матэрыял па літаратуры падаю  класу са спецыяльна зробленымі памылкамі. Так, пры вывучэнні апавядання Міхася Лынькова “Васількі” ў 5 класе прапаноўваю аднавіць паслядоўнасць падзей твора, расставіўшы пункты плана ў правільным парадку.

  1. Жахлівая страта
  2. Прыгожы жнівеньскі дзень
  3. Гутарка з дзедам Нупрэем
  4. Жаданне адпомсціць
  5. Яго бачылі ў мястэчку
  6. Сінімі васількамі адцвіталі вочы хлопчыка
  7. “Наце ж вам… за маці, за сястрычку маю!”

Пасля ўважлівага чытання дзеці адзначаць, што ў плане сапраўды ёсць недакладнасці: трэба памяняць месцамі ланцужкі пад нумарамі 1 і 2, 6 і 7.

Прыём “закончы фразу” не патрабуе спецыяльнага ­абсталявання і рэалізоўваецца на працягу 5 хвілін. Вучні самастойна завяршаюць прапанаваны пачатак фразы і запісваюць яго ў сшытак. Кожны школьнік дзеліцца сваім ва­рыянтам, а настаўнік прапаноўвае сваю версію. Плюс гэтага прыёму — нават слабыя вучні выказваюць свае меркаванні, бо не баяцца памыліцца.

 Тэма ўрока Закончы фразу
Змітрок Бядуля
“На Каляды к сыну”
(6 клас)
1. Мае бацькі для мяне — гэта…

2. Няўдзячны сын горшы за чужога чалавека, бо…

Вячаслаў Адамчык “Салодкія яблыкі”
(6 клас)
1. Сапраўдная прыгажосць чалавека ў…

2. Вайна — жорсткая з’ява, якая…

Уладзімір Караткевіч “Нямоглы бацька”
(5 клас)
1. Добрыя дзеці бацьку і маці — апора ў хаце, таму што…

2. Народная мудрасць — гэта…

Падлеткі — надзвычай эмацыянальныя чытачы, з развітой фантазіяй і багатым уяўленнем. Дзеці заўсёды суперажываюць героям, параўноўваюць іх паводзіны з уласнымі. Вучні здольны да сутворчасці з аўтарам: дамысліць сюжэт, дамаляваць карціны і г.д. З улікам гэтага часта выкарыстоўваю прыём “інсцэніроўка”, які схіляе вучняў да творчай падачы літаратурных вобразаў. Умова поспеху інсцэніроўкі — добрая падрыхтоўка вучняў і ўжыванне іх у ролі.

За гады педагагічнай работы прыйшла да высновы, што пазнавальную дзейнасць вучняў стымулюе не толькі сістэматычнае выкарыстанне разнастайных сучасных метадаў і прыёмаў, але і атмасфера, у якой арганізавана навучанне. Ва ўмовах добразычлівасці, узаемапавагі і даверу вучні хутка ідуць на кантакт і ахвотна ўдзельнічаюць у вучэбным працэсе. На ўроках імкнуся ўдзяляць максімум увагі індывідуальным асаблівасцям дзяцей. Кожны вучань можа разлічваць на тое, што яго магчымасці абавязкова будуць улічаны мной.

Таццяна ЛІПАЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Пінска.