“Блізкія сэрцу куткі маёй Радзімы”

Выхаванне навучэнцаў праз спазнанне роднага краю, гісторыі і традыцый сваёй краіны было і застаецца адным з перспектыўных напрамкаў работы нашай навучальнай установы. Бо чым больш поўнымі, глыбокімі, яркімі і змястоўнымі будуць веды дзяцей аб родных мясцінах, людзях, мінулым і сучаснасці малой радзімы, тым больш эфектыўна будзе вырашацца адна з галоўных задач выхавання — фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі.

“Гарадская восень”. Аня Церахава, 11 гадоў.

У кожнага чалавека ёсць месца, дзе ён нарадзіўся, зрабіў свае першыя крокі. Для мяне такое месца — горад Магілёў. Гэта вельмі прыгожы і зялёны горад. Але асабліва цудоўны ён восенню, калі прырода буяе яркімі стракатымі фарбамі. У гэты час я вельмі люблю гуляць на дварэ, а падчас дажджу — пад вясёлкавым парасонам…

На падставе гэтага ў нас узнікла ідэя стварыць праект, які б дапамог навучэнцам, бацькам і педагогам у вырашэнні задач грамадзянска-патрыятычнага і маральнага выхавання. Праект “Блізкія сэрцу куткі маёй Радзімы” накіраваны на актуалізацыю задач фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. Ён рэалізоўваўся ў 2020 годзе і будзе працягвацца ў рабоце аб’яднанняў па інтарэсах нашага цэнтра.

Распрацоўваючы праект “Блізкія сэрцу куткі маёй Радзімы”, мы паспрабавалі ўлічыць як інтарэсы дзяцей, так і задачы педагога ў выхаванні падрастаючага пакалення, таму стварылі яго ў форме сумеснай з бацькамі пошукава-творчай дзейнасці.

Работа ў рамках праекта ажыццяўлялася праз рэалізацыю пяці блокаў: “Мая малая радзіма”, “Творчая майстэрня”, “Беларусь мая, сінявокая”, “Ад пакалення да пакалення”, “Разам мы — Беларусь”.

У блоку “Мая малая радзіма” для паглыблення і пашырэння ведаў навучэнцаў і баць­коў аб сваім краі, яго культуры, гісторыі, традыцыях былі арганізаваны экскурсіі па розных маршрутах Беларусі і Магілёўскай вобласці, наведванне музеяў, інфармацыйныя гадзіны, гульні-падарожжы. Усё гэта дазволіла дзецям не толькі паглыбіць веды аб сваёй радзіме, але і атрымаць станоўчы вопыт узаемадзеяння з бацькамі, зрабіць сямейныя адносіны больш блізкімі і даверлівымі.

Блок “Творчая майстэрня” ўключаў у сябе цыклы заняткаў, аб’яднаных адзінай тэмай і прысвечаных Году малой радзімы. Заняткі мелі розныя формы: інтэграваныя, комплексныя. Каб актывізаваць дзіцячую ініцыятыву, выкарыстоўваўся праблемна-пошукавы метад. Педагогам ставілася задача, а дзеці павінны былі самастойна знайсці шляхі яе вырашэння. Напрыклад, у цыкле заняткаў “Прырода Беларусі” навучэнцы спачатку вывучалі беларускіх птушак, іх звычкі, асяроддзе пражывання, а затым рыхтавалі міні-паведамленні на гэтую тэму, малявалі птушак і падчас круглага стала прадстаўлялі свае работы адно аднаму, дзелячыся цікавымі фактамі.

Важнай у рэалізацыі гэтага блока стала сумесная дзейнасць бацькоў і дзяцей. Для іх праводзіліся майстар-класы па выяўленчым мастацтве, яны ўдзельнічалі ў гульнявых праграмах і ладзілі выставу творчых работ.

Для стымулявання дзіцячай творчасці, падтрымання цікавасці і стварэння сітуацыі поспеху быў створаны блок “Беларусь мая, сінявокая”. Ён уключаў у сябе наступныя формы і метады: удзел у гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставах-конкурсах, арганізацыя ўласных выстаў работ для ўсіх наведвальнікаў цэнт­ра. Адметна, што бацькі нашых навучэнцаў аказвалі вялікую падтрымку ў падрыхтоўцы і правядзенні многіх мерапрыемстваў. Гэта спрыяла фарміраванню каманднага духу і падтрымлівала жывую цікавасць да праекта.

“Канікулы ў вёсцы”. Аліна Ліпеева, 11 гадоў.

Мае дзядуля і бабуля жывуць у вёсцы Кузьмінічы Чавускага раёна. Бабуля Марына працуе настаўніцай у школе, а дзядуля Іван — у лясгасе. У іх вялікі двухпавярховы дом, яблыневы сад і гаспадарка. Дом ахоўваюць сабакі Форд і Цой, а рыжы кот Тамаш жыве ў доме. Улетку я прыязджаю сюды на канікулы. У садзе ў мяне ёсць любімае месца — гамак паміж яблынямі. Там я люблю пачытаць кніжку і проста памарыць. Я люблю адпачываць у Кузьмінічах!

Адзін са значных напрамкаў праекта — блок “Ад пакалення да пакалення”. Ён уключаў у сябе сумесную даследчую дзейнасць навучэнцаў і бацькоў па вывучэнні гісторыі і сучаснасці сваёй малой радзімы. Уключэнне даследчай дзейнасці ў адукацыйны працэс не толькі дазволіла значна пашырыць веды навучэнцаў, сфарміраваць у іх уменне аналізаваць і супастаўляць, мадэляваць магчымыя шляхі вырашэння праблемы, але і паспрыяла павышэнню пазнавальнай цікавасці ў дзяцей. Разам з тым змяніліся і асобасныя характарыстыкі навучэнцаў: у іх сфарміраваліся адэкватная самаацэнка, уменне доказна адстойваць уласную пазіцыю.

Да пачатку даследавання малой радзімы быў арганізаваны сход дзіцяча-бацькоўскага калектыву “Мая малая радзіма” аб’яднання па інтарэсах “Чароўная палітра”. Падчас сходу сем’і вызначыліся з тэмамі сваіх даследаванняў, з дапамогай метадыста паставілі мэты, распрацавалі план работы. Далей яны працавалі самастойна. У сваіх работах сем’і навучэнцаў даследавалі гісторыю роднага населенага пункта, знаёміліся з літаратурнымі крыніцамі, архіўнымі дакументамі, апісвалі сучасную інфраструктуру, наведвалі школы, бібліятэкі, фатаграфавалі цікавыя месцы, крыніцы, маленькія цэркаўкі. У ходзе даследаванняў сем’і знаёміліся са старажыламі свайго населенага пункта, запісвалі цікавыя аповеды пра культуру, традыцыі, гісторыю. Многія сем’і ў рамках сваіх даследчых работ адкрывалі забытыя галінкі свайго радавога дрэва. Так, адна сям’я даведалася, што іх пра­дзед быў кавалерам Георгіеўскага ордэна, а другая знайшла згубленыя фатаграфіі сваіх продкаў.

На заключным этапе бацькі сумесна з навучэнцамі афармлялі свае даследчыя работы, рыхтавалі прэзентацыі. А пасля на круглым стале прэзентавалі вынікі сваіх даследаванняў.

Вельмі важным для праекта стаў блок “Разам мы — Беларусь”. Ён рэалізоўваўся на працягу года і ўключаў у сябе мерапрыемствы, прызначаныя для ўсяго цэнтра: канцэрты, выставы, творчыя прэзентацыі даследчых работ, рэфлексію, выданне календара “Блізкія сэрцу куткі маёй Радзімы”, практыкумы, народныя абрадавыя святы, брэйн-рынг.

Уся работа ў межах праекта будавалася на цесным узаемадзеянні педагогаў, навучэнцаў і бацькоў. У канцы праекта ва ўрачыстай і ў той жа час цёплай атмасферы на выніковым круглым стале дзеці разам з баць­камі прэзентавалі свае даследчыя работы, была аформлена выстава работ навучэнцаў з эсэ на тэму малой радзімы. Усім сем’ям, якія сталі ўдзельнікамі праекта, былі ўручаны календары на 2021 год з работамі дзяцей аб’яднання па інтарэсах “Чароўная палітра”.

Усе гэтыя метады і тэхналогіі спрыялі самаразвіццю, сумеснай творчасці, супрацоўніцтву. Дзеці і бацькі атрымалі эмацыянальнае задавальненне, пра што свед­чаць матэрыялы, сабраныя ў ходзе рэфлексіі. Варта адзначыць, што ўсе вышэйназваныя формы работы сумяшчаюць у сабе некалькі відаў дзейнасці і з’яўляюцца адзіным комплексам па выхаванні падрастаючага пакалення. Педагагічны калектыў нашага цэнтра лічыць, што змяніць асобу дзіцяці за адзін год нельга. А вось даць штуршок да роздуму аб маральных каштоўнасцях чалавека, аб патрыятызме, любові да сваёй Радзімы — можна!

Вераніка СЯЛІЦКАЯ,
загадчык аддзела Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Родничок”
Магілёва.