Фарміруем асновы здаровага ладу жыцця ў малодшых школьнікаў на занятках групы прадоўжанага дня

Здароўе — найважнейшы фактар працаздольнасці і гарманічнага развіцця дзіцячага арганізма. Фарміраванне і абагачэнне сістэмы ведаў пра здаровы лад жыцця ў малодшых школьнікаў адбываецца пад уплывам умоў жыцця, сацыяльных і бытавых (сямейных) уздзеянняў, знаёмства з прыродай, зносін з равеснікамі і дарослымі, асэнсавання вопыту ўласных паводзін і г.д. Але найбольшую ролю адыгрывае спецыяльная мэтанакіраваная работа выхавальніка групы прадоўжанага дня па арганізацыі пазнавальнай дзейнасці, якая фарміруе ў дзяцей уяўленні і паняцці пра здаровы лад жыцця, стымулюе ўзнікненне станоўчых эмацыянальных перажыванняў, выхоўвае адпаведныя погляды.

Акрамя фарміравання ў дзяцей у штодзённым жыцці навыкаў, спосабаў і прыёмаў захавання і ўмацавання здароўя, падчас знаходжання ў групе прадоўжанага дня праводжу спецыяльныя заняткі па абагачэнні ведаў школьнікаў пра свой арганізм, гігіену, ежу, вітаміны і іх ролю, прафілактыку захворванняў і інш. Гэтыя заняткі здароўя ўяўляюць сабой цэласны сістэмны курс. Іх змест і накіраванасць, абумоўленыя агульнымі задачамі па фарміраванні асобы дзіцяці, уключаюць пытанні па фізічным і духоўным здароўі, змяшчаюць маральныя патрабаванні па выкананні норм паводзін.

Тэматыка заняткаў аб’яднана ў некалькі раздзелаў: “Я пазнаю сябе” (веды з розных галін навукі пра чалавека: анатомія, фізіялогія, гігіена), “Прырода і здароўе” (уяўленні пра сутнасць экалагічных праблем і правільныя паводзіны ў прыродзе, прадухіленне няшчасных выпадкаў і захворванняў, выкліканых прыроднымі з’явамі), “Харчаванне і здароўе” (веды пра рацыянальнае харчаванне чалавека, карысную і шкодную ежу, культуру харчавання і сталовы этыкет), “Дапамажы сабе сам” (веды пра асновы здаровага ладу жыцця, правілы гігіены і догляду свайго цела, карысныя і шкодныя звычкі), “Асновы асабістай бяспекі” (веды пра найбольш небяспечныя фактары рызыкі для здароўя і жыцця, прычыны дзіцячага траўматызму і яго прафілактыку, правілы пажарнай бяспекі, дарожнага руху, правілы паводзін з незнаёмымі людзьмі, бяспечныя паводзіны ў побыце) і “Школа маральных навук” (выхаванне і самавыхаванне якасцей асобы, неабходных для фарміравання спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату ў дзіцячым калектыве, развіцця міжасобасных зносін, кантактнасці, добразычлівасці, умення слухаць і гаварыць).

Умовай паспяховай работы па фарміраванні асноў здаровага ладу жыцця малодшых школьнікаў з’яўляецца спалучэнне розных па змесце і форме відаў дзейнасці, метадаў і прыёмаў. Пры арганізацыі заняткаў планую работу такім чынам, каб дзейнасць дзяцей садзейнічала іх усебаковаму развіццю. Задачы і пытанні накіраваны на развіццё мыслення, маўлення, уяўлення, фантазіі, увагі і памяці дзяцей. Асноўная (інфармацыйная) частка матэрыялу заняткаў, якая закранае праблемы аховы прыроды і прафілактыкі шкодных звычак, маральнага і душэўнага здароўя, духоўнасці, дабрыні, міласэрнасці, гігіены, здаровых звычак, паводзін, рацыянальнага харчавання і прафілактыкі стомленасці, уключана ў такія актыўныя формы работы з дзецьмі, як гутаркі і аповеды выхавальніка, прадугледжаныя ў кожным тэматычным раздзеле.

Улічваючы ўзрост дзяцей, змест заняткаў напоўнены казачнымі персанажамі і гульнявымі сюжэтамі. Так, на занятках з’яўляюцца доктар Айбаліт, Нязнайка, Святлафор, Мыйдадзір, хлопчык Стабед, якія задаюць пытанні, даюць парады, прапаноўваюць заданні, дасылаюць пісьмы і ацэньваюць веды дзяцей.

Выкарыстанне мастацкіх тэкстаў, якія змяшчаюць апісанне сітуацый і дзеянняў галоўных герояў з высновамі пра здаровы лад жыцця, стварае пэўны псіхалагічны настрой і актывізуе мысленне школьнікаў. Даволі часта звяртаюся да метаду казкатэрапіі. Так, слухаючы казку, дзеці даведваюцца штосьці новае, параўноўваюць, разважаюць, вучацца разам з казачнымі персанажамі пераадольваць цяжкасці, быць добрымі і справядлівымі, замацоўваюць у свядомасці маральныя каштоўнасці і навучаюцца правілам паводзін, развіваюць здольнасць узважваць сітуацыю і самастойна прымаць рашэнні. Шляхам аналізу казак усталёўваецца сувязь аповеду з вопытам дзяцей, робяцца нескладаныя абагульненні.


Увядзенне гульні ў заняткі падпарадкавана спецыфіцы малодшага школьнага ўзросту. Гульні прымушаюць больш актыўна думаць, пашыраюць кругагляд, фарміруюць уяўленні пра навакольны свет, дазваляюць як мага даўжэй захоўваць прадуктыўную працаздольнасць дзіцяці на занятках. У гульнях вучні ўступаюць у розныя адносіны: супрацоўніцтва, супадпарадкаванне, узаемны кантроль і інш. Выкарыстоўваю ў рабоце дыдактычныя, сюжэтна-ролевыя і рухавыя гульні.

Прымяненне такой формы аздараўленчай работы, як фізкультхвілінка, дыктуецца практычнай неабходнасцю кароткачасовага адпачынку дзяцей падчас заняткаў, звязаных з вялікім разумовым напружаннем і аднастайным становішчам цела. Галоўнае ў правядзенні фізкультхвілінак — зацікаўленасць вучняў у захаванні свайго здароўя.

Адным з важных прыёмаў па фарміраванні ведаў пра здаровы лад жыцця з’яўляюцца практычныя заняткі. Так, заняткі па правілах дарожнага руху “Асцярожна, вуліца!” і “Чырвоны, жоўты, зялёны” арганізоўваю ў выглядзе экскурсій у горад, дзе вучні на практыцы адпрацоўваюць правілы пераходу вуліц на рэгулюемых і нерэгулюемых пешаходных пераходах. Падчас прагулкі “Аптэка пад нагамі” дзеці вучацца распазнаваць лекавыя расліны, знаёмяцца з іх прымяненнем у народнай медыцыне. Заняткі па веданні сталовага этыкету і правілах добрага тону праводзяцца ў сталовай: школьнікі вучацца сервіраваць стол, карыстацца сталовымі прыборамі і правільна паводзіць сябе за сталом. Пры вывучэнні раздзела “Дапамажы сабе сам” хлопчыкі і дзяўчынкі адпрацоўваюць навыкі і ўменні паводзін у экстрэмальных сітуацыях, вучацца аказваць першую даўрачэбную дапамогу сабе і сваім таварышам.

Даследчая дзейнасць уключае метад самаабследавання. Дзеці праводзяць доследы па вывучэнні будовы скуры, разглядаюць яе пад лупай, вывучаюць скурныя малюнкі на кончыках пальцаў, слухаюць работу сэрца з дапамогай фанендаскопа (работа ў парах), лічаць пульс. Такія заданні пабуджаюць дзяцей да самастойнай разумовай дзейнасці, актывізуюць мысленне, творчае ўяўленне і кемлівасць.

Выкарыстоўваю ў рабоце метад малявання — эфектыўны спосаб пераадолення камунікатыўных бар’ераў, які дапамагае дзецям расслабіцца і сканцэнтравацца на сваіх думках. Так, на занятках па вывучэнні арганізма чалавека школьнікі імкнуцца ў малюнках адлюстраваць часткі чалавечага цела. На занятках з раздзела “Харчаванне і здароўе” дзеці дзеляцца на дзве групы (“Карысная ежа” і “Шкодная ежа”) і малююць пэўныя катэгорыі карысных і шкодных прадуктаў. Пры вывучэнні правіл дарожнага руху — знакі. Маляванне “кветак здароўя” выкарыстоўваю для замацавання вывучанага. Дыдактычная гульня “Намалюй узор” пабуджае дзяцей да сумеснай дзейнасці (у парах) і аказання дапамогі таварышу. Конкурсы і выставы малюнкаў завяршаюць вывучэнне некаторых тэм.

Заняткі з раздзела “Асновы асабістай бяспекі” будую ў форме мадэлявання розных небяспечных сітуацый, выкліканых кантактаваннем з незнаёмымі людзьмі, і вырашэння сітуацыйных задач. Пасля абмеркавання дзеці прыходзяць да высновы, што трэба, а што нельга рабіць у крытычнай сітуацыі, замацоўваюць ролевыя стэрэатыпы, выпрацоўваюць уменне гаварыць “не!”. Лічу важным навучыць дзіця тлумачыць уласныя паводзіны, тады яно лепш зможа зразумець, што робіць не так.

Для больш якаснага засваення дзецьмі матэрыялу выкарыстоўваю тэхнічныя сродкі, у тым ліку камп’ютар. Для праверкі ведаў першакласнікаў прымяняю тэсты па здаровым ладзе жыцця. Абагульненне вывучанага матэрыялу прапаноўваю праводзіць у форме віктарын, конкурсаў і свят.

Каб заняткі здароўя падабаліся першакласнікам, трэба забяспечыць поспех першых заняткаў. Вельмі важным з’яўляецца эмацыянальны клімат заняткаў, які залежыць ад добразычлівага тону выхавальніка і гумарыстычнага складніка педагагічных зносін. Кожныя заняткі павінны прыносіць дзецям пачуццё задавальнення, лёгкасці і радасці, абуджаць жаданне прыйсці на заняткі зноў.

Вялікую ўвагу ўдзяляю ўзаемадзеянню з сям’ёй. Заўсёды знаходжу час для штодзённага абмену інфармацыяй пра здароўе і самаадчуванне дзіцяці ў сям’і і групе. На першым сходзе ў пачатку навучальнага года знаёмлю бацькоў з работай, якая вядзецца па фарміраванні асноў здаровага ладу жыцця першакласнікаў, зместам заняткаў і навыкамі, што павінны быць сфарміраваны.

Прыемна, што ўдалося зрабіць бацькоў сваімі памочнікамі і саюзнікамі ў агульнай справе. Мамы і таты дапамагаюць у афармленні прадметна-развіццёвага асяроддзя ў групе, падрыхтоўцы і правядзенні заняткаў, падборы атрыбутаў да сюжэтна-ролевых гульняў, стварэнні нагляднай інфармацыі для “Кутка здароўя”, папак-перасовак і інш.

Комплекснае выкарыстанне розных метадаў і прыёмаў пры правядзенні заняткаў здароўя ва ўмовах групы прадоўжанага дня забяспечвае больш паспяховае фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця ў малодшых школьнікаў. Атрыманыя веды і ўяўленні пра сябе, сваё здароўе, фізічную культуру і бяспеку жыццядзейнасці дазваляюць знайсці дзейсныя спосабы ўмацавання і захавання здароўя. Набытыя навыкі дапамогуць усвядомлена выбраць здаровы лад жыцця, а набыты вопыт дазволіць пазбегнуць няшчасных выпадкаў.

Школа можа і павінна быць месцам умацавання здароўя дзяцей. Галоўная мэта педагагічнай дзейнасці — актыўнае і свядомае далучэнне кожнага вучня да захавання і ўмацавання фізічнага, псіхічнага і духоўнага здароўя.

Ірына КАРПІК,
выхавальніца групы прадоўжанага дня гімназіі Ляхавіч.