Метад праектаў — для якаснай тэхналагічнай падрыхтоўкі

Ступень развіцця вучняў ацэньваецца здольнасцю самастойна набываць новыя веды і выкарыстоўваць іх у вучэбнай і практычнай дзейнасці. Выхоўваць творчую асобу дазваляе прымяненне на ўроках працоўнага навучання метаду праектаў. Яго выкарыстанне побач з традыцыйнымі метадамі дапамагае дзецям вучыцца планаваць, арганізоўваць і творча выконваць любую работу, знаходзіць і прымяняць неабходную інфармацыю.


Каб метад праектаў быў больш эфектыўным, трэба сфарміраваць у вучняў станоўчую матывацыю. Для гэтага неабходна выбраць тэму, якая адпавядае ўзросту, развіццю і інтарэсам дзяцей. Работа павінна быць пасільнай для вучняў, мець практычнае значэнне і не выклікаць неапраўданых цяжкасцей пры яе выкананні.

Метад праектаў пачынаю выкарыстоўваць з 5 класа, прычым спачатку па спрошчанай схеме. У бягучым навучальным годзе першым праектам пяцікласнікаў стаў кубік Нікіціна — цікавая развіццёвая галаваломка. Работа па яе стварэнні была складанай, але з ёй справіліся ўсе дзеці.

Спачатку паказаў вучням гатовы кубік і прапанаваў яго скласці. Дзеці адразу зацікавіліся галаваломкай і пагадзіліся зрабіць такі ж кубік. Пасля абмеркавання сумесных дзеянняў азнаёміў вучняў з чарцяжамі. Разам мы вырашылі, што работа будзе групавой.


У сваёй дзейнасці выкарыстоўваю вербальныя метады навучання. Пасля вызначэння мэт і задач вучні самі вырашаюць, які элемент кубіка будуць вырабляць. Дзякуючы гэтаму павышаецца адказнасць і самаацэнка.

Даю дзецям нажоўку і брусок і прапаноўваю адпілаваць яго па лініі разметкі. Роўны прапіл у вучняў не атрымліваецца. Такім чынам ствараецца праблемная сітуацыя.

Вучні разумеюць, што для таго, каб кубік атрымаўся, трэба пілаваць брусок ідэальна роўна. Разам абмяркоўваем, як вырашыць праблему і якіх ведаў і навыкаў не хапае. Для гэтага прымяняю метады гутаркі і аналізу.

Для паспяховага выканання тэхналагічных аперацый звяртаюся да тлумачэння з дэманстрацыяй: сам выконваю тэхналагічную аперацыю і каменцірую свае дзеянні. Затым выкарыстоўваю практыкаванні — вучні самастойна паўтараюць мае дзеянні. Гэта эфектыўны метад па адпрацоўцы навыкаў выканання тэхналагічных аперацый і прыёмаў работы з інструментам.

Для вучняў іх першая работа заўсёды з’яўляецца надзвычай важнай. Пасля таго як яны ўбачылі зроблены аб’ект, застаюцца толькі станоўчыя эмоцыі і жаданне працаваць далей. На гэтым этапе неабходна рэфлексія. Дзеці дзеляцца думкамі і ўражаннямі ад работы, аналізуюць свае дзеянні. Атрымліваецца своеасаблівая абарона праекта.

Калі першы праект у 5 класе часцей за ўсё прапаноўваю сам, то ў далейшым ужо вучні праяўляюць больш творчасці і актыўнасці. З кожным новым праектам дзеці набываюць карысныя веды, уменні і вопыт, удасканальваюць навыкі работы з інструментам. Работа паступова ўскладняецца.

Адным з цікавых праектаў у старшых класах стаў “Ляхавіцкі замак”. Вучні вырабілі макет Ляхавіцкай крэпасці канца XVIІ стагоддзя. У свой час гэтае грандыёзнае збудаванне з багатай гісторыяй вытрымала не адну аблогу. Сёння ад старажытнага замка засталося толькі некалькі камянёў. Пра знешні выгляд будынка нагадвае гравюра невядомага мастака XVII стагоддзя, які паказаў Ляхавіцкую крэпасць у час аблогі 1660 года. Менавіта гэтая гравюра лягла ў аснову стварэння сучаснага герба Ляхавіч з выявай старажытнай крэпасці.

Работа над праектам пачалася з вывучэння гісторыі роднага горада. Па захаваных схемах і гравюры дзеці распрацоўвалі ўласныя чарцяжы. Матэрыялам для макета быў выбраны пенапласт. Паводле чарцяжоў вырабляліся элементы макета. Для апрацоўкі пенапласту прымяняліся розныя тэхналагічныя аперацыі: разметка, пілаванне нажоўкай, рэзка нажом, рэзка распаленай спіраллю, зачыстка шліфавальнай шкуркай, афарбоўка акрылавымі фарбамі, зборка з выкарыстаннем клею.

На рахунку вучняў больш за 20 рэалізаваных праектаў: паліца з календаром, пано “Ваколіца”, матрошка, птушка, музычны інструмент трашчоткі, падстаўка пад кветкі, рамка для люстэрка і інш.

Вопыт прымянення метаду праектаў паказаў, што ён (у параўнанні з традыцыйнымі метадамі) садзейнічае больш якаснаму засваенню ведаў, фарміраванню ўменняў і навыкаў. Гэты метад дапамагае больш эфектыўна выкарыстоўваць набытыя веды на практыцы. Дзеці праяўляюць да яго вялікую цікавасць, а атрыманы вопыт замацоўваецца надоўга. Яскравым доказам эфектыўнасці метаду з’яўляюцца высокія вынікі вучняў на раённых і абласных этапах прадметных алімпіяд на працягу многіх гадоў.

Генадзь КОРШУН,
настаўнік працоўнага навучання гімназіі Ляхавіч.