Фізкультхвілінка — карысны адпачынак

Здароўе дзяцей — найвялікшая каштоўнасць, а яго захаванне — адна з задач, якую павінен вырашаць настаўнік на кожным уроку. Дапамагаюць у гэтым фізкультхвілінкі, асабліва актуальныя сёння, калі многія школьнікі ўжо маюць хранічныя захворванні.

Адказны педагог імкнецца зрабіць урок як мага больш насычаным. На ім кожная хвіліна каштоўная. Мне як настаўніцы беларускай мовы і літаратуры вельмі хочацца, каб вучні выносілі з заняткаў максімальную колькасць ведаў і ўменняў. Пры гэтым я павінна ўважліва назіраць за тым, каб насычанасць урока не стала прычынай павышанай стомленасці дзяцей, таму выкарыстоўваю фізкультхвілінкі, якія не толькі не адцягваюць увагу вучняў ад тэмы заняткаў, але і дапамагаюць лепш засвоіць яе. Для гэтага вельмі добра падыходзяць самыя простыя гульні.

Гульню-фізкультхвілінку “Згода — нязгода” можна выкарыстоўваць пры вывучэнні любой тэмы. Прапаноўваю дзецям падняцца з месцаў і адказаць на пытанні, змест якіх адпавядае ці не адпавядае рэальнасці: “Ці згодны вы з тым, што слова “пяцёрка” з’яўляецца назоўнікам; ці згодны вы з тым, што дзейнік і выказнік — гэта словазлучэнне?” і г.д. Калі вучні згаджаюцца з тым, што пачулі, то сядаюць, калі не — паварочваюць корпус цела спачатку ўлева, а потым управа. Гульня можа мець мноства розных варыянтаў, выбар якіх залежыць ад пажаданняў настаўніка ці характару дзяцей.

Да фізкультхвілінкі “Эстафета” мэтазгодна звяртацца на ўроку падагульнення і сістэматызацыі ведаў. Для правядзення эстафеты клас дзеліцца на каманды, члены якіх падыходзяць па адным да дошкі і запісваюць на ёй пэўнае слова. Перамагае каманда, на рахунку якой як мага больш правільных адказаў. Паколькі гульня патрабуе невялікай фізічнай актыўнасці, яе вельмі зручна выкарыстоўваць на ўроках са старшакласнікамі.

Для тэматычных фізкультхвілінак патрабуюцца тэксты, змест якіх адпавядае пэўнай тэме. Так, пры вывучэнні тэмы “Канчаткі назоўнікаў другога скланення ў родным склоне” выкарыстоўваю верш:

Патрабуем адпачынку,

Каб дажыць да перапынку.

Вырвемся з хвароб палону,

А пачнём усё з паклону.

Потым роўна зноў устанем,

Уверх пацягнемся рукамі.

Набяромся аптымізму,

Дапаможам арганізму.

Калі трэба змяніць від дзейнасці пры вывучэнні нейкай тэмы пра прыслоўе, звяртаюся да такога тэксту:

Давайце ўстанем дружна, разам,

Уменні рухацца пакажам.

Так паглядзім улева, управа,

На месцы ўсе паскачам жвава,

І нахінёмся нізка-нізка,

Зноў станем прама, па-англійску.

Нарэшце удыхнём глыбока

І вернемся да тэмы ўрока.

Разнастаіць дзейнасць на ўроку па вывучэнні дзеяслова дапамагае выкарыстанне наступнага верша:

Нам на месцы не сядзіцца,

Значыць, будзем прысядаць,

Прысядаючы — вучыцца

І хутчэй запамінаць:

Дзеяслоў жыве актыўна,

Ён на месцы не сядзіць.

Толькі раніцай прачнецца —

Працаваць хутчэй бяжыць.

Без яго жыццё застыла б,

І не сталі б зоры ззяць.

Дык давайце будзем разам

З дзеясловам свет мяняць!

Даволі цікавай формай правядзення фізкультхвілінак з’яўляецца тэатралізацыя мастацкіх тэкстаў. На ўроках беларускай літаратуры інсцэніроўкі ўрыўкаў з мастацкіх твораў можна выкарыстоўваць не толькі пры вывучэнні п’ес. Зрабіць інсцэніроўку можна амаль з любога верша і апавядання. Для гэтага неабавязкова ператвараць кабінет у тэатральную студыю. Дастаткова папрасіць дзяцей падняцца з месцаў і паказаць, напрыклад, як кружыцца, падаючы з дрэва, апошні кляновы ліст, ці як Мішка (герой апавядання М.Лынькова) цягне лапу то ўверх, то ўбок па спелую маліну.

Старшакласнікі ставяцца да звычайных фізкультхвілінак з пэўнай доляй пагарды, бо лічаць, што такія заняткі могуць зацікавіць толькі малых дзяцей, таму для старшай узроставай катэгорыі больш падыходзяць хвілінкі рэлаксацыі. Уменні расслабляцца і пазбаўляцца напружанасці — вельмі карысны навык для кожнага падлетка. Навучыцца гэтаму добра дапамагаюць хвілінкі рэлаксацыі. Выкарыстоўваю некалькі іх простых відаў. Так, падчас дыхальнай гімнастыкі вучні паднімаюцца з месцаў, робяць глыбокія ўдыхі носам, на 10 секунд затрымліваюць дыханне і павольна выдыхаюць. Практыкаванне паўтараецца яшчэ 2—3 разы.

Пры выкананні практыкавання “Лімон” вучні сядзяць на месцах. Прапаноўваю дзецям уявіць, што ў іх правай руцэ лімон, з якога неабходна выціснуць сок. Для гэтага ім трэба павольна сціснуць далонь у кулак, моцна напружыўшы яго. Праз некалькі секунд “лімон” можна “выкінуць” і расслабіць руку. Паўтараем практыкаванне і для левай рукі.

Пры выкананні практыкавання “Летаргічны сон” вучні павінны ўявіць, што іх змарыў моцны сон. Дзеці адсоўваюць крэслы далей ад парт, займаюць зручную для сябе позу і максімальна расслабляюць мышцы шыі, твару, рук, плячэй і ног. Застаюцца ў такім стане 15—20 секунд, потым “абуджаюцца”, зноў займаюць зручную для сябе позу седзячы і “засынаюць”. І так некалькі разоў.

Фізкультхвілінкі можна арганізоўваць па-рознаму. Так, пры выкананні практыкаванняў можна слухаць музыку ці разглядаць пэўныя малюнкі на мультымедыя, хорам прагаворваць нейкі верш ці ўвогуле маўчаць. Фізкультхвілінка — гэта якраз той самы момант урока, на якім вучні могуць адчуваць сябе максімальна свабодна. Гэта дапамагае пазбавіцца ўмоўнасцей і штампаў, адкрывае новую прастору для творчасці, робіць урок дынамічным, незвычайным і запамінальным.

Алена МУЛЯРЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Раснянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.