“Лінькі” з Лінова

Захаванню мясцовых абрадаў і традыцый у аграгарадку Лінове Пружанскага раёна ўдзяляюць вялікую ўвагу, таму і ў дзяцей выхоўваюць любоў да мінуўшчыны роднага краю. Як апраналіся, працавалі і адпачывалі, што выраблялі сваімі рукамі продкі, ліноўцы ведаюць з малых гадоў, тым больш што ў тутэйшай сярэдняй школе дзейнічае этнаграфічны гурток “Лінькі”, якім кіруе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Аляксандраўна Бяскроўная. Сёлета вучні 5—6 класаў збіраюць з ёй фальклорныя матэрыялы ў роднай мясцовасці.


— На занятках гуртка, якія праходзяць па суботах, мы інсцэніруем ліноўскія і аранчыцкія абрады, народныя святы, а потым паказваем іх на школьнай сцэне і ў дзіцячым садку, — расказвае Людміла Аляксандраўна. — Вучням вельмі падабаецца збіраць матэрыял і рыхтаваць святочныя праграмы. Дзеці імкнуцца ведаць свае карані і мясцовыя традыцыі.


Выхаванцы этнаграфічнага гуртка паспяхова ўдзельнічаюць у абласным фестывалі фальклорнага мастацтва “Радавод”. Летась у намінацыі “Фальклорныя спевы” вучні занялі 1-е месца, а за відэакліп “Берасцейская талакуха” атрымалі дыплом ІІІ ступені.

У этнаграфічным кутку, які ўяўляе сабой асобны пакой, захоўваюцца сведкі мінулых часоў: народныя касцюмы, прадметы мэблі, бойка, ткацкі станок, жорны, гарнец, калыска і многія іншыя рэчы сялянскага побыту, вырабленыя рукамі ліноўцаў у пачатку ХХ стагоддзя. Бадай, адным з самых унікальных экспанатаў з’яўляецца стары драўляны плуг. Пры дапамозе зацікаўленых вяскоўцаў колькасць экспанатаў павялічваецца.

— Мы цесна супрацоўнічаем з Аранчыцкім сельскім домам фальклору, дзе працуе народны фальклорны калектыў “Бабіна лета”, які ахвотна дапамагае нам з матэрыяламі, — працягвае Людміла Аляксандраўна. — Імкнуся прывіваць вучням павагу да продкаў. На ўроках беларускай літаратуры шасцікласнікі складаюць радаводы да чацвёртага-пятага калена.

Фальклорныя мерапрыемствы школа ладзіць па суботах. Лепшыя

нумары потым рухтуюцца на абласныя і рэспубліканскія конкурсы. Так, у 2013 годзе з абрадам “Гуканне вясны” ліноўцы сталі пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі”, дзе атрымалі дыплом І ступені за захаванне спеўнага стылю і рэгіянальнай фальклорнай традыцыі. Ганарацца вучні і дыпломам ІІ ступені, атрыманым па выніках Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі

“Лепшая творчая ідэя” (“Фолк-кола “Лінаўчанка”). Адзін са школьных летнікаў у Лінове называўся “Фолк-планета”. Яго цікавы праект стаў прыкладам для іншых школ краіны.

Сёлета ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ўзнагародзіла фальклорны калектыў “Лінькі” дыпломам ІІ ступені за перамогу ў абласным этапе IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” (намінацыя “Фальклорная творчасць”). Спіс узнагарод можна працягваць яшчэ доўга. За кожнай з іх — вялікая сумесная праца педагогаў і школьнікаў.

— Навучальная ўстанова працягвае выхаванне, якое пачынаецца з сям’і. Калі дома шануюць продкаў і беражліва ставяцца да народных традыцый, усё атрымліваецца натуральна, — падагульняе педагог.

Алена САКАЛОЎСКАЯ.
Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА.