Мультымедыйныя прэзентацыі на ўроках геаграфіі

У сучаснай школе нельга весці ўрокі геаграфіі без новаўвядзенняў, падораных навукова-тэхнічным прагрэсам. У гэтым вучэбным прадмеце закладзены вялікія магчымасці для выкарыстання камп’ютарных тэхналогій, мультымедыя і ЭСН, якія дапамагаюць рэалізаваць асобасна арыентаваны падыход у навучанні і сфарміраваць у дзяцей уменне па самастойным набыцці ведаў.


На ўроках актыўна звяртаюся да мультымедыйных інтэрактыўных сродкаў навучання (праектар і экран). Выкарыстоўваючы элементы камп’ютарных тэхналогій на розных этапах і тыпах заняткаў, прыйшла да высновы, што найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца прадметныя паўрочныя прэзентацыі, створаныя настаўнікам.

Інтэрактыўныя і аўдыявізуальныя сродкі навучання прымяняю на ўроках па вывучэнні новага матэрыялу ў выглядзе мультымедыйнай лекцыі. У адрозненне ад традыцыйнай такая лекцыя мае большыя магчымасці ў выкарыстанні ілюстрацыйных матэрыялаў (інфармацыйных аб’ектаў).

Пры тлумачэнні новага матэрыялу імкнуся, каб прэзентацыя не падмяняла настаўніка і класную дошку. У прэзентацыі павінны быць унікальныя факты, якія нельга растлумачыць словамі ці паказаць іншымі сродкамі. Так, дэманструю на ўроках карты, фільмы, ілюстрацыі ландшафтаў і геаграфічных аб’ектаў з крыніц, недаступных усім вучням. Паказваю геаграфічныя працэсы, пра якія дзеці павінны мець уяўленне. Інфармацыя з мультымедыйнага паказу паслядоўнасці вывяржэння вулкана, узнікнення цунамі, утварэння складкаватых і глыбавых гор, цыклону і антыцыклону засвойваецца лепш. Пры тлумачэнні матэрыялу каменцірую інфармацыю, якая з’яўляецца на экране, суправаджаючы яе дадатковымі звесткамі, прыкладамі і запісамі на дошцы.

Вялікую цікавасць у вучняў выклікаюць гутаркі з выкарыстаннем прэзентацый. У такім выпадку прымяняю метады актыўнага і дзейнаснага навучання. Так, пры тлумачэнні новага матэрыялу паказваю на слайдах пытанні і заданні. Для таго каб правільна адказаць на іх, неабходна выкарыстаць інфармацыю з падручніка, зверыцца з картамі атласа. Падчас гутаркі імкнуся не даваць гатовых адказаў на пытанні. Вучням даводзіцца фармуляваць іх самастойна. Я толькі пацвярджаю правільна зробленыя вывады і карэкцірую няправільныя. Паколькі вучні самі знаходзяць правільнае рашэнне, урок атрымліваецца даступным, зразумелым і запамінальным.

Найчасцей праводжу ўрокі камбінаванага тыпу, дзе прысутнічаюць праверка дамашняга задання і тлумачэнне новага матэрыялу.

Урок геаграфіі немагчымы без работы з геаграфічнай картай. Даволі часта даводзіцца звяртацца да фізічнай карты свету. Магчымасць наносіць на карту надпісы дазваляе арганізаваць праверку геаграфічнай наменклатуры. Прапаноўваю вучням па асобных участках карты пазнаць геаграфічны аб’ект. Пры вывучэнні геаграфічнага становішча мацерыкоў у 8 класе прашу дзяцей падпісаць важнейшыя мерыдыяны і паралелі, а таксама крайнія пункты мацерыка. Пры вывучэнні гідрасферы не выводжу на экран назвы яе аб’ектаў, а прапаноўваю школьнікам падпісаць іх самім.

Найбольш актыўна выкарыстоўваю інтэрактыўныя карты “Кліматычныя паясы Зямлі”, “Прыродныя зоны Зямлі”, “Фізічная карта свету”, “Палітычная карта свету” і інш. Шырокія функцыянальныя магчымасці карт дазваляюць выкарыстоўваць іх на працягу ўсяго вучэбнага курса, рэалізоўваць практыка-арыентаваны падыход у навучанні на розных этапах урока і актывізаваць пазнавальную дзейнасць дзяцей.

Пры выкананні практычных работ звяртаюся да статыстычных даных інтэрнэт-рэсурсаў, прысвечаных клімату. Гэта вельмі зручна пры запаўненні табліц, пабудове дыяграм, графікаў і інш. Так, у 9 класе вучні, абапіраючыся на статыстычныя даныя, выконваюць практычную работу, якая прадугледжвае пабудову параўнальных колавых дыяграм на тэму “Структура валавога ўнутранага прадукту Францыі і Вялікабрытаніі”. У 10 класе дзеці, выкарыстоўваючы статыстычныя даныя, будуюць кліматаграму і ружу вятроў для сваёй мясцовасці і робяць вывады. Такі від дзейнасці развівае ў вучняў уменні аналізаваць, сістэматызаваць, абагульняць і рабіць правільныя высновы.

Для павышэння цікавасці да геаграфіі і пашырэння кругагляду дзяцей прапаноўваю ім творчыя самастойныя дамашнія заданні з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. У такім выпадку вучні самі ствараюць прэзентацыі.

Мультымедыйныя прэзентацыі накіраваны не толькі на перадачу ведаў, але і на іх кантроль, замацаванне, паўтарэнне, абагульненне і сістэматызацыю. Гэтыя прэзентацыі вырашаюць шэраг дыдактычных задач: фарміруюць матывацыю да прадмета і навыкі самастойнай работы з вучэбным матэрыялам, актывізуюць работу дзяцей на ўроку, ствараюць атмасферу паспяховасці, развіваюць камунікатыўныя ўменні і навыкі, дапамагаюць засвоіць базавыя веды па прадмеце і сістэматызуюць засвоеныя веды.

Метады і прыёмы выкарыстання мультымедыя на ўроку розныя, але пры іх прымяненні заўсёды імкнуся выканаць асноўную задачу — зрабіць урок цікавым і эфектыўным для паспяховага засваення вучэбнага матэрыялу, павысіць цікавасць дзяцей да прадмета.

Галіна БУРБІЦКАЯ,
настаўніца геаграфіі гімназіі Ляхавіч.