Экалагічнае выхаванне — праз гульню

Адным з актуальных кірункаў дашкольнай педагогікі з’яўляецца экалагічнае выхаванне дзяцей, якое рэалізоўваецца праз гульнявую дзейнасць. Асаблівае месца ў ёй займаюць дыдактычныя гульні, паколькі валодаюць вялікім вучэбна-выхаваўчым патэнцыялам.

Дыдактычныя гульні экалагіч­нага зместу пашыра­юць уяўленні дзяцей пра ўзаема­дзеянне чалавека і прыроды, дзейнасць людзей у ёй і ўзаемасувязь з’яў у навакольным свеце, дапамагаюць выпрацоў­ваць у дашкольнікаў культуру паводзін у прыродным асяроддзі і выхоў­ваць эмацыянальна-каштоўнасныя адносіны да яго. Падчас работы з дзецьмі ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў заўважыла, што з-за ўзроставых асаблівасцей ім даволі цяжка запомніць чарговасць пор года і іх цыклічнасць. Акрамя таго, малышы не заўсёды ахвотна прымаюць ­удзел у традыцыйных гульнях экалагічнага зместу, бо хутка стамляюцца, страчваюць увагу і цікавасць, таму для лепшага засваення ведаў пра нязменнасць гадавой схемы “вясна — лета — восень — зіма” і характэрныя асаблівасці кожнага сезона, для павышэння матывацыі да экалагічных гульняў быў распрацаваны шматфункцыянальны гульнявы дапаможнік экалагічнага кірунку “Парасон: поры года”, які знаёміць дзяцей з рознымі экалагічнымі гульнямі. Так, кожная настольна-друкаваная экалагічная гульня мае назву, мэту, матэрыял, ход, варыянты і ўзроўні складанасці. Гульня “Поры годы”, разлічаная на дзяцей 3—4 гадоў, накіравана на вылучэнне і называнне характэрных прыкмет пор года. Гульня “Змены ў прыродзе”, разлічаная на дзяцей 4—5 гадоў, накіравана на фарміраванне ў іх умення зрокава суадносіць поры года са зменамі, якія адбываюцца з аб’ектамі прыроды (дрэвамі). Гульня “Калі гэта бывае?” дазваляе ўдакладніць і замацаваць веды дзяцей пра сезонныя змены ў прыродзе і жыццё жывёл і птушак, у працы, у адзенні людзей у розны час года.  

Адным з эфектыўных сродкаў азнаямлення дзяцей з прыродай з’яўляюцца гульні з прадметамі і прыродным матэрыялам. У такіх гульнях выкарыстоўваюцца лісце, фрукты, ягады, трава, шышкі і інш. Дзякуючы дыдактычным прадметным гульням, удакладняюцца, канкрэтызуюцца і ­абагульняюцца ўяўленні дзяцей пра ўласцівасці і якасці пэўных аб’ектаў прыроды ў розныя поры года. Так, гульня “Калі гэта бывае?” удакладняе ўяўленні дзяцей пра сезонныя з’явы, а гульня “Такі лісток — ляці да мяне!” практыкуе дзяцей у знаходжанні лісця па падабенстве. Нельга забываць, што пры рабоце з прадметамі развіваецца дробная маторыка, фарміруюцца сенсорныя эталоны, папаўняецца слоўнікавы запас, развіваецца маўленне.  

У аснове гульняў-драматызацый — пераказ пэўнага літаратурнага твора, складанне экалагічнай казкі на новы лад (“Хто схаваўся пад парасонам?”).

Рухавыя і імітацыйныя гульні звязаны з перайманнем птушыных і жывёльных паводзін, іх ладу жыцця. У некаторых гульнях адлюстроўваюцца з’явы нежывой прыроды. Падчас іх рэалізоўваецца патрэба дзяцей у руху: “Сонейка і дож­джык”, “Вераб’і зімой”, “Кудлаты сабака” і “У мядзведзя ў бары”.

Усе віды экалагічных гульняў улічваюць узроставыя асаблівасці дзяцей і з’яўляюцца асобасна арыентаванымі. Гіперактыўным хлопчыкам і дзяўчынкам, якія не могуць давесці пачатую справу да канца, дапамагаюць казачныя героі: лесавічок, казачная фея і інш. Дзякуючы такім хітрыкам, у дзяцей з’яўляюцца цікавасць і жаданне праца­ваць далей. Калі малышы добра і хутка выконваюць заданні, яны заахвочваюцца ў арыгінальнай форме: да іх прылятаюць чароўныя зорачкі-сняжынкі, праменьчыкі, кветачкі ці кропелькі (у залежнасці ад сезона). У рабоце з дзецьмі варта выкарыстоўваць як мага больш сюрпрызных момантаў.

Практыка паказала, што, дзякуючы шматфункцыянальнаму гульнявому экалагічнаму дапаможніку “Парасон: поры года”, у дашкольнікаў павысіліся цікавасць да экалагічных гульняў, узровень увагі і назіральнасці. Акрамя таго, дзеці авалодалі неабходнымі практычнымі ўменнямі і навыкамі, у лёгкай, нязмушанай і даступнай форме засвоілі веды пра поры года.   

Калі выхавальніца ўмее і любіць гуляць з дзецьмі, зацікаўлена і шчыра наладжвае зносіны з імі, поспех гарантаваны. Выкарыстоўваючы ў рабоце штосьці новае і непрывычнае, захапляешся сам, а калі бачыш, што гэта цікава яшчэ і дзецям, то хочацца ствараць новае і далей.

Алена КРЭЙДЗІЧ,
выхавальніца дзіцячага ясляў-сада № 1 Драгічына.