Каб дзеці гаварылі па-беларуску

Адной з задач вывучэння беларускай мовы ў школе з’яўляецца фарміраванне ў дзяцей камунікатыўных уменняў на аснове авалодання маўленчай тэорыяй і культурай маўлення, уменняў ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных тыпаў, стыляў і жанраў. Гэтая задача рэалізоўваецца праз камунікатыўна-дзейнасны падыход, які дазваляе арганізаваць работу вучняў у розных маўленчых сітуацыях, дзякуючы чаму ў школьнікаў фарміруецца камунікатыўная кампетэнцыя. На першы план у моўнай падрыхтоўцы вучняў выходзіць удасканаленне іх маўленчай практыкі, наладжанай у форме гутаркі, пісьма, чытання і публічных выступленняў.

Школьны курс беларускай мовы прадугледжвае такую моўную і маўленчую падрыхтоўку дзяцей, якая дазволіць карыстацца словам ва ўсіх сферах жыццядзейнасці — пазнавальнай, навучальнай, нацыянальна-культурнай, бытавой і інш. Інакш кажучы, задача моўнай адукацыі заключаецца ў тым, каб беларуская мова трансфармавалася з прадмета выкладання ў механізм фарміравання асобы, яе менталітэту, разумення свету і ўзаемаадносін людзей у ім.

На жаль, развіццё маўлення як складнік моўнай адукацыі не вылучаецца ў асобны раздзел, таму нашы дзеці дрэнна гавораць на роднай мове, а па-за школай зусім яе забываюць. Задача настаўніка — навучыць выхаванцаў звязнаму маўленню і практычнай маўленчай дзейнасці (умець чытаць тэксты, успрымаць змест пачутага і прачытанага, ствараць і афармляць выказванні ў вуснай і пісьмовай форме). Пры гэтым варта памятаць, што фанетыка, лексіка, марфеміка, граматыка, арфаграфія, пунктуацыя і стылістыка ствараюць адзінае цэлае.

Адным з дыдактычна-метадычных прынцыпаў у вывучэнні беларускай мовы з’яўляецца прынцып актыўнай камунікацыі, звязаны з прызначэннем мовы як сродку зносін. У сваёй рабоце, якую пачынаю з 5 класа, вялікую ўвагу ўдзяляю праблеме моўнай кампетэнцыі вучняў.

Камунікатыўныя ўменні дзяцей фарміруюцца на працягу ўсяго школьнага навучання, прычым пад уздзеяннем таго асяроддзя, у якім яны выхоўваюцца. Пры развіцці маўленчай дзейнасці вучняў на ўроках беларускай мовы неабходна ўлічваць узровень базавых моўных і маўленчых ведаў і ўменняў школьнікаў, іх камунікатыўны вопыт. Развіваючы камунікатыўную кампетэнцыю, варта ўключаць у вучэбны працэс штучна арганізаваныя сітуацыі, якія мадэлююць зносіны ў розных сацыяльных сферах.

Асноўная форма навучання ў школе — урок. Але сёння не абысціся без нетрадыцыйных форм яго правядзення, сярод якіх значнае месца займаюць актыўныя дыялагічныя формы і метады навучання. Настаўнік павінен падштурхнуць дзяцей да ўзаемадзеяння і творчага вырашэння камунікатыўных задач. На дапамогу прыходзяць актыўныя вербальныя сродкі навучання: цікавыя інфарматыўныя тэксты, разнастайныя нетрадыцыйныя заданні, штучныя маўленчыя сітуацыі і прыгожае маўленне педагога. Усё гэта стварае мікрамоўнае асяроддзе для актыўнай вучэбнай дзейнасці.

Урокі ў 5-х класах абавязкова пачынаю з эмацыянальнай хвілінкі. Для гэтага карыстаюся метадамі “Зробім прыгажэйшым сённяшні дзень” (вучні пазіраюць у акно і падбіраюць прыметнікі, якія найбольш выразна характарызуюць сённяшні дзень у залежнасці ад настрою і надвор’я), “Скажы суседу камплімент” (вучні гавораць прыемныя словы суседзям па парце), “Зарыфмуй слова” (настаўнік называе слова, звязанае з тэмай урока, а вучні падбіраюць рыфму; калі рыфмы заканчваюцца, называецца іншае слова), “Арфаэпічны сакрэт” (на дошцы загадзя запісваецца скорагаворка ці словы, вымаўленне якіх падкрэслівае адметнасць беларускай мовы), “Я скажу, а ты засмейся” (вучні вымаўляюць пэўнае слова ці словазлучэнне, з якім пазнаёміліся самастойна, з рознай інтанацыяй — здзіўлення, захаплення, абурэння) і інш. Кожны з гэтых метадаў выкарыстоўваецца на працягу 3—4 хвілін і дапамагае настроіць вучняў на добрую работу на ўроку.

На этапе актуалізацыі ведаў, набытых раней, звяртаюся да прыёму “лінгвістычны калейдаскоп”. Вучні не проста ўзнаўляюць пэўнае правіла, а расказваюць, што яны ўмеюць рабіць, якімі навыкамі валодаюць, дзе могуць прымяніць атрыманыя веды. Гэта дазваляе выявіць усё, што вучні ведаюць ці ўмею ць па нейкай тэме.

На этапе практычнага выкарыстання ведаў і іх замацавання дзеці задзейнічаны ў парнай, самастойнай і калектыўнай рабоце, якая развівае камунікатыўныя навыкі. Так, пры знаёмстве з тыпамі тэкстаў у 5 класе прапаноўваю вучням разгледзець сталы і ўсё, што ляжыць на іх, апісаць прадмет, які прыцягнуў найбольшую ўвагу. Такі прыём развівае творчыя здольнасці дзяцей, а таксама іх уважлівасць і назіральнасць.

Прыём “напішы маме СМС” выкарыстоўваю пры вывучэнні тэм “Зваротак”, “Аднародныя члены сказа”, “Маўленчы этыкет”, “Тыпы сказаў па мэце выказвання і інтанацыі”, “Стылі маўлення”, “Развітыя і неразвітыя сказы” і інш.

Добра развівае маўленне прыём “я рэдактар”. Прапаноўваю вучням няўдала ці няправільна пабудаваны тэкст у залежнасці ад тэмы ўрока. За кароткі час дзецям трэба унармаваць яго. Найбольш удалы тэкст становіцца ўзорам і запісваецца ў сшыткі.

Прыём “новае слова” дапамагае папоўніць слоўнікавы запас вучняў. Так, пры вывучэнні тэмы “Даданыя члены сказа” школьнікі слухаюць тэкст пра Белавежскую пушчу: “Белавежская пушча — адмысловае месца на Зямлі. Гэта не толькі ўнікальны, неацэнны куток дзікай прыроды. Белавежская пушча — гэта месца незвычайнай духоўнай сілы, якая ідзе ад жывой Зямлі. Гэта святое, сакральнае месца, дзе чалавек можа адчуць нешта незвычайнае. Пра гэта кажуць людзі, якія наведалі пушчу. Гэта першабытны, рэліктавы лес. Унікальнасць і каштоўнасць яго экасістэмы пацверджана ўключэннем у спіс сусветнай спадчыны чалавецтва. Акрамя таго, Белавежская пушча з’яўляецца знакам Беларусі і духоўнай святыні яе народа”. Пасля праслухоўвання тэксту вучні разважаюць над тым, людзі якіх прафесій працуюць у пушчы. Дзеці знаёмяцца з незвычайнымі прафесіямі, а значыць, і з новымі словамі (тэрыёлаг, энтамолаг, арнітолаг), замацоўваюць іх значэнне, складаюць сказы з імі і вызначаюць даданыя члены.

Выкарыстанне актыўных форм навучання на ўроках беларускай мовы — выдатны сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў і развіцця іх маўлення. Дзеці атрымліваюць новыя веды праз узаемадзеянне з аднакласнікамі. Дзякуючы гэтаму ў вучняў фарміруюцца паважлівыя адносіны да роднай мовы, уменні і навыкі, неабходныя ў зносінах і пазнанні рэчаіснасці. У выніку з’яўляецца жаданне гаварыць па-беларуску не толькі на ўроку, але і па закліку сэрца.

Людміла ЛОЙКУЦ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.