Інфармацыйная гадзіна — захапляльная справа

У эпоху абвастрэння міжнародных адносін і нацыянальных канфліктаў, экалагічных катастроф і сацыяльна-эканамічнай нестабільнасці палітычная інфармаванасць стала не толькі ўмовай сацыяльнай адаптацыі, прафесійнай прыдатнасці і грамадзянскай кампетэнтнасці асобы, але і яе выжывання. Таму нельга пераацаніць важнасць правядзення інфармацыйных гадзін, якія дапамагаюць вучням сарыентавацца ў вялікім патоку падзей, выпрацаваць актыўную грамадзянскую пазіцыю, адчуць уласную сацыяльную значнасць і ўсвядомлена ўдзельнічаць у грамадска-культурным жыцці краіны, горада, вёскі, школы.

Дзе браць матэрыял для інфармацыйных гадзін? Вучні атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэту, тэлебачання і радыё. Дзякуючы спадарожнікаваму тэлебачанню, мы даведваемся навіны з розных краін. Даволі часта гэтая інфармацыя супярэчлівая і не дазваляе сфарміраваць лепшыя чалавечыя якасці. У такім выпадку неацэнным памочнікам педагогаў становяцца друкаваныя СМІ.

Пачынаючы работу з чарговым 5 класам, як правіла, бачу, што вучні ўвогуле не чытаюць газет. У лепшым выпадку дзеці чытаюць іх час ад часу (асобныя рубрыкі) ці проста праглядаюць. Таму пачынаю фарміраваць чытацкую цікавасць да друкаваных СМІ з розных пытанняў: “Якія газеты і часопісы выпісвае ваша сям’я? Ці чытаюць іх вашы бацькі і вы самі? Якія друкаваныя выданні выпісваюцца ў нашай школе? Якія айчынныя газеты і часопісы вы ведаеце? Ці куплялі вы ці члены вашай сям’і газеты і часопісы ў кіёсках Белсаюздруку? На якое друкаванае выданне вы параілі б падпісацца сваім аднакласнікам?”

У выбары друкаваных выданняў, неабходных вучням для работы, важную ролю адыгрывае бібліятэкар, таму арганізоўваю экскурсіі ў школьную і сельскую бібліятэкі. Менавіта бібліятэкар праводзіць для вучняў кароткі экскурс у свет перыёдыкі, рэкамендуе для падрыхтоўкі да інфармацыйных гадзін матэрыялы і дакументы, вартыя ўвагі.

Інфармацыйныя гадзіны праводжу ў форме віктарыны, інфармацыйнага рынгу, конкурсаў малюнкаў, плакатаў і эрудытаў, прэс-канферэнцыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, вечара пытанняў і адказаў, дыскусіі і рэкламнай акцыі.

У час першай інфармацыйнай гадзіны вучу дзяцей, як трэба чытаць газету, звяртаю іх увагу на тое, што самыя важныя падзеі і факты друкуюцца на першай старонцы. Вучні гартаюць газеты, называюць газетныя рубрыкі, адзначаюць падзеі, якія асвятляе кожная з іх.

Тэматыка інфармацыйных гадзін можа быць рознай: “Па краінах і кантынентах”, “Галоўныя падзеі краіны і свету за тыдзень”, “Гарачыя кропкі планеты” і інш.

Гавару вучням, што яны могуць проста прачытаць газетнае паведамленне астатнім дзецям, пераказаць сваімі словамі, прачытаць і пракаменціраваць, пераказаць з выкарыстаннем цытат, пераказаць і растлумачыць незразумелыя тэрміны з дапамогай палітычнага слоўніка, прачытаць і паказаць геаграфічныя назвы, згаданыя ў паведамленні, на палітычнай карце свету ці глобусе.

Прывяду прыклад агляднай інфармацыйнай гадзіны ў 8 класе па тэме “Планета за адзін тыдзень”. Мэта мерапрыемства — паказаць актуальнасць і сучаснасць выбранай інфармацыі, навучыць выбіраць з газетных матэрыялаў самыя цікавыя факты, развіваць даследчыя навыкі дзяцей.

Вучні рыхтуюць матэрыялы рубрык, аб’яднаўшыся ў мікрагрупы па тры чалавекі: “У свеце цікавага”, “Палітычны алімп”, “Прагнозы і статыстыка (эканоміка і сельская гаспадарка)”, “Навіны культуры”, “У гэты дзень 100 гадоў назад”, “Куміры”, “Пра што гаворыць краіна” і “Пра што гаворыць свет”. Пасля абмеркавання падзейных матэрыялаў праводжу конкурс “Слоўнік юнага газетчыка”, дзе школьнікі тлумачаць значэнне слоў “інтэрв’ю”, “рэзалюцыя”, “дывідэнды”, “рэформа”, “пасольства”, “брыфінг” і інш. Незнаёмыя словы вучні запісваюць у сшыткі, якія вядуць на працягу года і куды занатоўваюць самыя цікавыя факты, падзеі і іншую неабходную інфармацыю. Хто не паспеў выступіць, размяшчае падрыхтаваныя матэрыялы на школьным сайце.

Для больш глыбокага абмеркавання пэўнай злабадзённай ці проста цікавай праблемы мэтазгодна праводзіць тэматычныя інфармацыйныя гадзіны. Вызначэнне тэмы — адзін з найбольш важных момантаў падрыхтоўкі такой гадзіны. Як класны кіраўнік прапаноўваю пэўную тэму, якая калектыўна абмяркоўваецца, адабраецца ці адкідваецца вучнямі. Важна, што ўжо з самага пачатку яны становяцца актыўнымі ўдзельнікамі будучага мерапрыемства.

Да тэматычнай інфармацыйнай гадзіны загадзя рыхтуюцца пытанні, якія канкрэтызуюць тэму, рэкамендуецца літаратура і вядзецца пошукавая работа ў інтэрнэце. Так, знакавай падзеяй для нашай краіны з’яўляецца Міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Летась у рамках гэтага мерапрыемства ў мінскім Музеі гісторыі беларускага кіно быў прэзентаваны фільм “Чорны крумкач” (аўтар сцэнарыя Ігар Асінскі, рэжысёр Анатоль Алай). Фільм не дэманстраваўся па тэлебачанні, але атрымаў шматлікія водгукі ў інтэрнэце і газетах. Прапанавала старшакласнікам для абмеркавання тэму “Гаварыць з кінаэкрана праўду і толькі праўду! Вы “за” ці “супраць”?”. На інфармацыйнай гадзіне вучні адказвалі на розныя пытанні: “Да якога жанру адносіцца кінастужка? Ці бачылі вы іншыя работы рэжысёра А.Алая? Якую тэму, што праходзіць скразной лініяй праз усю творчасць рэжысёра, працягвае гэты фільм? Што новага прыўнёс у яе А.Алай? Якое значэнне адыгрывае гэты фільм для моладзі? Ці хацелася б вам паглядзець гэты фільм і чаму? Як вы адносіцеся да выказвання рэжысёра, вынесенага ў тэму для абмеркавання?” Для абмеркавання тэмы былі ўзяты інтэрв’ю А.Алая, артыкул журналіста І.Клёнава, выказванне вядомага маскоўскага кінакрытыка Л.Паўлючыка і матэрыялы з інтэрнэту.

Адной з цікавых форм тэматычнай інфармацыйнай гадзіны з’яўляецца круглы стол з удзелам кампетэнтнага спецыяліста па пэўнай праблеме і актыўнай дыскусіяй з боку вучняў. Інфармацыя прапаноўваецца госцем (гасцямі) ці лідарам класа, здольным з лёгкасцю абудзіць цікавасць да нейкай падзеі сярод равеснікаў.

Штогод 26 красавіка, у чарговую гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, праводжу тэматычную інфармацыйную гадзіну “Чарнобыль: учора, сёння, заўтра”. У круглым стале, прысвечаным сумнай даце, удзельнічаюць урачы і відавочцы катастрофы і яе наступстваў.

Вельмі карысна праводзіць сярод старшакласнікаў палітычную дыскусію — тэматычную інфармацыйную гадзіну для вывучэння праблемных і спрэчных палітычных пытанняў. Удзельнікі мерапрыемства загадзя дзеляцца на групы з рознымі ці супрацьлеглымі меркаваннямі. Для гэтага неабходны дасканалая тэарэтычная падрыхтоўка і аналіз аргументаў прыхільнікаў супрацьлеглага меркавання.

Падчас дыскусіі “Ці патрэбны нам саюз з Расіяй?” вучні аналізуюць палітычнае жыццё абедзвюх краін, бачаць супярэчнасці ў рэчаіснасці і знаходзяць шляхі іх вырашэння. Клас дзеліцца на групы “палітолагаў”, якія ацэньваюць супрацоўніцтва ў палітычнай сферы, “эканамістаў”, якія адзначаюць плюсы і мінусы супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, “фінансістаў”, якія дакладваюць пра сістэму крэдытавання, “культурнікаў”, якія расказваюць пра развіццё культурных сувязей паміж краінамі, і “гісторыкаў”, якія паведамляюць пра агульнае гістарычнае мінулае нашых народаў.

Прапаноўваю дзецям абмеркаваць шэраг пытанняў: “Ахарактарызуйце адным словам адносіны паміж Беларуссю і Расіяй. У якіх галінах супрацоўнічаюць нашы краіны? Якую карысць ад гэтага супрацоўніцтва маюць Беларусь і Расія? Якія дадатковыя шляхі супрацоўніцтва вы можаце прапанаваць?”

Падчас мерапрыемства дэманструюцца фотаздымкі расійскіх УВА, беларуска-рускіх цягачоў, узбраення і прадуктаў харчавання. Палітычны слоўнік вучняў папаўняецца тэрмінамі “гуманітарнае супрацоўніцтва”, “новае палітычнае мысленне”, “Венская канферэнцыя”, “усеагульная дэкларацыя правоў чалавека”, “апартэід”, “генацыд” і інш.

Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікаюць інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя памятным датам ці прафесійным святам. Адным з найбольш важных і значных свят з’яўляецца Дзень маці. У пачатку мерапрыемства расказваю, як узнікла гэтае свята і як ушаноўваюць матуль у нашай краіне. Затым заслухоўваюцца вучнёўскія паведамленні, прысвечаныя жанчынам-маці, узнагароджаным ордэнам “Мацярынская слава”, апякунскім сем’ям, рабоце камітэта салдацкіх маці і г.д. Дзеці сустракаюцца з носьбітамі лепшых якасцей жанчын-маці з ліку землякоў.

Адной з найбольш запатрабаваных форм інфармацыйных гадзін з’яўляецца віктарына, якую можна праводзіць як асобнае мерапрыемства ці як частку інфармацыйнай гадзіны. Так, да віктарыны, прысвечанай юбілею Ляхавіч, былі падрыхтаваны наступныя пытанні: “У якім стагоддзі ўпершыню згадваюцца Ляхавічы? Які князь дазволіў праводзіць базары ў мястэчку? Які архітэктурны аб’ект адлюстраваны на гарадскім гербе? Якія вядомыя грамадскія дзеячы і пісьменнікі нарадзіліся на Ляхавіччыне? Колькі архітэктурных і культурных помнікаў знаходзіцца на тэрыторыі раёна? Назавіце іх. Якія з іх маюць рэспубліканскае значэнне? Якія прамысловыя прадпрыемствы працуюць у раёне? У якім годзе быў утвораны раён? У склад якой вобласці ён уваходзіў? Назавіце найбольш вядомых землякоў-сучаснікаў. Калі Ляхавіччына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў? У якім месцы і калі ўзведзены курган Вечнай славы? Часткай якога гідралагічнага заказніка з’яўляецца паўднёвая частка раёна?” Пераможцы віктарыны ўзнагароджваюцца памятнымі буклетамі.

Для настаўніка-філолага вельмі важна развіваць і абагачаць слоўнікавы запас дзяцей. З гэтай мэтай праводжу тэматычную інфармацыйную гадзіну “Афарызмы газетнай паласы” для вучняў 9—11 класаў. Клас дзеліцца на групы, кожная з якіх атрымлівае заданне, звязанае з аналізам некалькіх экзэмпляраў грамадска-палітычных і масавых газет, пошукам афарызмаў на розныя тэмы і іх тлумачэннем. Адказы вучняў ацэньвае экспертны савет. Калі хтосьці тлумачыць афарызм няправільна, каманда дапамагае.

Напрыканцы мерапрыемства праводжу конкурс “Мой афарызм у газеце”. Прапаноўваю вучням з шэрага слоў скласці ўласныя афарызмы: газета, кніга, жыццё, закон, міф, мода, нацыя, навіны, пісьмы, палітыка, рэклама, сям’я і інш. Магчыма, не ўсім дзецям гэта ўдасца. Важна іншае: такая работа вучыць іх успамінаць, аналізаваць, параўноўваць. Напрыклад: “Газета як снеданне. Павінна быць на стале — і ўсё тут!”, “Законы пішуцца не для таго, каб іх ігнаравалі”, “Лепшая нацыя тая, якая нічога не навязвае іншым нацыям”, “Калі няма з кім пагаварыць, мы пішам пісьмы”, “Нішто не напружвае і не абурае нас больш, чым рэклама” і інш.
Аналізуючы вопыт правядзення інфармацыйных гадзін за многія гады, прыйшла да шэрага высноў:

— інфармацыйная гадзіна павінна быць актуальнай, у выніку чаго інфармацыя, вынесеная для абмеркавання, не павінна быць састарэлай;

— інфармацыя павінна быць зразумелай для вучняў і цікавай ім, не навязанай настаўнікам;

— інфармацыя павінна быць невядомай усім у класе;

— настаўнік павінен даць магчымасць выказацца ў пэўнай форме ўсім жадаючым;

— інфармацыя павінна быць непрадузятай, не варта абмяркоўваць палітычныя погляды асобных вучняў;

— кожная наступная інфармацыйная гадзіна павінна дадаваць новыя веды, уменні і навыкі;

— формы правядзення інфармацыйных гадзін павінны быць разнастайнымі;

— інфармацыйная гадзіна павінна не толькі фарміраваць палітычную культуру, але і развіваць камунікатыўныя ўменні і навыкі, вучыць працаваць у групах.

Поспех інфармацыйнай гадзіны залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ад зацікаўленасці і эмацыянальнасці настаўніка. Калі вучні бачаць, што педагогу не цікава нейкая тэма і што ён абмяркоўвае яе толькі з-за абавязку, не ўдасца далучыць дзяцей да абмеркавання пытанняў і абмену меркаваннямі.

Умелае правядзенне інфармацыйных гадзін у школе — сур’ёзная перадумова для актыўнага ўдзелу моладзі ў сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці краіны. Пры правільным падыходзе гэтыя гадзіны не будуць сумнай абавязалаўкай і ператворацца ў захапляльную справу, неабходную для выхавання сапраўдных патрыётаў і асоб.

Галіна НАВУМІК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Жарабковіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.