Інтэрнэт–рэсурсы на ўроках працоўнага навучання

Сучасная інфармацыйная прастора істотна ўплывае на працэс навучання. Шмат інфармацыі (патрэбнай і не) дзеці атрымліваюць з інтэрнэту раней, чым даведваюцца ад настаўніка. Каб правільна карыстацца ёй, педагог павінен спачатку сам навучыцца арыентавацца ў інтэрнэт-прасторы. Задача настаўніка — стварыць умовы, каб дзеці самастойна здабывалі веды і разумна прымянялі іх на практыцы. Таму сучаснаму педагогу неабходна пастаянна самаўдасканальвацца, павышаць інфармацыйную культуру, актыўна выкарыстоўваць на ўроках інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі — быць мабільным і ІКТ-кампетэнтным.

У нашай школе дзейнічаюць два камп’ютарныя класы. Камп’ютар з выхадам у інтэрнэт, усталяваны ў кабінеце працоўнага навучання, адкрывае шырокія магчымасці ў выкарыстанні ІКТ у вучэбным працэсе. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі прымяняю ў рабоце на працягу многіх гадоў, прычым не толькі на ўроках абслуговай працы, але і ў пазаўрочнай дзейнасці. Эфектыўна спалучаю традыцыйныя формы навучання і сучасныя.

Актыўна звяртаюся да выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў, карысных пры правядзенні заняткаў на канкрэтныя тэмы. Інфармацыю адукацыйных рэсурсаў прымяняю пры тлумачэнні новай тэмы, замацаванні вучэбнага матэрыялу, арганізацыі індывідуальнай і калектыўнай даследчай работы вучняў, аператыўным кантролі засваення ведаў.

Матэрыялы інтэрнэт-рэсурсаў могуць выкарыстоўвацца на ўроках і дома ў рэальным часе пры наведванні канкрэтных сайтаў: анлайн-тэсты, анлайн-віктарыны, віртуальныя экскурсіі і інш. Матэрыялы, знойдзеныя ў інтэрнэце і захаваныя на камп’ютары, можна прымяняць у любы час: відэафільмы, майстар-класы, прэзентацыі, калекцыі ілюстрацый і інш. Акрамя таго, шэраг матэрыялаў, атрыманых з інтэрнэту, можна выкарыстоўваць і без камп’ютара: раздрукаваныя схемы, тэхналагічныя карты, тэсты, рэцэпты, табліцы і інш.

Інтэграцыя інтэрнэт-рэсурсаў у адукацыйны працэс павышае матывацыю школьнікаў да вывучэння пэўнага прадмета. У руках настаўніка працоўнага навучання знаходзіцца магутны інструмент, які дазваляе праводзіць віртуальныя экскурсіі па музеях свету, паказваць этапы развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, новыя віды рукадзелля і тэхналогію выканання вырабаў у пэўнай тэхніцы, прасачыць змены стылёвых рашэнняў у адзенні, інтэр’еры і жыллі, прагледзець, запомніць і адпрацаваць уменні пры выкананні асобных тэхналагічных аперацый і інш.

Эфектыўнай формай работы з’яўляецца персанальны сайт настаўніка. На сайце можна размясціць цікавыя матэрыялы па прадмеце, спасылкі на лічбавыя і электронныя адукацыйныя рэсурсы, відэаматэрыялы, прэзентацыі і тэсты для праверкі ведаў. Прапаную наведаць мой сайт trud.sch3.gancevichi.edu.by і пакінуць водгукі і прапановы па ім у гасцявой кнізе.

Сярод мноства класіфікацый сэрвісаў Web 2.0 толькі некаторыя з іх відаў можна выкарыстоўваць на практыцы, улічваючы спецыфіку прадмета: віртуальныя дошкі, графічныя рэдактары, прэзентацыі, відэаролікі, офісныя тэхналогіі, відэаўрокі, майстар-класы, бібліятэкі, адукацыйныя відэа, сайты, блогі, тэсты, апытальнікі, мультымедыясэрвісы, дыдактычныя гульні і заняткі. Рэкамендую настаўнікам працоўнага навучання/абслуговай працы звярнуць увагу на распрацаваныя мной і іншымі педагогамі анлайн-тэсты, гульні і віктарыны па розных тэмах і раздзелах, змешчаныя на сэрвісах videouroki. by, onlinetestpad.com, testedu.ru, learningApps.org і infourok.ru, а таксама на настаўніцкім і вучэбна-метадычным парталах uchportal.ru і uchmet.ru.

Сёння ў інтэрнэце можна знайсці шмат адукацыйных парталаў для ініцыятыўных і творчых настаўнікаў, удзельнікамі якіх з’яўляюцца педагогі з усяго свету. Кожны з іх можа падзяліцца сваім вопытам з калегамі, знайсці артыкулы па выкарыстанні ІКТ у выкладанні пэўнага прадмета, атрымаць практычныя парады па рабоце з камп’ютарнымі праграмамі, прыняць удзел у прадметных алімпіядах, канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню. Шмат карыснай інфармацыі можна адшукаць на сайтах абласных інстытутаў развіцця адукацыі.

Даволі эфектыўнай формай работы з’яўляецца персанальны сайт настаўніка, які ўяўляе сабой прэзентацыю ўласных дасягненняў і дасягненняў вучняў, пляцоўку для публікацыі і абагульнення ўласнага вопыту работы, зносін з калегамі, дзецьмі і іх бацькамі. Прапаную наведаць мой сайт trud. sch3. gancevichi. edu. by і пакінуць водгукі і прапановы па ім у гасцявой кнізе.

Добра арганізаваны персанальны сайт педагога дапамагае вучням атрымліваць дадатковыя матэрыялы пры падрыхтоўцы да ўрокаў, па тэматычным кантролі і конкурсах. На сайце можна размясціць цікавыя матэрыялы па прадмеце, спасылкі на лічбавыя і электронныя адукацыйныя рэсурсы, відэаматэрыялы, прэзентацыі і тэсты для праверкі ведаў. Дзякуючы сайту, калегі могуць абменьвацца меркаваннямі па актуальных пытаннях (апытанні, форумы), знаходзіць метадычныя распрацоўкі, дыдактычныя і іншыя карысныя матэрыялы.

Заняткі з выкарыстаннем ІКТ больш цікавыя і прадукцыйныя. Гэта даказваюць перамогі вучняў у навукова-даследчых канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню.

Алена РАБЦЭВІЧ,
настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.