Без крытычнага мыслення не абысціся

“Медыядасведчанасць як сродак павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў” — пад такой назвай на базе Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі была арганізавана дыялогавая пляцоўка, на якую былі запрошаны настаўнікі­метадысты ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел рэктар МГІРА Таццяна Мароз, начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Наталля Кучынская.

Рэктар МГІРА Таццяна Мароз і настаўніца біялогіі гімназіі №14 Мінска Іна Яцына

Завяршылася мерапрыемства прэзентацыяй кнігі “Настаўнікі-метадысты сталіцы: тэорыя і практыка прафесійнага росту”. Кніга пад­рыхтавана і выдадзена Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі на сродкі, выдзеленыя камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама.

— Гэта ўнікальная кніга. У ёй сабраны матэрыял аб залатым фондзе сталічных педагогаў, якія маюць не толькі вялікі практычны вопыт, але і навукова-метадычны складнік сваёй дзейнасці. Дзякуючы настаўнікам-метадыстам, адукацыйная практыка мяняецца ў лепшы бок, бо многія тэмы, праблемы, якія ўзнімаюцца ў розных выступленнях, разглядаюцца на мерапрыемствах, развіваюцца дзякуючы менавіта творча працую­чым педагогам, якія ў сваёй дзейнасці праз апрабацыю сваіх вынікаў і методык даюць магчымасць развівацца сістэме адукацыі не толькі горада, але і краіны, — адзначыла рэктар МГІРА Таццяна Мароз.

Свет дыктуе новыя выклікі, якія сістэма адукацыі з гонарам прымае і спраўляецца з імі. Нават ва ўмовах пандэміі мы змаглі знайсці рэсурсы і арганіза­ваць навучанне з выкарыстаннем ІКТ. Безумоўна, гэта было няпроста і вельмі многа засталося яшчэ нявырашаных пытанняў. Тым не менш мы змаглі ўбачыць нашы магчымасці, тыя праблемы, якія існуюць, і выбудаваць сваю дзейнасць у адпаведнасці з імі, — адзначыла рэктар МГІРА Таццяна Мароз, адкрываючы мерапрыемства. — Усё гэта дае магчымасць бачыць, што прафесія педагога, у тым ліку і настаўнікаў-метадыстаў, дазваляе фарміра­ваць у вучняў прафесійныя навыкі ХХІ стагоддзя: крэатыўнасць, крытычнае мысленне, камунікацыю, кааперацыю, здольнасць вучыцца і выбі­раць уласныя стратэгіі адукацыі. У сённяшніх умовах вялікае значэнне набывае пытанне фарміравання медыядасведчанасці ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

У працяг размовы начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Наталля Кучынская падкрэсліла, што медыядасведчанасць — тая ключавая кампетэнцыя, якая вельмі неабходна кожнаму з нас для паспяховага функцыянавання і развіцця ў сучасным турбулентным свеце, часта фэйкавым, калі без крытычнага мыслення можна проста захлынуцца ў інфармацыйнай пене.

Для фарміравання медыядасведчанасці педагогаў, вучняў і бацькоў быў створаны Telegram-канал сістэмы адукацыі Ленінскага раёна, які напаўняецца рознай цікавай і карыснай інфармацыяй. Сталі запатрабаванымі пастаянныя рубрыкі: “Знаёмцеся — прафесіянал”, “Мы — маладыя” , “Парады бацькам”, паступова з’яўляюцца і новыя: “ІТ-школа Інгі Ціханавецкай”, дзе педагог дзеліцца вопытам выкарыстання ІКТ, “Школа інтэрнэт-бяспекі”, якая створана па ініцыятыве гімназіі № 17. На сёння на канал падпісана больш за 1100 чалавек. У анлайн-рэжыме ў раёне запушчана правядзенне баць­коўскіх сходаў. Апошняе мерапрыемства — канферэнцыя з бацькамі дашкольнікаў, дзе яны маглі задаць набалелыя пытанні спецыялістам, у тым ліку і начальніку ўпраўлення па адукацыі.

На думку дэкана факультэта павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў МГІРА Дзмітрыя Прохарава, гаворачы пра медыядасведчанасць, можна выявіць шэраг праблем: недахоп кваліфікаваных педагагічных работнікаў для выкарыстання медыятэхналогій у прафесійнай дзейнасці; дыс­камфорт ад таго, што многія навучэнцы больш кампетэнтныя ў галіне выкарыстання сацыяльных сетак; пэўныя цяжкасці пры аналізе праўдзівасці інфармацыі і інш.

“Неабходна раздзяляць медыя­­адукацыю як працэс і медыядасведчанасць як вынік. Медыяадукацыю можна вызначыць як працэс развіцця асобы з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі з мэтай фарміравання культуры зносін, крытычнага мыслення, умення паўнацэнна ўспрымаць, аналізаваць і ацэньваць медыятэксты, навучанне розным формам самавыяўлення з дапамогай медыятэхнік. У гэтым кантэксце галоўнай мэтай медыяадукацыі з’яўляецца развіццё здольнасці пошуку, успрымання, перапрацоўкі інфармацыі карыстальнікам, разуменне прыхаванага сэнсу, выяўленне фэйкаў, фарміраванне навыкаў крытычнага мыслення, выяўленне ўласнай аргументаванай пазіцыі, развіццё эфектыўных камунікатыўных здольнасцей з дапамогай медыя­сродкаў”, — лічыць Дзмітрый Ігаравіч.

Супрацоўнікі інстытута распрацавалі серыю лекцыйна-практычных заняткаў, накіраваных на фарміраванне кампетэнтнасці настаўніка па фарміраванні мэтанакіраванага і прадуманага ўключэння сучасных інфармацыйных сродкаў камунікацыі ў адукацыйны працэс.

З кожным годам роля ўплыву сродкаў масавай інфармацыі на дзіця расце. Сучаснае маладое пакаленне ўсё часцей называюць медыйным. Гэта ня­дзіўна, бо для большасці дзяцей і моладзі сучасныя медыя (і асабліва інтэрнэт) значна большыя, чым простыя сродкі пазнання навакольнага свету. Гэта іх свет, іх віртуальная рэальнасць, дзе ўсё самае лепшае і горшае можа быць як створана, так і знішчана. Падлічана, што сёння больш за 80% свабоднага часу навучэнцы право­дзяць менавіта ў сацыяльных сетках. Задача педагогаў — выкарыстоўваць іх любоў да медыяпрадукцыі і на яе аснове вучыць.

Настаўнікі-метадысты Святлана Барбушына (сярэдняя школа

№ 162 Мінска) і Іна Яцына (гімназія № 14 Мінска) падзяліліся сваімі практычнымі напрацоўкамі па фарміраванні медыядасведчанасці ­ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. На іх думку, пачынаць развіццё медыядасведчанасці неабходна менавіта ў малодшым школьным узросце. “Ад таго, як у сям’і будуць адносіцца да атрыманай інфармацыі, як гэтая інфармацыя ўспрымаецца, ацэньваецца і інтэрпрэтуецца бацькамі, у многім бу­дуць залежаць і адносіны да інфармацыйнага патоку падрастаючага пакалення”, — лічыць Іна Яцына. А задача настаўніка — дапамагчы бацькам аказаць дапамогу ў адборы, паўнацэнным успрыманні медыяінфармацыі.

Настаўніца пачатковых класаў Святлана Барбушына прадставіла прысутным метады фарміравання асноў медыйнай дасведчанасці навучэнцаў, якія дазваля­юць ду­маць, гаварыць і дзейнічаць. Іх выбар залежыць ад спецыфікі прадмета і пастаўленай задачы. Напрыклад, для адпрацоўкі навыкаў правапісу педагог часта выкарыстоўвае гульнявое практыкаванне “Тваё слова”: яно не патрабуе абсталявання, вялікіх часавых выдаткаў. Задача навучэнцаў кожнага рада — назваць, прагаворваючы напісанне слоўнікавых слоў, не паўтараючы іх і не прагаворваючы словы разам. Гэта значыць, малодшыя школьнікі ў адвольным парадку ўстаюць, прагаворваюць слова. Дзіцяці трэба не толькі слухаць словы, якія прагаворваюць гульцы каманды, але і дзейнічаць самому. Пры паўторы слова або паўзе ход перахо­дзіць да наступнай каманды. Альбо, выкарыстоўваючы гульнявую мадэль “Батл”, навучэнцам прапануецца памерацца ведамі, красамоўствам, уменнем працаваць у камандзе. Настаўніца вызначае тэму. Прызначаюцца два капітаны, якія па чарзе набіраюць сабе гульцоў (3—4 чалавекі). Задача вучняў — па чарзе гаварыць па вызначанай тэме, называючы за адзін ход адну прапанову. Напрыклад, тэма “Дзеяслоў”: 1-я каманда — “дзеяслоў — гэта самастойная часціна мовы”, 2-я каманда — “дзеяслоў абазначае дзеянне прадмета” і г.д.

Часам педагог рыхтуе прэзентацыю аб жыцці і творчасці пісьмен­ніка. Адзін або некалькі слайдаў (гэта залежыць ад класа і ад наяўных навыкаў) яна пакідае пустымі (або з фрагментамі). Пасля паказу прэзентацыі навучэнцам прапануецца тэкставая інфармацыя, выкарыстоўваючы якую трэба аднавіць змест пустога слайда.

Па меркаванні С.Барбушынай, важна навучыць школьнікаў распазнаваць спосабы і формы маніпуляцыйнага ўздзеяння медыя, арыентавацца ў інфармацыйным патоку сучаснага грамадства, вучыцца рабіць усвядомлены выбар, успрымаць і ацэньваць эстэтычны, маральны, культуралагічны, ідэйны, сацыяльны аспекты медыятэкстаў. Таму навучэнцам прапануюцца тэксты рознага стылю, розныя формы прадастаўлення інфармацыі. Чытаць свядома, з актыўнай пазіцыяй навучэнцам прапануе гульня “Складзі сказ”.

У кожнага навучэнца павінны быць карткі са словамі і названымі нумарамі. Настаўніца называе нумар. Устаюць усе дзеці, у якіх ёсць гэты нумар. Першым чытае сваё слова той вучань, у каго слова запісана з вялікай літары. Далей гульцы павінны своечасова назваць сваё слова, каб атрымаўся сказ, а для гэтага трэба думаць і ўважліва слухаць усім.

На думку Іны Яцыны, у працэсе развіцця медыядасведчанасці важнае значэнне маюць гульні-імправізацыі, тэатралізаваныя, ролевыя, сюжэтна-ролевыя, вобразна-ролевыя, імітацыйныя, рэжысёрскія гульні на медыяматэрыяле. Сярод найбольш папулярных — гульня “Агучка” (агуч­ванне ўбачанага відэафрагмента; агучванне ў пэўным жанры: камедыі, трагедыі, дэтэктыва), гульня “Стоп-кадр” — паказваецца відэафрагмент і пасля стоп-кадра неабходна расказаць, што бу­дзе далей. Прапаноўваць заканчэнне могуць некалькі вучняў. Астатнія гульцы падчас выканання задання выступаюць у ролі журы, адзнача­юць лепшыя варыянты адказаў.

Прычым прагляд відэафрагментаў суправаджаецца пытаннямі. Галоўная мэта пытанняў — актывізаваць увагу навучэнцаў да таго, што яны будуць глядзець.

Ролевая гульня-імправізацыя “Выпуск навін” спрыяе азнаямленню навучэнцаў з прафесіямі ў сферы медыя, а таксама развівае творчае ўяўленне і фантазію. На час гульні навучэнцы ператвараюцца ў рэпарцёраў, тэлевядучых, спецыяльных карэспандэнтаў, а іншыя — у аб’екты: гэта мо­гуць быць “малекулы”, “арганоіды”, “расліны”, “жывёлы”, у якіх бяруць інтэрв’ю.

З мэтай развіцця ўвагі і ўмення адрозніваць сапраўдную інфармацыю ад ілжывай праводзіцца гульня “Верыш мне ці не?”. Кожнаму ўдзельніку гульні даецца шэраг прапаноў, агучаных вядучым або напісаных на лісце паперы. Колькасць і складанасць прапаноў залежаць ад узросту і падрыхтаванасці гульцоў. Чытаючы або ўспрымаючы на слых прапановы, навучэнец павінен адгадаць, якія з выказванняў праўдзівыя, а якія — ілжывыя. На наступным этапе гульню можна ўскладніць, прапанаваўшы навучэнцам самім прыдумаць сапраўдныя і лжывыя выказванні для іншых ці зладзіць бліцтурнір. Выйграе той, хто дасць больш за ўсіх правільных адказаў.

Загадчык кафедры інфармацыйных тэхналогій у адукацыі МГІРА Таццяна Пучкоўская падвяла вынікі анкетавання настаўнікаў-метадыстаў і выступіла з прапановамі па фарміраванні медыядасведчанасці, выпрацаванымі ў межах работы дыскусійных пляцовак, арганізаваных упраўленнем каардынацыі метадычнай работы інстытута. Праведзенае анлайн-анкетаванне паказала, што амаль 80% апытаных педагогаў актыўна выкарыстоўваюць медыя­рэсурсы ў сваёй прафесійнай дзейнасці, амаль 70% лічаць, што неабходна ўнесці пэўныя змяненні ў адукацыйны працэс, каб выпускнікі сярэдняй школы выходзілі медыяадукаванымі. Большая частка апытаных лічыць, што выпраўляць сітуацыю неабходна выкарыстаннем эфектыўных адукацыйных тэхналогій, сярод якіх — ІКТ, тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, праектная, тэхналогія праблемнага навучання, кейс-тэхналогія і інш. Вельмі важная работа непасрэдна з медыя­тэкстамі і стварэнне ўласных медыяпрадуктаў. Педагогі ўнеслі і шэраг прапаноў: рацыянальнае выкарыстанне наяўных сродкаў, распрацоўка новых адукацыйных прадуктаў, гатовага інтэрнэт-кантэнту для стварэння пляцоўкі для віртуальных зносін і больш радыкальныя — стварэнне метадычнага комплексу для развіцця медыядасведчанасці, актыўнае выкарыстанне ІКТ на вучэбных занятках, работа з рознымі медыятэкстамі.

Падчас панельнай дыскусіі педагогі падзяліліся на 2 групы, кожная з якіх працавала над стварэннем свайго адукацыйнага прадукту — структурна-лагічнай схемы. Адна структурна-лагічная схема тычылася медыядасведчанасці ўвогуле, а другая — медыядасведчанасці як сродку павышэння прафесійнага майстэрства педагога. Настаўнікі адзначылі, што для фарміравання разумення ў выпускніка функцыянавання медыйных тэхналогій у грамадстве павінны быць створаны адпаведныя ўмовы: добрая тэхнічная база, доступ у сетку інтэрнэт, адзіная платформа для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, нарматыўная база па абароне правоў педагогаў, вучняў і бацькоў. Акрамя таго, неабходна перавесці адукацыю ў плоскасць актыўнай дзейнасці кожнага суб’екта адукацыйнага працэсу, фарміраваць у навучэнцаў здольнасці вызначаць ступень праўдзівасці медыяпрадукту сродкамі вучэбнага прадмета, узмацніць вучэбныя і дыдактычныя дапаможнікі заданнямі, накіраванымі на развіццё крытычнага мыслення. Сярод шляхоў укаранення медыяадукацыі — ВМК па прадметах павінны ўтрымліваць прадукты медыяадукацыі, урокі інфарматыкі павінны ісці ад тэорыі да практыкі, арганізацыя навучання цьютараў, педагагічных работнікаў медыядасведчанасці, а таксама інтэграцыя медыя ў адукацыйны працэс. Акрамя гэтага, прагучалі прапановы ўключыць медыяадукацыю ў курс АБЖ; увесці пытанні, звязаныя з медыяадукацыяй, у курс грамадазнаўства; увесці прадмет па медыяадукацыі.

Па выніках дыскусіі педагогі прапанавалі ажыццявіць распрацоўку дыдактычных матэрыялаў і вучэбных заняткаў па ўсіх вучэбных прадметах, максімальна выкарыстоўваць матэрыялы, што прапаноўваюцца СМІ ў адукацыйным працэсе, ініцыіраваць правядзенне ў кожным класе праектаў, на працягу рэалізацыі якіх навучэнцы працуюць з выкарыстаннем медыя­рэсурсаў. Для МГІРА — уключыць у курсы павышэння кваліфікацыі пытанні па медыяадукацыі, магчыма, увесці цэлы курс. У перыяд павышэння кваліфікацыі выкарыстоўваць эфектыўны вопыт педагогаў, у межах метадычных фарміраванняў право­дзіць майстар-класы, семінары па прапанаванай тэматыцы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.