Аздараўленчы лагер — тэрыторыя творчасці

Абласны дзіцячы аздараўленчы лагер “Юнацтва” на Гродзеншчыне запрасіў дзяцей на змену “Віражы здароўя”, у рамках якой адзін з атрадаў займаецца тэхнічнай творчасцю.

Профільны атрад “Тэхнасвет — тэрыторыя магчымасці” для дзяцей 11—13 гадоў арганізаваны сумесна з Гродзенскім абласным цэнтрам тэхнічнай творчасці.

На працягу змены дзеці навучацца рабіць цікавыя рэчы з паперы і нават азнаёмяцца з суднамадэляваннем, авіямадэляваннем і ракетамадэляваннем, робататэхнікай. Аздараўленчы лагер стаў для іх сапраўднай пляцоўкай для творчага развіцця. У планах арганізатараў таксама правядзенне батлаў і конкурсаў. А ў марах хлопчыкаў і дзяўчынак — не толькі авалодаць новымі для сябе тэхнікамі, але і вярнуцца з лагера з падарункамі для бацькоў і сяброў, зробленымі сваімі рукамі.

Напачатку для выхаванцаў профільнага атрада правялі своеасаблівы тэст, пра які яны нават не здагадаліся. Прапанаваўшы заняцца творчасцю, вопытныя педагогі паназіралі, што дзецям цікава. На аснове гэтага і склалі праграму заняткаў.

— Дзеці займаюцца рознымі напрамкамі тэхнічнай творчасці. Спачатку ў іх было тэхнічнае мадэляванне, каб яны навучыліся працаваць з паперай, атрымалі элементарныя веды. Затым заняткі сталі больш складанымі. Кожны педагог Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці падрыхтаваў свой цікавы ўрок. Так, педагог па робататэхніцы рыхтуе мерапрыемства з дронамі. Падчас заняткаў авіямадэляваннем выкладчык будзе запускаць свае самалёты. А ў канцы змены педагог Андрэй Курловіч разам з дзецьмі запусціць на Нёмане сапраўдныя мадэлі караблёў. У рамках змены такі карабель не зробіш, на гэта патрэбны не адзін месяц, але можна паказаць дзецям, што гэта магчыма, і запрасіць іх у аб’яднанні па інтарэсах у цэнтр творчасці. Мы бачым, што дзецям такія заняткі вельмі цікавыя, — расказала педагог-арганізатар Юлія Куніцкая.

Што гэта так, пацвердзілі і самі школьнікі. Максім Мазуркевіч з сярэдняй школы № 38 Гродна расказаў, што ў “Юнацтва” прыехаў другі раз, спадабалася, што трапіў у профільны атрад, заняткі тут вельмі цікавыя. І наогул адзначыў, што склаліся сяброўскія адносіны з аднагодкамі і што тут вельмі добрыя выхавальнікі.

Дырэктар аздараўленчага лагера “Юнацтва” Таццяна Кейзер упэўнена, што творчасць — магчымасць не толькі заняць дзяцей, але і адцягнуць іх ад тэлефонаў.

— У нашым лагеры ўжо шосты год ніхто не праводзіць час з тэлефонам у руках, яны знаходзяцца ў важатых і толькі на гадзіну ў дзень трапляюць да дзяцей, каб пазваніць бацькам, — расказала Таццяна Кейзер. — І нават у гэтую гадзіну некаторых цікавяць толькі гульні. Дзеці сталі залежнымі ад гаджэтаў, і мы імкнёмся хоць на час змены ў лагеры паказаць ім, што ёсць шмат цікавых спраў, заняткаў. У першыя гады не ўсе гэта разумелі, нават бацькі. Але з цягам часу школьнікі сказалі нам дзякуй. Дастаткова трох дзён на знаём­ства — і ў іх ужо з’яўляюцца агульныя інтарэсы, сяброўскія адносіны. Да таго ж многія дзеці прыязджаюць у наш лагер штогод і сябруюць па-за яго межамі. Запланаваны ў нас і заняткі з праграмі­стамі “Праграмаванне — другая пісьменнасць”, на якіх школьнікам пакажуць, як выкарыстоўваць тэлефон з карысцю для сябе.

Вялікая ўвага ў “Юнацтве” ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню. Традыцыйным стала правядзенне “Зарніцы”. У гэты дзень у лагер прыязджаюць разведчыкі з вайсковай часці і не толькі праводзяць конкурсы, паказваюць сваё майстэрства, але і размаўляюць са школьнікамі, расказваюць юнакам, як павінен сябе паводзіць сапраўдны мужчына. Такія сустрэчы застаюцца ў памяці. Шмат увагі ўдзяляецца пытанням бяспекі, праходзяць цікавыя сустрэчы з супрацоўнікамі МНС, Дзяржаўтаінспекцыі.

Змена ў лагеры праляціць хутка, калі ёсць чым заняцца, правесці час весела і з карысцю. А набытыя веды, сяброўскія адносіны застануцца назаўсёды.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара і прадастаўлена аздараўленчым лагерам “Юнацтва”.